Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лідзкім раёне правядуць каля 300 дыктовак да Дня роднай мовы


Ілюстрацыйнае фота. Нацыянальная дыктоўка ў Горадні, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Нацыянальная дыктоўка ў Горадні, 2017 год

Міжнародны Дзень роднай мовы будзе адзначацца 21 лютага. У Лідзкім раёне з гэтай нагоды маюць правесьці каля трохсот дыктовак, паведаміў Свабодзе сябра Рады Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Станіслаў Суднік.

Цягам тыдня дыктоўкі адбудуцца ў бібліятэках, клюбах, музэях, аграсядзібах, кавярнях. Абяцалі паўдзельнічаць і сябры праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ. Нацыянальныя дыктоўкі ў Лідзкім раёне ня першы раз адбываюцца пры спрыяньні мясцовай улады.

Летась, згодна падлікам Лідзкай ТБМ, усяго было праведзена 270 дыктовак.

Сёлета актывісты таксама прапануюць беларусам пісаць дыктоўку ў сем’ях. Калі ёсьць тры чалавекі — адзін дыктуе, двое пішуць, а потым зьмяшчаюць вынікі ў сацыяльных сетках.

Паводле Станіслава Судніка, лідзкія актывісты таксама паспрыялі таму, каб у гэты дзень дыктоўку правялі ў Дзятлаве, Слоніме, Наваградку і некаторых іншых месцах. У Лідзе ў раённым Доме культуры на Дзень роднай мовы будзе канцэрт, а ў Бярозаўцы выступіць сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч.

Агульнанацыянальная дыктоўка да Дня роднай мовы сёлета будзе праводзіцца ў адзінаццаты раз. Дыктоўкі штогод праходзяць як у розных гарадах Беларусі, так і сярод беларускай дыяспары за мяжой. Так, у гэтым годзе амбасада Беларусі ў Літве арганізуе дыктоўку па беларускай мове ў Вільні.

На паседжаньні рады ТБМ было вырашана правесьці першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі 21 лютага, 2-і этап — 15 сакавіка, 3-і этап — 25 сакавіка. Паколькі гэты год праходзіць пад знакам 100-годзьдзя БНР, прапанавана ў якасьці аднаго з варыянтаў тэксту для дыктоўкі ўзяць Трэцюю ўстаўную грамату — якой абвяшчалася незалежнасьць БНР.

Ілюстрацыйнае фота. Беларуская дыктоўка ў Горадні, 2014 год
Ілюстрацыйнае фота. Беларуская дыктоўка ў Горадні, 2014 год

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG