На 35-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка зь Вялейкі завялі крымінальную справу за выкарыстаньне рабскай працы ў прысядзібнай гаспадарцы, паведамляе сайт упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму.
Прадпрымальніка падазраюць у тым, што цягам двух гадоў пад пагрозай фізычнага гвалту ён прымушаў людзей рабіць на яго, даглядаць сьвіней і трусоў.
Пра гэта расказаў міліцыі адзін з работнікаў, якому ўдалося ўцячы. Каб пазбавіцца ад рабства, 30-гадовы жыхар адной зь вёсак Вілейскага раёну ўцёк ад прадпрымальніка і сышоў з дому. Пасьля гэтага сваякі зьвярнуліся ў міліцыю з заявай аб яго зьнікненьні.
Супрацоўнікі міліцыі знайшлі мужчыну на вакзале ў Віцебску. Ён ехаў «хоць куды, толькі б далей ад гэтага рабаўладальніка».
Паводле пацярпелага, гады два таму ён пачуў ад знаёмых, што прадпрымальнік з суседняй вёскі шукае работнікаў. Мужчына вырашыў паспрабаваць.
«Першыя паўгода ўсё ішло больш-менш нармальна: прадпрымальнік плаціў грошы і нават даваў сваім работнікам вопратку. Але зь цягам часу грошай ён плаціў усё менш, а прыкладна зь сярэдзіны 2016 году перастаў плаціць зусім. Натуральна, што гэта не спадабалася работнікам, і яны перасталі прыходзіць на працу. А вось гэта ўжо не спадабалася прадпрымальніку», — кажуць у міліцыі.
Прадпрымальнік ведаў, што адзін зь яго былых работнікаў жыве ў суседняй вёсцы, і праз пару дзён прыехаў да яго дадому, зьбіў яго, запіхаў у багажнік машыны і адвёз да сябе на ўчастак. «Там ён прымусіў мужчыну на сябе працаваць».
Працадаўца пагражаў фізычнай расправай
Паводле пацярпелага, працадаўца пастаянна пагражаў яму фізычнай расправай, не саромеўся пускаць у ход кулакі зь любой нагоды. За некалькі дзён ён настолькі запалохаў мужчыну і здушыў яго волю, што той проста баяўся яго не паслухацца, ня кажучы ўжо пра тое, каб ісьці ў міліцыю. Дапамогі чакаць не было адкуль, бо, акрамя старога бацькі, блізкіх сваякоў у яго не было, а аднавяскоўцы не хацелі лезьці ў чужыя справы», — сказалі ў міліцыі.
Часам мужчына спрабаваў выказваць нейкі пратэст, але ўсе яго спробы ня выйсьці на працу жорстка спыняліся прадпрымальнікам. Некалькі разоў той прыкоўваў яго ланцугом у хляве і пакідаў у такім становішчы на ўсю ноч. Урэшце мужчына ня вытрымаў і ўцёк.
Цяпер падазраваны ў ізалятары часовага ўтрыманьня. А супрацоўнікі праваахоўных органаў устанаўліваюць іншых пацярпелых, зь якімі прадпрымальнік «таксама абыходзіўся жорстка і не плаціў ніякіх грошай».
Пры ператрусе ў хаце прадпрымальніка знайшлі дзьве незарэгістраваныя паляўнічыя стрэльбы, а таксама мноства патронаў да гладкаствольнай і наразной зброі.