Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белыя і чырвона-зялёныя колеры былі на ўшанаваньні Касьцюшкі ў Косаве. ФОТА


Апранутыя ў шляхоцкія строі госьці з Польшчы на ўшанаваньні Касьцюшкі ў Косаве
Апранутыя ў шляхоцкія строі госьці з Польшчы на ўшанаваньні Касьцюшкі ў Косаве

У Косаве ў Івацэвіцкім раёне адбыліся традыцыйныя мерапрыемствы ў гонар 272 угодкаў народзінаў Тадэвуша Касьцюшкі. На Берасьцейшчыне адбыўся аўтапрабег у гонар Касьцюшкі, у памяць аб ім маліліся ў Косаўскім касьцёле.

З імшы ў Троіцкім касьцёле Косава і распачаліся ўрачыстасьці ў гонар Касьцюшкі. У гэтым касьцёле маецца мэмарыяльная шыльда пра тое, што тут у 1746 годзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касьцюшка.

Шыльда ў Троіцкім касьцёле ў Косаве аб тым, што тут быў ахрышчаны Тадэвуш Касьцюшка
Шыльда ў Троіцкім касьцёле ў Косаве аб тым, што тут быў ахрышчаны Тадэвуш Касьцюшка

Пасьля набажэнства ў касьцёле адбылося ўскладаньне кветак да валуну з мэмарыяльнай шыльдай каля сядзібы Касьцюшкі ў Марачоўшчыне. Ва ўскладаньні кветак прынялі ўдзел мясцовыя ўлады, дыпляматы ЗША, Польшчы, Швайцарыі, Украіны, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў Беларусі і Польшчы.

Чыноўнікі Івацэвіцкага райвыканкаму традыцыйна прынесьлі да каменю вянок з чырвона-зялёнымі стужкамі, але прысутныя прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці бесперашкодна фатаграфаліся зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Чырвона-зялёны вянок ад івацэвіцкіх уладаў
Чырвона-зялёны вянок ад івацэвіцкіх уладаў

Агулам у мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за дзьве сотні чалавек. Пасьля ўскладаньня кветак адбыліся экскурсіі ў сядзібе-музэй Тадэвуша Касьцюшкі ды ў экспазыцыйных залях палацу Пуслоўскіх.

Апроч мерапрыемстваў ў Косаве актывісты зь Берасьцейшчыны на чале з Алесем Мехам з Кобрыні зладзілі аўтапрабег зь Сяхновічаў (Жабінкаўскі раён), дзе месьціцца яшчэ адзін музэй Тадэвуша Касьцюшкі да Косава. Заехалі ўдзельнікі аўтапрабегу і да месца бітвы ў Крупчыцах.

Прадстаўнікі амбасадаў ЗША і Ўкраіны на ўрачыстасьцях у Косаве
Прадстаўнікі амбасадаў ЗША і Ўкраіны на ўрачыстасьцях у Косаве

Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся 4 лютага 1746 году. Вядомы як змагар за свабоду ва ўсім сьвеце. Нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. У 1794 годзе кіраваў антырасейскім паўстаньнем за незалежнасьць Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у вайне за незалежнасьць ЗША.

Чакаецца, што ў Марачоўшчыне каля Косава будзе ўстаноўлены першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касцьюшку, на які зьбіралі сродкі ў інтэрнэце на заклік Глеба Лабадзенкі. Аднак, пакуль месца пад яго ўстаноўку не адведзенае.

Каля сядзібы фатаграфаваліся і зь бел-чырвона-белым сьцягам
Каля сядзібы фатаграфаваліся і зь бел-чырвона-белым сьцягам

Дзяцей на мерапрыемстве каталі на кані
Дзяцей на мерапрыемстве каталі на кані

Сядзіба-музэй Касьцюшкі ў Марачоўшчыне
Сядзіба-музэй Касьцюшкі ў Марачоўшчыне

Турысты наведалі і палац Пуслоўскіх
Турысты наведалі і палац Пуслоўскіх

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG