Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кіна ня будзе». БТ паклала «Жоўты пясочак» на паліцу, рэжысэр зьмясьціў фільм на YouTube


Прэзэнтацыя фільму «Жоўты пясочак» у Гомлі, 2017 год
Прэзэнтацыя фільму «Жоўты пясочак» у Гомлі, 2017 год

Рэжысэр мастацкага фільму «Жоўты пясочак» Аляксей Туровіч сьцьвярджае, што дамова на паказ стужкі па каналах Беларускай тэлевізіі — звычайная фікцыя, каб адрапартаваць пра ўласную «незаангажаванасьць». А таму выклаў быкаўскую экранізацыю ў шырокі доступ на YouTube.

Туровіч: загналі ў кабальныя ўмовы

Як паведамляла Радыё Свабода, на пачатку лютага Аляксей Туровіч заключыў дамову з генэральным прадусарскім цэнтрам БТ на шматразовае выкарыстаньне твору на ўмовах «выключнай ліцэнзіі» на каналах «Беларусь 3» (на тэрыторыі Беларусі) або «Беларусь 24» (на тэрыторыі вяшчаньня спадарожнікавага каналу). Ад імя дзяржаўнай арганізацыі дакумэнт падпісаў генпрадусар Глеб Шульман.

Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 5 гадоў, пачынаючы ад 1 сакавіка. Грашовае ўзнагароджаньне аўтарскаму калектыву не прадугледжана. Аляксей Туровіч кажа, што вымушаны прыняць ад пачатку нявыгадныя ўмовы, бо інакш атрымаць доступ на тэлеэкраны немагчыма ў прынцыпе.

Кінафільм зьняты паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава і расказвае пра сталінскія рэпрэсіі 1930-х гадоў, у прыватнасьці пра расстрэлы «ворагаў народу» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Прэм’ера драмы адбылася летась у верасьні, фільм паказалі ў менскім кінатэатры «Масква», а таксама ў некалькіх установах Меншчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Аляксей Туровіч
Аляксей Туровіч

Але пасьля таго, як 6 лютага з пасады кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі быў звольнены Генадзь Давыдзька, лёс карціны аказаўся ў падвешаным стане.

«Дамову заключылі на 5 гадоў, але, калі канкрэтна пакажуць, ніхто ня кажа: можа, праз тры гады, а можа, і ніколі, — абураецца рэжысэр. — Кіраўнік „Беларусь 24“ Аляксандар Мартыненка, калі я ў яго запытаўся, адказаў: ня ў курсе, прынамсі сёлета фільм у чарзе і блізка не стаіць. На „Беларусь 3“ пачуў прыблізна тое ж самае. У прыёме да новага старшыні Івана Эйсманта мне адмовілі — маўляў, няма падставы нешта ўдакладняць дадаткова».

Давыдзька: акцыя пад маркай кіно

Ужо пасьля сваёй адстаўкі ў інтэрвію Свабодзе Генадзь Давыдзька заявіў, што яшчэ за тры месяцы да сыходу з пасады даў каманду, каб фільм паказалі. Чаму падначаленыя так і ня выканалі загад, не ўдакладніў.

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

«Ён вельмі марудны, хоць і з цудоўнай апэратарскай працай. Акторы стараліся нешта зрабіць. Але з гледзішча рэжысуры ён вельмі сумны, зацягнуты. Я сказаў: пакажыце гэта кіно, каб проста супакоіліся. Бо людзі глядзець яго ня будуць. Гэта не мастацкае кіно, а проста акцыя. Васіля Быкава вельмі цяжка экранізаваць. І гэты фільм не атрымаўся», — падсумаваў у гутарцы колішні тэлевізійны начальнік.

Паводле рэжысэра «Жоўтага пясочку», на ўсіх паверхах улады дарогу стужцы даводзілася прабіваць асабіста. Прычым рэакцыя чыноўнікаў практычна аднолькавая — напружаньне пры згадваньні прозьвішча Быкава і месца расстрэлаў у Курапатах.

«Тое, што Давыдзька хлусіць, нават не выклікае сумневу, — перакананы Аляксей Туровіч. — Каб загад сапраўды быў, быў бы і паказ. Усе баяцца. Калі пайшоў з прапановай у „Кінавідэапракат“, шарахаліся як ад пракажонага. Крок насустрач зрабіў дырэктар кінатэатру „Масква“, і тое даў залю толькі на прэм’еру, ня болей. Сам паехаў па краіне, угаворваў. Горадня і Віцебск месяц кармілі абяцанкамі і ў выніку ў пракаце адмовілі. У Гомлі далі пакойчык на 20 месцаў, без аніякай рэклямы. У Берасьці сытуацыя аналягічная — паказуха для галачкі. Крыху ўдалося сабраць людзей па Менскай вобласьці і ў Бабруйску».

Аўтазак на Курапаты, кадр зь фільму
Аўтазак на Курапаты, кадр зь фільму

Рыжанкоў: паглядзеў і ня ўразіўся

Аляксей Туровіч неаднаразова зьвяртаўся ў офіс на Макаёнка, 9, пачынаючы ад кастрычніка 2017 году. Кіраўніцтва БТ у сваіх адказах спасылалася на «мэдыяпаказьнікі і маркетынгавыя дасьледаваньні», якія нібыта сьведчаць, што такая тэматыка не выклікае цікавасьці ў аўдыторыі, а таму няма мэтазгоднасьці набываць правы на паказ.

«На тэлевізіі свая карупцыя, інакш гэта назваць немагчыма, — гаворыць суразмоўца. — Калі яны бясконца круцяць нізкапробныя расейскія сэрыялы, дык што тады замінае паказаць свой, беларускі прадукт, зроблены на падставе твору нашага клясыка? Тым больш што Ірына Міхайлаўна Быкава, удава пісьменьніка-франтавіка, дакумэнтальна пацьвердзіла мае правы на экранізацыю «Жоўтага пясочку», ні пра якую самадзейнасьць няма і гаворкі. А яны мне пішуць: «Ваш зварот разгледжаны на камісіі па набыцьці маёмасных правоў, прынята рашэньне прапанову адхіліць».

Кадар з фільму, падчас прэзэнтацыі ў Гомлі
Кадар з фільму, падчас прэзэнтацыі ў Гомлі

Не чакаючы сюрпрызаў ад дзяржаўнага БТ, Аляксей Туровіч выклаў «Жоўты пясочак» у шырокі доступ на YouTube. Фільм суправаджаецца подпісам: «Забаронены ў афіцыйным паказе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». За першы дзень колькасьць праглядаў наблізілася да 3 тысяч.

Аляксей Туровіч зьняў «Жоўты пясочак» за ўласныя грошы, узяў банкаўскі крэдыт. Зьвяртаўся па дапамогу ў Міністэрства культуры, прапаноўваў супрацу кінастудыі «Беларусьфільм», аднак паразуменьня не знайшоў.

Калі фільм быў гатовы, аўтар даслаў ліст у прэзыдэнцкую адміністрацыю — прасіў паспрыяць паказу стужкі на Беларускай тэлевізіі і тым самым ўшанаваць ахвяраў сталінскага тэрору. Атрымаў адказ, што кіно прагледзеў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў, аднак падставаў для пазытыўнага адказу не знайшоў і адмовіўся прыняць рэжысэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG