Пра гэта заявіла высокапастаўленая чыноўніца міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША Джанэт Манфры.
Манфры сказала ў сераду, што Расеі ўдалося «пасьпяхова пракрасьціся» у сыстэмы рэгістрацыі выбаршчыкаў у невялікай колькасьці штатаў ў 2016 годзе.
Джанэт Манфры, якая адказвае за пытаньні кібэрнэтычнай бясьпекі ў міністэрстве ўнутранай бясьпекі ЗША, заявіла каналу NBC News, што мэтамі Расеі стаў 21 штат, і што «ў вельмі малой колькасьці зь іх» сапраўды адбылося пранікненьне.
Раней стала вядома, што хакеры праніклі ў сыстэмы рэгістрацыі выбаршчыкаў у Арызоне і Ілінойсе. Шэраг іншых штатаў, уключаючы Алабаму, Каліфорнію, Каларада, Вісконсін і Флорыду, пацьвердзілі, што яны падвяргаліся нападам.
Афіцыйныя асобы паведамілі NBC, што няма ніякіх сьведчаньняў, што ў сьпісы выбаршчыкаў ўносіліся якія-небудзь зьмены.
На думку амэрыканскай разьведвальнай супольнасьці, гэтыя крокі былі часткаю больш шырокіх намаганьняў Масквы для ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.