Чым вызначылася сёлетняя кампанія мясцовых выбараў? Якія мэты перасьледавала апазыцыя, беручы ўдзел у кампаніі? Ці могуць нешта зьмяніць гэтыя выбары? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Уладзімер Глод і вядучая Ганна Соўсь.
Прапануем фрагмэнт дыскусіі.
Ганна Соўсь: Спадар Уладзімер, як карэспандэнт Свабоды вы сачылі напэўна за ўсімі выбарчымі кампаніямі ў часе прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. І прыблізна ўсе яны праходзілі паводле аднаго сцэнару і мелі адзін і той жа вынік, патрэбны ўладзе. Ці ўразіла вас што-небудзь у гэтай кампаніі ў дзеяньнях улады і ў дзеяньнях апазыцыі? У гэтай кампаніі былі як дасьведчаныя прадстаўнікі старой апазыцыі, так і новыя актывісты, у якіх меншы досьвед, і я бы сказала, меншы досьвед паразаў.
Уладзімер Глод: У дзеяньнях улады я нічога новага не ўбачыў. Галоўнае, што я выношу са свайго досьведу, гэта тое, у чым розьніца падыходаў улады і апазыцыі да выбараў. Для ўладаў мясцовыя выбары — гэта толькі частка выбарчага цыклю. Наперадзе парлямэнцкія выбары і прэзыдэнцкія выбары. Гэта адзін з трох этапаў. У апазыцыі стаўленьне іншае, яны разглядаюць мясцовую кампанію як самастойную кампанію. Чаму, як мне падаецца, ва ўлады стратэгія ёсьць, а ў апазыцыі стратэгіі няма?
У апазыцыі стаўленьне іншае, яны разглядаюць мясцовую кампанію як самастойную кампанію.
Улады маюць дзьве галоўныя мэты. Першая — пераканаць насельніцтва. Людзі думаюць, ісьці ці не ісьці на выбары, трэба гэта ці не. Многія думаюць пра тое, што ня ўсё ў краіне так добра, але калі абвесьцяць вынікі, што каля 80% выбарнікаў прагаласавалі і падаўляючая большасьць падтрымала ўладу, то чалавек пачынае думаць: «А, можа, я памыляюся? Можа, хачу нечага зашмат? Можа, улада і сапраўды ўсё так робіць добра?» І гэты псыхалягічны эфэкт — першая мэта. А другая мэта — падвесьці грамадзтва да прэзыдэнцкіх выбараў з думкай, што ў краіне ўсё добра, а калі ўсё добра, навошта мяняць кагосьці. Ёсьць Аляксандар Рыгоравіч, які з 1994 году кіруе Рэспублікай Беларусь, усе добра атрымліваецца, хай і далей кіруе. І калі кожны дзень дзяржаўнае тэлебачаньне пра гэта гаворыць, тады ўжо пачынаеш думаць і, сапраўды, будзеш галасаваць толькі за Лукашэнку. Бо калі ня ён, то хто іншы.
І людзі ня хочуць чуць у сваім двары нейкія разважаньні пра Лукашэнку.
Што тычыцца апазыцыі, я не зьбіраюся яе ганьбіць, тым больш, што сёлетняя кампанія для яе, на мой погляд, адметная. Калі раней праводзіліся мясцовыя выбары, я назіраў, як сябе паводзіла апазыцыя. Звычайна ўсе размовы пачыналіся з таго, што ва ўсім вінаваты Лукашэнка, а пасьля ўжо гаварылі пра нейкія мясцовыя праблемы. Народ, сапраўды, ведае Лукашэнку. Запытайся прозьвішчы прэм’ераў, міністраў, не кажучы пра кіраўніка нейкай раённай адміністрацыі, ніхто іх ня ведае... І людзі ня хочуць чуць у сваім двары нейкія разважаньні пра Лукашэнку. Яны хочуць пачуць, чаму каля падʼезду зламалася лаўка, дзе пэнсіянэры зьбіраліся, чаму ходнікі не пачышчаныя. І ў гэтым сэнсе апазыцыя зрабіла добрую рэч, што на гэтых мясцовых выбарах акцэнт быў пераведзены на мясцовыя праблемы.
Ганна Соўсь: Юры, год таму літаральна ў гэтыя дні пачалася кампанія масавых пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах. Тады людзі на плошчах пратэставалі па ўсёй краіне ад сталіцы да малых гарадоў. Ну а сёлета — якія ніякія, але выбары, магчымасьць публічна выказаць сваё незадавальненьне, заявіць пра свае інтарэсы. Чаму леташнія пратэсты не паўтарыліся, але ўжо ў легальнай, дазволенай форме?
Юры Дракахруст: У мяне былі размовы з кандыдатамі ў дэпутаты ад апазыцыйных арганізацый, і я ім задаваў пытаньне, а якая галоўная праблема для людзей, ці ёсьць нейкая праблема-фокус. Летась пратэсты як раз пачаліся 17 лютага з маніфэстацыі Статкевіча, калі прыйшло нечакана шмат людзей. Тады не было дыскусіі, а што людзей больш за ўсё хвалюе. Было зразумела — адмяніце дэкрэт. Тады ўсё сышлося на адной праблеме. Зараз усе кандыдаты, зь якімі я размаўляў, шчыра гаварылі, няма такой агульнай праблемы.
Зараз усе кандыдаты, зь якімі я размаўляў, шчыра гаварылі, няма такой агульнай праблемы.
Гэта пратэст, гэтае незадавальненьне расьцерушылася ці прынамсі не ўзмацнілася ў параўнаньні зь мінулым годам. Жыцьцё ўсё ж крыху палепшылася, узровень заробкаў крыху падняўся, і таму такога факусаваньня пратэсту не адбылося. А ў гэтай сытуацыі, зразумела, спрацавалі моцныя мэханізмы ўлады, якія пераламаць трэба толькі нейкай сілай, сілай народу. А паколькі народ гэтым разам ня стаў нейкую сілу дэманстраваць, як летась, так выбары будуць падобныя на тыя, што былі заўжды.
Ганна Соўсь: Па вашых зьвестках, ці атрымалася ў кандыдатаў падчас гэтых выбараў хоць недзе неяк актывізаваць грамадзкую рэакцыю на нейкія важныя мясцовыя праблемы?
Юры Дракахруст: Галасаваньне пакажа. Лічбы, якія будуць агучаныя, пакажуць, нават калі яны будуць традыцыйныя, я думаю, што сям-там гэта атрымалася. Напрыклад у Берасьці праблема нумар адзін — не даць будаваць акумулятарны завод, бо гэта шкодныя выкіды. Гэта наўпрост не зьвязана з Лукашэнкам, дэмакратыяй. Есьць мясцовая праблема — прыбярыце завод, таму што дзеці будуць хварэць, людзі будуць цярпець. Таксама распавядалі мне гісторыю ў Бабруйску. Абсалютна развалілася дзіцячая бальніца. Горад не маленькі, дзяцей складана лячыць. У народа праблема — адрамантуйце, знайдзіце грошы на рамонт. Як сказала тамтэйшая кандыдатка, ёсьць грошы будаваць пад Менскам гмахі для чыноўнікаў, а ў Бабруйску таксама людзі, таксама беларусы жывуць.
Напрыклад у Берасьці праблема нумар адзін — не даць будаваць акумулятарны завод.
Ня ведаю, ці змогуць перамагчы людзі, якія факусаваліся на такіх праблемах, але не выключаю, што ўсё ж мясцовы народ прынамсі запомніць, што гэтыя людзі казалі пра іх праблемы. І можа, не забудуць і праз год, і праз два. Вы прыгадалі леташнія пратэсты. Яны былі вельмі стыхійныя і спантанныя, але ўсё ж на чале пратэстаў, ці нават мэгафон хто прыносіў, былі ня проста людзі выпадковыя, а ўсё ж гэта былі палітыкі, чальцы мясцовых грамадзкіх арганізацый. І калі пайшоў рэальны народны пратэст, яго аформілі менавіта тыя людзі, якія маюць хоць нейкі давер мясцовых людзей.
Што паказвае «тэрмомэтар» выбараў?
Ганна Соўсь: На момант запісу перадачы мы яшчэ ня ведаем канчатковых лічбаў датэрміновага галасаваньня, але гэта, як звычайна, даволі істотная колькасьць. Чаму ўлады так напампоўваюць яўку, чаму ўгаворваюць, а тое і прымушаюць людзей ісьці галасаваць? Чаму? Юрыдычна барʼер яўкі для таго, каб мясцовыя выбары адбыліся, скасавалі. Нават калі і адзін выбарнік прыйдзе прагаласаваць, выбары прызнаюць сапраўднымі. Да таго ж хіба немагчыма дамаляваць яўку? Дык чаму ж тады яўка для ўладаў мае значэньне?
Уладзімер Глод: Справа ў тым, што ўладзе важна паказаць, што не адзін чалавек прыйшоў, а прыйшло 70, 75, 80 працэнтаў, падтрымліваючы ўладу. Узьнікае важная калізія. Для мяне гэтыя выбары былі б найлепшымі, калі б яны зрабілі пералом у людзей. Юра слушна заўважыў, што кандыдаты ў дэпутаты ўздымалі свае пытаньні пра завод, пра тое, чым людзі жывуць. Але за ўсе гэтыя гады людзей прывучылі, што дэпутат нічога не вырашае.
Але за ўсе гэтыя гады людзей прывучылі, што дэпутат нічога не вырашае.
Здавалася б, сталічны гарсавет, там, сапраўды, нейкае ёсьць змаганьне, чатыры чалавекі на адну акругу. А што маем? Апошнія выбары ў менскі гарсавет былі ў сакавіку 2014 году. Колькі абралі дэпутатаў? 57. Колькі на сёньняшні дзень, як кажуць, штыкоў? 50. Дзе дзелася 7? Адзін памёр, шасьцярых абралі дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў. А дэпутат ПП зараз вялікая фігура, гэта прафэсійная праца, паводле заканадаўства ён ня мае права быць дэпутатам любога іншага савету. Атрымліваецца, што сем акругаў у Менску ня маюць прадстаўнікоў у сваім гарсавеце. Я палічыў, што на адной акрузе — 23 тысячы чалавек. Гэта значыць, што 150 тысяч менчукоў ня маюць сваіх прадстаўнікоў у гарсавеце. І я нідзе ня бачыў, каб пра гэта крычалі і гаварылі.
Баюся, што пачынаючы з 1994 году, людзей прывучылі да таго, што ці ёсьць дэпутат, ці няма дэпутату, гэта ўсё роўна. І гэта самае галоўнае, што трэба ламаць у мысьленьні, у разуменьні людзей пра ўсю дэпутацкую справу.