Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра Насьцю Рыбку — бабруйскую «сэкс-паляўнічую», якая здала расейскага алігарха


Насьця Рыбка. Фота інстаграму
Насьця Рыбка. Фота інстаграму

Расейскі «Фонд барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага апублікаваў 8 лютага расьсьледаваньне пра тамтэйшых алігарха Алега Дзерыпаску і віцэ-прэм'ера Сяргея Прыходзьку, заснаванае на кнізе і Instagram-акаўнце дзяўчыны пад псэўданімам Насьця Рыбка.

Што пішуць у сацсетках пра расьсьледаваньне Навальнага

Пра Насьцю Рыбку дакладна вядома даволі мала — ніжэйпрыведзены тэкст заснаваны на словах самой дзяўчыны і зьвестках з расейскіх СМІ. Неканечне ўсё гэта праўда.

Займалася прастытуцыяй, адпачывала зь Дзерыпаскам

Насьця Рыбка — аўтарка кнігі «Дзёньнік спакушэньня мільярдэра». У Instagram выкладвала здымкі з расейскім (дарэчы, жанатым) багацеем Алегам Дзерыпаскам, блізкім да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

У аповедах і здымках Насьці каманда Навальнага выявіла, што на яхце з Алегам Дзерыпаскам і Насьцяй Рыбкай быў расейскі чыноўнік Сяргей Прыходзька, таксама цесна зьвязаны з Пуціным. Расьсьледаваньне каманды Навальнага тычыцца карупцыйных сувязяў алігарха і чыноўніка, а таксама дарагой маёмасьці чыноўніка і сувязі алігарха зь меркаваным умяшаньнем Крамля ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.

На расейскім ТВ Насьця прызнавала, што раней гандлявала інтымнымі паслугамі (але паслугі «ня толькі для ложку», але і для «сустрэч і тусовак»). Расейскаму сайту «Лайф» яна распавядала, што працавала ў гарэме маскоўскага «сэкс-трэнэра», вядомага пад псэўданімам «Алекс Лесьлі» (сапраўднае імя — Аляксандар Кірылаў). Як вынікае з акаўнту Лесьлі ў «УКантакце», ён таксама паходзіць зь Беларусі — зь Віцебску.

А «супрацоўнік» Лесьлі і Насьці пад псэўданімам «Андрэй Покер» ладзіў у «Арт-сядзібе» гульні «Мафія па-беларуску», сьцьвярджае Павал Белавус.

У сацсетках Насьця Рыбка публікавала нямала інтымных здымкаў, расказвала пра інтымнае жыцьцё.

Пагражала абвінаваціць Дзерыпаску ў групавым згвалтаваньні, але перадумала

Пасьля публікацыі расьсьледаваньня штабу Навальнага «Насьця Рыбка» заявіла, што на яхце алігарха яе нібыта згвалтавалі некалькі чалавек — цяпер, дзякуючы Навальнаму, яна нібыта «можа расказаць, як усё было», у тым ліку на расейскім ТВ у перадачы «Пусть говорят». Але яна таксама прапанавала Дзерыпаску ажаніцца зь ёй, каб «разабрацца з пытаньнем» — тады яна нібыта ня стане пісаць заяву пра згвалтаваньне.

Пасьля яна заявіла, што гэта быў «тролінг» і «тэст на інтэлект». Але Дзерыпаска ўсё роўна заявіў, што «будзе бараніць свой гонар у судзе», бо распаўсюджваюцца «хлусьлівыя абвінавачаньні».

Пагражала Навальнаму сэксам, падтрымала Гарві Вайнштайна

У верасьні 2017 году Насьця Рыбка была ў ліку дзяўчат, якія спрабавалі сарваць працу штабу Навальнага (тады ён зьбіраўся выстаўляцца кандыдатам у прэзыдэнты Расеі, яго не дапусьцілі), нібыта хацелі «спакусіць» каманду Навальнага, каб палітык спыніў барацьбу за ўладу.

Пасьля пагражала асабіста Навальнаму, што яго «знойдуць і зоймуцца зь ім каханьнем» і відэа выкладуць у сеціва, а прэзыдэнтам стане ейны «сэкс-трэнэр».

Таксама ў верасьні яна брала ўдзел у якасьці апэратара і дарадцы ў здымках відэа, на якім людзі займаюцца сэксам на вуліцы ў Маскве. Сьцьвярджалася, што за гэта іх асудзілі на 7 сутак зьняволеньня.

У лістападзе 2017 году яна была сярод аголеных дзяўчат, якія ладзілі акцыю пад амбасадай ЗША ў Маскве ў падтрымку прадусара Гарві Вайнштэйна.

Настасься Вашукевіч, 27 гадоў, родам з Бабруйску. Або не

У розных крыніцах дзяўчыну называюць па-рознаму. У свой Instagram яна выкладвала сэртыфікаты на імя Настасьсі Косьцінай. Але «Лайф» называў яе ў 2016 годзе «26-гадовай Настасьсяй Вашукевіч», так яе называюць найчасьцей у іншых крыніцах. Часопіс Maxim называў яе «Настасься Башухевіч 1997 году нараджэньня». На ейнай старонцы «ЎКантакце» пазначаная дата нараджэньня — 27 лютага 1997 году.

«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі

У чым большасьць крыніц пагаджаюцца, дык у тым, што дзяўчына родам зь беларускага Бабруйску. Тое яна сама сьцьвярджае ў сваёй кнізе. Сама Насьця публікавала фота ў тым ліку з Бабруйску (там у яе была «нашая студыя»), Дзяржынску, зь менскага Сухарава і раёну «Менск-Арэны».

Сьцьвярджала, што мае сына, якому ўжо 9 гадоў

Насьця расказвала «Лайфу», што зьехала зь Беларусі ў Маскву дзеля працы ў гарэме «сэкс-трэнэра». У Беларусі, сьцьвярджала Насьця, яна пакінула былому мужу сына Юрыя (у 2016 годзе яму было 8 гадоў), а калі прыехала забіраць яго, былы муж «не пусьціў на парог» і адмовіўся аддаваць дзіця. Яна заявіла, што ня мае намераў адмаўляцца ад працы, таму зьбіраецца змагацца за тое, каб забраць сына ў Маскву.

Муж Насьці Рыбкі: «Яна пакуль не зьбіраецца вяртацца ў Расею»

Калі ў Насьці сапраўды ёсьць 9-гадовы сын, то ёй хутчэй 27 год, а не 21 (наўрад ці яна нарадзіла дзіця ў 12 гадоў — такія раньнія роды здараюцца надзвычай рэдка).

У кнізе яна сьцьвярджала, што мае брата «Ціма», на год старэйшага за яе. У сацсетках не ўдалося знайсьці беларуса па імі Цімафей і адным зь магчымых прозьвішчаў Насьці, які падыходзіў бы да адной зь меркаваных датаў яе нараджэньня.

Расказвала шмат фантастычных гісторыяў: нібыта пісала алігархаў на дыктафон, нібыта працавала на «Хартыю»…

Шмат «сэнсацыйных» заяваў дзяўчыны складана праверыць. Напрыклад, яна заяўляла, што ў Беларусі ў работніц гарэму «сэкс-гуру» ўзьнікалі праблемы з праваахоўнікамі, іх «часта выклікалі на допыты», а яе «суткі трымалі ў камэры», таму яна і «ўцякла з краіны».

Інтым — па-за працоўным часам. Эскорт-паслугі ў Беларусі не забароненыя

У сваёй кнізе Насьця сьцьвярджае, што ейны «сэкс-трэнэр» нібыта «спакусіў памочніцу і каханку Аляксандра Лукашэнкі», але кінуў яе, а тая пакрыўдзілася і падала на «трэнэра» ў суд, наскардзілася на яго Лукашэнку, таму трэнэр «уцёк зь Беларусі». Улетку 2016-га пракрамлёўскі бульварны сайт Life.ru паведаміў, што былая супрацоўніца службы дзелавога пратаколу Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі 27-гадовая Васіліна Вялічка абвінаваціла сэкс-трэнера Алекса Лесьлі ў дамаганьнях і маральнай траўме пасьля праходжаньня трэнінгаў. Лесьлі сьцьвярджаў, што дзяўчына зьвярнулася ў паліцыю пасьля таго, як ён не адказаў ёй узаемнасьцю.

Таксама Насьця ў інтэрвію сьцьвярджала, што «была ў апазыцыі на Хартыі» — то бок нібыта працавала ў заблякаваным беларускімі ўладамі выданьні «Хартыя-97», яе нібыта забіралі на допыты ў КДБ і «праз суткі адпусьцілі». Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна заяўляла, што такую ня ведае.

На просьбу Свабоды ў КДБ Беларусі адмовіліся камэнтаваць словы Настасьсі Вашукевіч з Бабруйску пра тое, што яе нібыта затрымлівалі супрацоўнікі КДБ як актывістку «Хартыі-97» і ўтрымлівалі цягам дня падчас допытаў.

КДБ Беларусі пра Насьцю Рыбку, замяшаную ў палітычным сэкс-скандале: «Гэтая прыдумае што заўгодна»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG