Кіраўнік Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША Майк Пампэа чакае ўмяшаньня Расеі ў будучыя прамежкавых выбары у Кангрэс. У лістападзе ў Злучаных Штатах будуць выбіраць чальцоў Палаты прадстаўнікоў і траціну Сэнату. Пампэа заявіў у інтэрвію Бі-бі-сі, што Расея, як і раней, спрабуе ўплываць на вынік выбараў у ЗША і Эўропе.
Дырэктар ЦРУ заявіў, што лічыць Расею варожа настроенай краінай, і адзначыў, што актыўнасьць расійскіх спэцслужбаў на захадзе не зьніжаецца. Пампэа спадзяецца, што дзякуючы дзеяньням разьведвальнай супольнасьці Злучаных Штатаў гэтыя намаганьні ня змогуць «сур’ёзна паўплываць на вынік галасаваньня». Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ў сфэру адказнасьці ЦРУ не ўваходзіць барацьба з дэзінфармацыяй. Пампэа таксама згадаў рост пагрозаў з боку Кітаю ў сфэры кібэр-нападаў і прамысловага шпіянажу.
Паводле інфармацыі амэрыканскіх спэцслужбаў, Расея спрабавала паўплываць на выбары прэзыдэнта ЗША два гады таму. Масква умяшаньне ва ўнутраную палітыку іншых краін неаднаразова адмаўляла.