Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па справе аб сьмерці салдата Коржыча дапыталі каля 400 чалавек


Вайсковая частка Печы пад Барысавам, архіўнае фота
Вайсковая частка Печы пад Барысавам, архіўнае фота

Расьсьледаваньне сьмерці Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы Печы будзе завершана да канца сакавіка. Пра гэта ў інтэрвію TUT.BY заявіў кіраўнік сьледчай групы. Прозьвішча сьледчага не называецца.

Па справе сьмерці Аляксандра Коржыча ўзбуджана 13 крымінальных спраў. Цяпер сьледчыя абвінавачваюць 9 чалавек (афіцэр, прапаршчык і малодшыя камандзіры). У справе фігуруюць 3 падазраваныя, іх пасады не называюцца.

У межах крымінальнай справы дапыталі каля 400 чалавек.

У Сьледчым камітэце мяркуюць завяршыць расьсьледаваньне да канца сакавіка. Цяпер сьледчыя адпрацоўваюць тры прычыны сьмерці Коржыча — забойства, давядзеньне да самагубства і самагубства.

«Спускаюць справу на тармазах». Сьвятлана Коржыч упершыню расказала пра расьсьледаваньне сьмерці сына

Паводле кіраўніка сьледчай групы, пасьля сьмерці Коржыча ніводзін салдат не зьвярнуўся да яго.

«З салдатамі даводзіцца знаходзіць псыхалягічны кантакт, тлумачыць, што гэта важна — не маўчаць. У сярэднім на кожнага ідзе ад 2 да 4 гадзін», — сказаў Міхаіл Уладзімеравіч.

Як разьвіваліся падзеі ў Печах

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота
Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвала, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG