Ярмошына: «Выбарчая кампанія была спакойная, талерантная»
На дзяржаўным тэлеканале АНТ старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што выбарчая кампанія-2018 была «ў цэлым спакойная», нават «талерантная», піша БЕЛТА.
«Можна казаць пра тое, што ў нас абраныя будуць — я зусім у гэтым упэўненая, хоць, вядома, зьвесткі будуць ноччу — дэпутаты ва ўсе ўзроўні мясцовых саветаў, — казала Ярмошына. — Пры чым гэта будзе ў правамоцным складзе. Больш за тое, я ўпэўненая, што ўсюды, дзе выбары праводзіліся, па тых выбарчых акругах, яны адбыліся і далі вынік».
Паводле Ярмошынай, выбары не праводзіліся толькі ў адной акрузе ў Гомельскай вобласьці, дзе адзіны кандыдат выбыў яшчэ да выбараў. Таксама старшыня ЦВК пахваліла праекты БРСМ у падтрымку выбараў.
Папярэднія вынікі выбараў, паабяцала яна, зьявяцца ўночы, тады ж будуць апублікаваныя вынікі па абласных саветах і Менскім гарадзкім савеце. Астатнія папярэднія вынікі маюць зьявіцца бліжэй да 12 гадзін дня ў панядзелак.
Канчатковых лічбаў па яўцы пакуль няма – вядома толькі, што на 18 гадзінаў яўка склала 70,54%.
Незалежныя назіральнікі неаднаразова адзначалі парушэньні ў час выбараў, у тым ліку фіксавалі «каруселі». Адзін з такіх выпадкаў — «сакрэтны код 000-179» — пракамэнтавала раней сама Ярмошына. Яна заявіла, што «каруселі на мясцовых выбарах гэта трызьненьне».
Назіральніка і апэратара «Белсату» зьбілі на выбарчым участку
Як сьцьвярджае тэлеканал «Белсат», на адным з выбарчых участкаў у Менску быў затрыманы нібыта за «напад на міліцыянтаў» і зьбіты міліцыянтамі Андрусь Козел — давераная асоба кандыдата Мікалая Казлова і апэратар «Белсату».
Козел піша, «разьбілі галавой маёй дзьверы выбарчага ўчастка». Сьцьвярджаецца, што пасьля яго білі чацьвёра міліцыянтаў ужо. У РАУС Цэнтральнага раёну тэлеканалу паведамілі, што чалавека з такім імем «не дастаўлялі».
Кандыдат сьцьвярджае, што яго давераную асобу «выкінуў з участку п’яны ахоўнік»
У Менску на адным з выбарчых участкаў затрыманы актывіст руху «Дзея» Пётар Маркелаў, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Мікіты Красналуцкага.
Паводле Красналуцкага, пасьля пачатку падліку галасоў «Маркелава выгнаў з участку п’яны ахоўнік», затым Маркелаў паехаў у Маскоўскі РАУС пісаць заяву на ахоўніка.
На момант публікацыі сам Маркелаў не адказвае на тэлефанаваньні.
Затрыманага і зьбітага міліцыяй Андруся Козела, давераную асобу кандыдата Мікалая Казлова, павезьлі ў ЦІП на вуліцы Акрэсьціна, паведамілі ягонай жонцы ў РУУС. Ёй адмовіліся паведамляць любыя іншыя зьвесткі.
Губарэвіч стане дэпутатам?
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч апублікаваў фота пратаколаў, зь якіх вынікае, што ён перамог на выбарчым участку №7 Акадэмічнай акругі ў Менску. Губарэвіч сьцьвярджае, што гэта «адзіны ўчастак, дзе не было накрутак датэрміновага галасаваньня».
Зьвестак зь іншых участкаў акругі пакуль не паступала. Папярэднія вынікі выбараў маюць зьявіцца ўночы або зранку ў панядзелак, 19 лютага.
ЦВК: Яўка склала 77,05%
Паводле зьвестак ЦВК, на мясцовых выбарах яўка склала 77,05% — прагаласавала 5 333 613 чалавекі. Найменшай яўка, калі верыць ЦВК, была ў Менску (84,49%), найбольшай — у Віцебскай вобласьці (77,29%). Агулам у сьпісах для галасаваньня ў 2018 годзе — 6 929 525 выбарцаў пры больш як 22 тысячы кандыдатаў на больш як 18 тысяч мандатаў.
Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак ЦВК, 77,27%. У 2010 годзе «афіцыйная» яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.
Незалежныя назіральнікі неаднаразова заяўлялі аб завышэньні яўкі, у тым ліку паводле «сакрэтнага коду 000-179» (старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала гэта «трызьненьнем»), а таксама аб розных перашкодах у назіраньні і аб нематываваным выдаленьні з участкаў.