Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 13 лютага правяла апошнюю перад мясцовымі выбарамі прэсавую канфэрэнцыю. Свабода выкладае самыя цікавыя цытаты з выступу і адказаў на пытаньні старшыні Цэнтарвыбаркаму.
Людзі скардзяцца
Паводле Лідзіі Ярмошынай, перад выбарамі ўмацоўваецца «сацыяльны шантаж». Людзі зьвяртаюцца ў выбарчыя камісіі са скаргамі на тое, што не прыбіраюць сьнег, ня чысьцяць пешаходныя тратуары, улады пагражаюць зносам прыватнага сэктару. Менавіта з гэтых сацыяльных прычын людзі і зьвяртаюцца ў выбарчыя камісіі рознага ўзроўню, у тым ліку 153 скаргі прыйшлі і ў Цэнтральную выбарчую камісію. Значная частка зь іх непасрэдна не зьвязаная з тэмай выбараў.
Мала інфармацыі ва ўлётках
Найбольшая колькасьць скаргаў, якія тычацца выбарчага працэсу, на тое, што ва ўлётках мала інфармацыі аб кандыдатах у дэпутаты. Асабліва, што не паўсюль ёсьць зьвесткі аб заробках кандыдатаў. Як патлумачыла Лідзія Ярмошына, камісіі самі вырашалі, даваць зьвесткі пра заробкі толькі ў газэту альбо яшчэ і ва ўлёткі. Розныя камісіі вырашалі гэта па-рознаму.
Пра судзімасьць абавязкова
Адказваючы на пытаньне Свабоды, Лідзія Ярмошына патлумачыла сытуацыю зь Сяргеем Скрабцом і Рыгорам Кастусёвым. У афіцыйнай улётцы няма ні слоўца пра тое, што Скрабец зьяўляўся намесьнікам старшыні камісіі ў Палаце прадстаўнікоў, але паведамлялася пра ягоную судзімасьць, зьнятую яшчэ 12 гадоў таму. Пра Кастусёва ва ўлётцы не напісана, што ён ачольвае Партыю БНФ. Лідзія Ярмошына ня бачыць тут парушэньня закону:
«Камісія ўключыла толькі тое, што ёсьць у анкетах кандыдатаў у дэпутаты. Там існуе графа аб судзімасьці, а таго, ці быў кандыдат раней дэпутатам, у анкеце няма. Наколькі я разумею, Кастусёў не атрымлівае заробку за тое, што ўзначальвае партыю. Таму ва ўлётку ягоную пасаду і не ўключылі».
Радыё не карыстаецца папулярнасьцю
Лідзія Ярмошына нагадала, што на сёлетніх выбарах зарэгістраваныя кандыдаты ад узроўню раённага савету і вышэй маюць права бясплатнага выступу на радыё. Аднак такім правам скарыстаўся толькі кожны пяты дэпутат. Нават у Менску з 253 кандыдатаў на радыё выступілі толькі 172.
Кандыдаты стварылі мала асабістых фондаў
Толькі 10,4% ад усіх кандыдатаў адкрылі свае індывідуальныя рахункі. Калі параўноўваць гэта з выбарамі 2014 году, то прагрэс ёсьць, бо тады было толькі 3,8%. Аднак і 10%, на думку Ярмошынай, гэта мала. Яна сказала, што ў вёсцы з 15 тысяч кандыдатаў адкрылі індывідуальныя рахункі толькі 39, а сярод кандыдатаў у дэпутаты пасялковых саветаў наогул ніхто. Сярод кандыдатаў у раённыя саветы рахункі маюць 1/3 прэтэндэнтаў, у абласныя — палова, у Менску з 253 рахункі адкрылі 169.
Найбольш назіральнікаў зь Літвы
Пры Цэнтарвыбаркаме акрэдытавалі 46 міжнародных назіральнікаў. Гэта прадстаўнікі амбасадаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Найбольшую колькасьць назіральнікаў заявіла Літва — 13. Сярод лідэраў Расейская Фэдэрацыя (10) і Злучаныя Штаты Амэрыкі (8).
БРСМ на першым месцы
Што тычыцца ўнутраных назіральнікаў, то іх ужо 28.624, а найбольшая колькасьць ад БРСМ — 6.795. Партыі традыцыйна заяўляюць вельмі мала назіральнікаў. Прынамсі ЛДП — 1, БНФ — 3.
Расейцы паўсюдна, акрамя Менску
Сярод патэнцыйных выбарнікаў, паводле Лідзіі Ярмошынай, нямала грамадзян Расеі — 100 952. Найбольшая колькасьць іх знаходзіцца ў Менску і Гомельскай вобласьці. Грамадзяне Расеі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў у саветах усіх роўняў, акрамя Менскага гарадзкога.