Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам бы выжыць, бо 9 гадоў — як сьмяротны прысуд»


Маці асуджаных па артыкуле 328 правялі пікет непадалёк ад «Валадаркі» Пікет «За судовую рэформу» правялі ў межах перадвыбарчай кампаніі актывісты ініцыятывы «Рух 328» і сябры незарэгістраванай партыі БХД.

Больш за 20 жанчын і мужчын сабраліся непадалёк ад Менскага СІЗА, у сквэры ля помніка Адаму Міцкевічу, каб заклікаць да зьменаў законаў, якія рэгулююць дзейнасьць судоў ды паправак у Крымінальны кодэкс. Пікетоўцы выказаліся за тое, каб закон больш улічваў асобу і ўзрост злачынцы, асуджанага за распаўсюд наркотыкаў.

Удзельніцы пікету падзяліліся з карэспандэнтам Свабоды сваімі гісторыямі і прэтэнзіямі да суду і закону.

Алена Яцкевіч
Алена Яцкевіч

Праблемы сына Алены Яцкевіч зьвязаныя зь ягонай хваробай, якую артыкул 328 ніяк не ўлічвае.

«Мой сын Дзіма — інвалід 2 групы. Яго асудзілі на 9 год за тое, што нібыта хацеў прадаць 0,3 грамы наркотыка. Насамрэч затрымалі ягоных сяброў і прымусілі даць на сына паказаньні. Атрымліваецца, сядзіць не за злачынства, а толькі за намер. Для нас такі тэрмін — як сьмяротнае пакараньне, бо галоўнае — выжыць. Працаваць у калёніі, на дрэваапрацоўцы, сын ня можа, добра, што трымаюць у мэдычнай частцы. Але чаму такога хворага чалавека не вярнуць дамоў пад нагляд міліцыі? Псыхічнахворыя лягчэй выходзяць. Чаму ў нас такі закон? Чаму ня ўлічваецца, што розныя могуць быць людзі? Прызначыць умоўнае пакараньне яму ня могуць, бо артыкул 328 ня ведае паслабленьняў», — кажа маці.

Тацяна Рудакова
Тацяна Рудакова

Тацяна Рудакова прыехала з Воршы. Жанчына абураецца вялікім тэрмінам, які атрымаў яе сын Дзьмітры, курсант мясцовай кадэцкай вучэльні — 9 гадоў зьняволеньня, таксама паводле 328 артыкулу — за распаўсюд наркотыкаў. Тацяна згодная, што за гэтае злачынства трэба строга караць, але просіць улічваць абставіны, узрост злачынцы і тое, ці зрабіў ён гэта ўпершыню. «Тут ва ўсіх дзеці, як кажуць, першаходкі. Яны памыліліся па глупству, самі гэта прызнаюць. Але навошта такія тэрміны, за якія іх проста пакалечаць фізычна ды маральна і ў грамадзтва вярнуцца ўжо згубленыя людзі?

Другая праблема, што база доказаў мусіць быць стопрацэнтовая, а цяпер што атрымліваецца: бяруць аднаго, пад пагрозай прымушаюць даць паказаньні на іншых і штампуюць аднолькавыя прысуды. Суды вышэйшай інстанцыі ранейшыя прысуды пацьвярджаюць, не ўнікаючы ў дэталі і абставіны спраў, апраўданьняў па 328 артыкулу не бывае, бо зь ім ніхто ня хоча зьвязвацца, ён у нас на асаблівым рахунку, кажуць, гэта загад з самага верху. 20 тысяч чалавек сядзіць толькі па 328 артыкуле — хіба гэта не сьведчаньне перакосу?», — мяркуе Тацяна Рудакова. Жанчына таксама наракае на школу і вучэльню, дзе навучаўся яе сын.

«Нічога не чула, каб там вялі прафіляктычныя размовы пра адказнасьць за наркотыкі». Пытаюся: «А самі, як маці, не тлумачылі?» Тацяна Рудакова разводзіць рукамі: «Не пасьпела, толькі ж выпархнуў з сям’і...»

Таксама жанчына распавяла, у якіх умовах падчас сьледзтва і суду знаходзіцца яе сын, якога шмат месяцаў трымаюць у СІЗА Віцебска. «У камэрах па 30 чалавек, сын кажа, што няма куды нагу паставіць. Да вязьняў па 328 артыкуле стаўленьне асабліва жорсткае, іх правы зусім ня ўлічваюць».

Джэсіка Цыдзьвінцава
Джэсіка Цыдзьвінцава

Джэсіка Цыдзьвінцава зь Берасьця клапоціцца пра брата Эрнэста, які атрымаў па 328 артыкуле 10 гадоў, і ужо 2,5 гады сядзіць ў калёніі пад Івацэвічамі. Тэрмін брату ўдалося зьменшыць праз абскарджваньне прысуду ў Вярхоўным судзе да 8,5 гадоў. Маладая жанчына заявіла на пікеце, што сваякам асуджаных па 328 артыкуле можна спадзявацца толькі на Вярхоўны суд, а раённыя і абласныя, паводле яе, не імкнуцца разьбірацца ў памылках сьледчых.

«За нашай сьпіной — менская турма „Валадарка“, якую мы ведаем па гучных і трагічных справах. Мы заклікаем палепшыць судовую і пэнітэнцыярную сыстэмы, каб у турмах меней сядзела невінаватых людзей, а тыя, хто вінанаты, мелі шанец вярнуцца нармальнымі людзьмі. Давайце нешта мяняць».

На пікеце, на якім паводле заяўкі агітавалі за кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавета Тацяну Ўсіновіч, людзі зьбіралі подпісы пад зваротам да розных дзяржаўных органаў аб мадэрнізацыі судовай сыстэмы Беларусі. Аўтары звароту патрабуюць выбарнасьці судзьдзяў; выбарнасьці Канстытуцыйнага суду парлямэнтам; перапарадкаваньня пракуратуры Сьледчага камітэту; рэформы пэнітэнцыярнай сыстэмы з улікам эўрапейскіх стандартаў.

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суду, у Беларусі зьніжаецца колькасьць асуджаных па 328 артыкуле. Летась за распаўсюд наркотыкаў было асуджана 2942 чалавекі,у 2016 — 3608, у 2015 — 3929 чалавек. Таксама зьнізілася колькасьць непаўнагадовых, асуджаных па 328 артыкуле. З 92 у 2016 да 40 у 2017 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG