Дырэктар Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч апублікаваў у сваім Фэйсбуку нататку, якая выклікала палкую дыскусію ва ўкраінскім інтэрнэце.
Ён напісаў: «Ня ўсе шчупальцы „рускага міру“ такія агідныя і відавочныя як савок і маскоўская царква. Некаторыя больш сымпатычныя, вытанчаныя і рэспэктабэльныя, але ня менш небясьпечныя. „Ирониясудьбы“, „восьмоемарта“, булгакавы, пугачовы, і нават высоцкія і цоі ў руках Крамля — эфэктыўныя інструмэнты напаміну пра адзіную культурную прастору і інструмэнты яе ўмацаваньня».
Вядомая ўкраінская пісьменьніца Аксана Забужка выказала сваё меркаваньне ў гэтай спрэчцы наконт меркаваньня Вятровіча.
Мне сумна: сотні тысяч суайчыньнікаў працягваюць жыць за заслонай
Ох, які я, аказваецца, халівар прапусьціла падчас сваіх «рымскіх канікулаў» і польскімі жарсьцямі!
Але мне не «абыякава» — мне сумна: што сотні тысяч маіх суайчыньнікаў працягваюць жыць хай ужо і не за «жалезнай», але ўсё яшчэ за «шкляной» заслонай (інфармацыйнай). Пыжыкавая шапкі і «дываны ў растэрміноўку» каштоўнасьцямі ўжо ня лічаць — а вось іх нематэрыяльны эквівалент, позьднесавецкую «эрзац-культуру закрытай краіны» — да гэтага часу трымаюць абачліва загорнутай у адмысловы пакет «супраць молі» у галаве: гэта і ёсьць тое, пра што я кажу — «Украіна была пастаўлена на паўзу» (культурна — на адзнаку «1970-я»).
І, так, гэта вайна: гэта не «само так зрабілася» — гэта «зрабілі».
Так што ў мяне толькі адзін камэнт пакуль: зьдзівіла пытаньне — чаму ў 1970-80-я «украінскія апэратары ЭВМ набівалі на пэрфакартах „Майстра і Маргарыту“ Булгакава, а не, скажам, „Місто“ Підмагільнага?» Спадар Антон, пашкадуйце — ды таму, што «Майстра і Маргарыта» была дэфіцытам, а «Місто» — крыміналам! «Адчуйце розьніцу!». За Підмагільнага як і за ўсю ўкраінскую культуру «па-за праграмай» сьвяціў рэальны тэрмін (за «ўкраінскі буржуазны нацыяналізм»), і ня ў меру цікаўныя чытачы яго і атрымлівалі — а «ніхто не хацеў паміраць»! На маёй памяці дзесьці ў 1983 годзе з філязофскага факультэту Кіеўскага ўнівэрсытэту была выключаная студэнтка Тацьцяна М. за тое, што прачытала «Зорны Карсар» і напісала ліст Бердніку, — калі знойдзеце ў гісторыі СССР студэнта, выключанага за тое, што напісаў ліст Стругацкім, калі ласка, не забудзьцеся паведаміць!
«Пад гэбэшным дахам»
Ці яшчэ прасьцей, і час гэта добра ўсьвядоміць: з расейскай культуры ў брэжнеўскую эпоху «па-за закон» выносілася толькі тое, што наўпрост ставіла пад сумнеў легітымнасьць дзейнай улады (і таму Высоцкі — так, а Галіч — не, Булгакаў — так, а Дамброўскі — да гэтага часу не, і так далей: і наагул — мільганула ў некага добрая фармулёўка — «фронда позьнебрэжнеўскай фарцы пад гэбэшным дахам», якую бліскуча ўвасабляў «маскоўскі плэйбой» Высоцкі, гэта была «зьверху ўніз» спушчаная мода — «ад Андропава» у шырнармасы. Ва ўкраінскай жа падсавецкай культуры было зусім іншае «стратэгічнае прызначэньне» — яна павінная была перш за ўсё дэманстраваць культурную непаўнавартаснасьць украінцаў «бяз дабратворнага ўплыву вялікай расейскай культуры». І таму «па-за закон» (да сякеры па галаве, для асабліва ўпартых, уключна) у нас выносілася, даслоўна, усё, што магло спарадзіць у публікі глыбока «антысавецкае» (менавіта так!) меркаваньне аб украінскай культурнай самастойнасьці.
КГБ абсалютна меў рацыю
І, са свайго пункту гледжаньня, КГБ абсалютна меў рацыю: «расейскі рок» сапраўды імпэрыю ўмацоўваў, украінскі — сапраўды, руйнаваў. Менавіта таму нам было дазволена сьпяваць Макарэвіча і Грабеншчыкова — а Івасюка забілі, справа аб забойстве была перададзеная ў ваенную пракуратуру толькі ў 2015 годзе (!), і да гэтага часу яна ляжыць пад сукном (!!!). І тое, што ўсім пофіг, мяне ні разу не радуе: гэта азначае, што КГБ (ці, цяпер ужо — ФСБ) і да гэтага часу «мае рацыю». Іх праца як была, так і застаецца — перамолваць украінцаў на «новую гістарычную супольнасьць людзей — одиннарот» (хто зразумеў кантамінацыю, то малойца), іх задача — зрабіць так, каб кожная ўмоўная «пыжыкавая шапка», незалежна ад узросту носьбіта, грэла «агульную культурную прастору» да прыходу расейскіх войскаў, сама таго не разумеючы, — і пры гэтым шчыра лічыла сябе «прасунутай» і «свабоднай ад нацыяналістычных забабонаў». У гэтым сэнсе ў нэакаляніяльнай палітыцы Крамля ў параўнаньні з эпохай Андропава абсалютна нічога не зьмянілася.
Для гэтага на «абыякавасьць» — па-мойму, такі яшчэ рана: we can not yet afford that (мы пакуль ня можам сабе гэта дазволіць).