Кампанія «Права выбару» заяўляе, што ў Менску зафіксавана рэкорднае — амаль у 14 разоў — разыходжаньне яўкі выбарнікаў з дадзенымі назіральнікаў, паведамляе БелаПАН.
У першы дзень датэрміновага галасаваньня 13 лютага прадстаўнікі кампаніі знаходзіліся на 154 выбарчых участках. У назіраньні бралі ўдзел 308 чалавек. Яны падалі ва ўчастковыя камісіі 144 прапановы аб правядзеньні адкрытага і публічнага падліку галасоў.
Усяго за першы дзень датэрміновага галасавання назіральнікі падрыхтавалі і падалі 8 скаргаў.
Найбольш распаўсюджанае парушэньне — неналежная ахова скрыняў для галасаваньня падчас абедзенага перапынку. Памяшканьні, дзе захоўваліся скрыні, не апячатваліся.
На некаторых выбарчых участках, спасылаецца на назіральнікаў БелаПАН, чальцы ўчастковых выбарчых камісій адмовіліся даць інфармацыю пра колькасьць выбарнікаў.
Найбольшае разыходжаньне ў яўцы выбарнікаў зафіксавана ў Менску на ўчастку № 27 Карбышаўскай выбарчай акругі № 50. Там, паводле зьвестак назіральнікаў, прагаласавала ўсяго 9 чалавек, аднак у пратаколе — 123. На ўчастку № 28 гэтай жа акругі, паводле назіральнікаў, прагаласавала 17 чалавек, а па афіцыйнай інфармацыі — 58.
Падобная сытуацыя і ў рэгіёнах. Так, у Мастоўскай раённай выбарчай акрузе № 7, сьведчаць назіральнікі, у першы дзень прагаласавалі 23 чалавекі, а па афіцыйных зьвестках — 63.
«Парушэньні зьвязаныя ў асноўным зь недастатковай падрыхтоўкай чальцоў участковых выбарчых камісій, якія часта трактуюць закон па-свойму, — адзначыў каардынатар кампаніі „Права выбару“ Аляксандар Сілкоў. — Ужо ёсьць сігналы ня толькі парушэньняў, але і фальсыфікацый — гаворка пра завышаную яўку. Калі яе пачынаюць завышаць, яна разыходзіцца з дадзенымі назіральнікаў у некалькі разоў, і гэта ўжо першыя званочкі фальсыфікацый выбарчага працэсу».
Паводле інфармацыі Цэнтравыбаркаму, за першы дзень прагаласавала 4,44% выбарнікаў.
Праваабаронцы заклікаюць паведамляць пра факты прымусовага датэрміновага галасаваньня
У сваю чаргу кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заклікае паведамляць пра факты прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні на мясцовых выбарах. У кампанію назіраньня ўваходзяць праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт.
Праваабаронцы заклікаюць паведамляць пра факты, калі, напрыклад, адміністрацыі навучальных і іншых устаноў, прадпрыемстваў прымушаюць сваіх падначаленых галасаваць у дні датэрміновага галасаваньня.
«У сувязі з пачаткам датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў 28-га скліканьня праваабаронцы нагадваюць, што адміністрацыі навучальных устаноў, прадпрыемстваў не надзелены функцыямі арганізацыі выбарчага працэсу. Удзел у выбарах — выключнае права выбарніка. Ніхто ня мае права кантраляваць, дзе, калі і як ён будзе галасаваць», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце «Вясны».
Пра выпадкі парушэньняў назіральнікі заклікаюць паведамляць на адрас электроннай пошты elections2018@spring96.org.
Датэрміновае галасаваньне пачалося 13 лютага, асноўны дзень галасаваньня — 18 лютага.