Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікам спрашчаюць абыходжаньне з адходамі. Добра гэта ці дрэнна?


Cьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону «Трасьцянецкі»
Cьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону «Трасьцянецкі»

Міністэрства прыроды ініцыявала папраўкі ў закон «Аб абыходжаньні з адходамі», выкліканыя прыняцьцем прэзыдэнцкага дэкрэту № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Цяпер яны праходзяць узгадненьне ў дзяржаўных структурах.

Асноўныя зьмены накіраваныя на спрашчэньне абыходжаньня з адходамі для індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый. Юрыдычным асобам ня трэба будзе распрацоўваць нарматывы ўтварэньня адходаў вытворчасьці, зацьвярджаць інструкцыі, прызначаць адказных, весьці ўлік і праводзіць інвэнтарызацыю. Таксама перавозку адходаў вытворчасьці, за выключэньнем небясьпечных, можна рабіць без суправаджальных пашпартоў.

Ці не прывядзе гэта да зьяўленьня несанкцыянаваных месцаў хаваньня адходаў?

Кансультант упраўленьня рэгуляваньня абыходжаньня з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў Кацярына Рамасько сказала карэспандэнту Свабоды, што гэтага не адбудзецца, бо закон вызначае месцы, дзе можна захоўваць адходы.

«Добра, што працэдуры спрашчаюцца»

Выканаўчы дырэктар міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Экапартнэрства» Аліна Бушмовіч лічыць, што папраўкі ў закон спрашчаюць працэдуры абыходжаньня з адходамі для прадпрымальнікаў і мікраарганізацый.

Кантэйнэры на сьмецьце
Кантэйнэры на сьмецьце

«Гэта добра, бо малой арганізацыі ці індывідуальнаму прадпрымальніку складана самому выканаць увесь шэраг патрабаваньняў, якія сёньня ёсьць у законе. У прадпрымальніка, напрыклад, няма эколяга ў штаце. Таму добра, што працэдуры спрашчаюцца. Але раней мы выказваліся, што наш закон прадугледжвае вельмі шмат бюракратычных працэдур і папяровай працы», — лічыць Аліна Бушмовіч.

«Не хапае нарматыўнага акту пра абыходжаньне з камунальнымі адходамі»

Паводле прадстаўніцы «Цэнтру экалягічных рашэньняў» Натальлі Блышчык, папраўкі ў закон скарачаюць аб’ём папяровай працы. Там зьявіўся пункт, які прапісвае, якім чынам цяпер малыя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны захоўваць адходы і зь якой пэрыядычнасьцю вывозіць.

«Яны павінны ў межах зямельнага ўчастку ці тэрыторыі дзейнасьці арганізоўваць часовыя месцы захоўваньня адходаў. Але раней гэтыя месцы былі прапісаныя інструкцыяй, а цяпер мікраарганізацыі самі маюць права вырашаць, дзе ствараць гэтыя месцы. А патрабаваньні да гэтага часовага захоўваньня прапісаныя ў пастанове Міністэрства аховы здароўя»,— сказала Натальля Блышчык.

Таксама ў законе больш ня будзе паняцьця «другасная сыравіна», а застаюцца толькі «другасныя матэрыяльныя рэсурсы» (ДМР).

«Гэта тыя адходы, якія могуць быць выкарыстаныя ў Беларусі. Бо раней былі пытаньні, што такое „другасная сыравіна“, а што такое ДМР. Таксама крыху абагульнена паняцьце „падрыхтоўка адходаў“. Раней яно мела на ўвазе толькі падрыхтоўку да выкарыстаньня, а цяпер гэты тэрмін распаўсюджваецца на хаваньне і абясшкоджваньне. Цяпер арганізацыі, якія прэсавалі адходы, падпадаюць пад дзеяньне закону», — патлумачыла Натальля Блышчык.

Тэрмін для абмеркаваньня паправак у закон быў вельмі кароткі, і Натальля Блышчык не пасьпела перадаць свае заўвагі ў міністэрства. Чаго, на яе погляд, найперш не хапае ў законе «Аб абыходжаньні з адкідамі»?

Cьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону "Трасьцянецкі"
Cьмецьцеперапрацоўчы сартавальны завод каля сьмецьцевага палігону "Трасьцянецкі"

«Гэты закон наагул апісвае абыходжаньне з адходамі, якія ўтвараюцца ў працэсе эканамічнай дзейнасьці. Але ў Беларусі не хапае нарматыўнага акту, які апісваў бы абыходжаньне з камунальнымі адходамі, якія ўтвараюцца ад звычайнай жыцьцядзейнасьці насельніцтва. Тады камунальным арганізацыям будзе зразумела, як ім абыходзіцца з адходамі. Бо цяпер яны ў такім незразумелым стане. Для іх няма асобных патрабаваньняў».

Паводле экспэрткі, Міністэрства прыроды павінна таксама патлумачыць, што яно мае на ўвазе пад «мікраарганізацыяй».

«Мікраарганізацыя ўключае да 15 чалавек. Але можа быць арганізацыя, якая мае справу з даволі небясьпечнымі адходамі, але там працуе 10 чалавек. Гэта значыць, да іх патрабаваньні будуць не такія высокія?! Таму падзяляць трэба арганізацыі не паводле колькасьці работнікаў, а паводле сфэры дзейнасьці. Ну, а ўсё астатняе пакажа сябе на практыцы».

Папера, шкло, шыны — так. Вопратка — не. Як і якое сьмецьце перапрацоўваюць у Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG