Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія чыноўнікі і дзейны дэпутат праігнаравалі сустрэчу выбарнікаў з апазыцыйным кандыдатам


Cтаршыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч на сустрэчы з выбарнікамі. 12 лютага 2018 году
Cтаршыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч на сустрэчы з выбарнікамі. 12 лютага 2018 году

13 лютага а 14.30 кандыдат у дэпутаты Менскага гарадзкога савету па Акадэмічнай выбарчай акрузе № 48 Юрась Губарэвіч разам са сваімі выбарнікамі ладзіць пікет насупраць адміністрацыі Першамайскага раёну. Людзі хочуць выйсьці з плякатамі, каб давесьці чыноўнікам свае патрабаваньні супраць ушчыльненьня забудовы ў дварах кварталу праспэкт Незалежнасьці — бульвар Талбухіна — вуліца Калініна.

Чыноўнікі не прыйшлі, абвесткі сарвалі

Напярэдадні ў гімназіі № 18, што насупраць адміністрацыі Першамайскага раёну, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч арганізаваў сустрэчу са сваімі выбарнікамі і запрасіў на яе мэра сталіцы Андрэя Шорца, кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Ігара Кудрэвіча, прадстаўнікоў камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менгарвыканкаму.

Губарэвіч расказаў, што ягоная ініцыятыўная група расклеіла абвесткі пра сустрэчу з выбарнікамі амаль на ўсіх пад’ездах акругі, але за ноч усе яны зьніклі — ЖРЭУ даў загад дворнікам.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

«Вось бы з такой хуткасьцю дворнікі сьнег у дварах прыбіралі», — пажартаваў старшыня руху «За свабоду». На сустрэчу прыйшло крыху больш за 40 выбарнікаў і ніводнага чыноўніка.

Губарэвіч запрашаў і цяперашняга дэпутата і свайго саперніка Сяргея Казлова, які выбіраецца на другі тэрмін. Ён працуе дырэктарам спартова-аздараўленчага комплексу «Алімпійскі». Дэпутат Менгарсавету Казлоў на сустрэчу са сваімі выбарнікамі таксама не прыйшоў.

Усяго на адно дэпутацкае крэсла ў Менгарсавет у Акадэмічнай выбарчай акрузе на сёлетніх выбарах прэтэндуюць 8 чалавек.

Выбарнікі, якія прыйшлі на сустрэчу
Выбарнікі, якія прыйшлі на сустрэчу

Асноўная праблема цэнтру Менску — ушчыльненьне

У актавай залі гімназіі сабралася каля паўсотні чалавек. Але асноўная частка — ініцыятыўная група, якая ўжо паўгода змагаецца супраць будаўніцтва вялікага падземнага паркінгу і бізнэс-цэнтру ў дварах праспэкта Незалежнасьці, бульвара Талбухіна і вуліцы Калініна (акурат за былым гатэлем «Дружба»). Некалі там быў дзіцячы садок, потым у будынку месьціліся падразьдзяленьні КДБ — МУС. Але апошнія гадоў 5 будынак пуставаў. І летась за сымбалічны кошт на аўкцыёне сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Вецер» набыло пляцоўку плошчай 0,41 га пад будаўніцтва паркінгу амаль на 150 машына-месцаў.

Кампанія «Вецер», якая атрымала зямлю ў арэнду тэрмінам на 5 гадоў, шматпрофільная — займаецца, акрамя будаўніцтва, яшчэ і продажам абутку.

Жыхары суседніх дамоў рулеткай замералі меркаваную будаўнічую пляцоўку — паркінг разьмесьціцца за 13 мэтраў ад жылога дома. Арганізавалі грамадзкія слуханьні, пісалі калектыўныя звароты ў Менгарвыканкам, у адміністрацыю Першамайскага раёну, іншыя інстанцыі, патрабавалі паказаць плян дэталёвай забудовы раёну — і атрымлівалі адпіскі, расказала Галіна Сінілевіч. Калі яна зачытвала асобныя цытаты з адказаў чыноўнікаў, напісаных бюракратычным стылем, прысутныя рагаталі.

Галіна Сінілевіч
Галіна Сінілевіч

Апошняя надзея — на грамадзкі рэзананс

Інжынэр-будаўнік Мікалай Дрозд распавёў, як ён безвынікова спрабаваў знайсьці дзеючага дэпутата Сяргея Казлова. Спадар Дрозд таксама зачытаў асобныя цытаты з афіцыйных адказаў чыноўнікаў і паказаў відэазапіс з папярэдняга грамадзкага абмеркаваньня.

Мікалай Дрозд
Мікалай Дрозд

«Па-хамску, з ухмылкай чыноўнікі адказвалі: «Мяжу ўчастка ўбачыце, калі пачнём будаваць», — камэнтуе відэазапіс Мікалай Дрозд.

На сходзе было прынята рашэньне патрабаваць спыніць будоўлю да таго, пакуль жыхароў не азнаёмяць з ПДП — плянам дэталёвага плянаваньня раёну, які чыноўнікі ўпарта не паказваюць; правесьці экалягічную экспэртызу, ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе — як паўплывае паркінг з выцяжкай у вокны жыхароў. Бальшыня прысутных прагаласавала «за».

Падчас сустрэчы
Падчас сустрэчы

Апошняя надзея — на грамадзкі рэзананс, прыйшлі да высновы жыхары навакольных дамоў. «Трэба выходзіць на пікеты з плякатамі».

Наступны пікет — 13 лютага насупраць адміністрацыі Першамайскага раёну. Кандыдат у дэпутаты Юры Губарэвіч, які сам жыве непадалёк, на вуліцы Чарнышэўскага, і сутыкаецца з такім ж праблемамі, абяцае змагацца супраць ушчыльненьня, нават калі ня стане дэпутатам Менгарсавету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG