Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа аб забойстве, якую «дапамог раскрыць» Лукашэнка, накіраваная ў Вярхоўны суд


Справа аб забойстве ў 2009 годзе жыхаркі Магілёўскай вобласьці накіраваная ў Вярхоўны суд.

Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў Генэральнай пракуратуры. На падставе заключэньня генпракурора Вярхоўны суд адмяніў вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду па факце забойства.

31 студзеня пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня гэтая крымінальная справа была накіраваная Генпракуратурай «для разгляду па сутнасьці ў Вярхоўны суд».

Пра гэтую крымінальную справу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка паведаміў 1 лютага падчас сустрэчы са старшынём дзяржкамітэта судовых экспэртыз Андрэем Шведам.

«Цяпер мы з-пад зямлі дастанем тых, хто вёў сьледзтва, хто выносіў апраўдальны прысуд»

Лукашэнка расказаў, як «дзякуючы ягонаму ўдзелу» ўдалося раскрыць забойства мінулых гадоў.

«Гэта было ў Магілёўскай вобласьці. Да мяне зьвярнуліся простыя людзі — бацька забітай дачкі. Прыйшоў і кажа: Аляксандар Рыгоравіч, ну ня можа быць, каб было так, як суд прыняў рашэньне, і так, як сьледзтва правялі», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

«Я папрасіў яго даслаць усе матэрыялы, якія ў яго на руках. Ён мне даслаў. Я сеў і сам за суткі вывучыў яе. І даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расьсьледаваць гэтую крымінальную справу. Нягодніка знайшлі ў Расеі, прывезьлі ў Менск, распачалі зноў крымінальную справу, пачалі расьсьледаваць. Прычым я кантраляваў увесь гэты працэс. І аказалася, што ён — забойца. А яго фактычна апраўдалі», — заявіў кіраўнік краіны.

«Цяпер мы з-пад зямлі дастанем тых, хто вёў сьледзтва, хто выносіў апраўдальны прысуд. І бок абвінавачваньня знойдзем. І мы зь іх спытаем. Ён прызнаўся, паказаў, як і дзе забіваў», — сказаў Лукашэнка.

«Мой прысуд быў разгледжаны ва ўсіх інстанцыях, пакінуты ў сіле»

Судзьдзя, якая разглядала гэтую справу, на пэнсіі ўжо некалькі гадоў. Пра тое, што апраўданаму зноў прад’явілі абвінавачваньне, яна даведалася сёньня з інтэрнэту. У размове з журналістам TUT.BY жанчына сказала, што праваахоўныя органы разьбяруцца, хто вінаваты, а хто не.

«Мой прысуд быў разгледжаны ва ўсіх інстанцыях, пакінуты ў сіле, рэспубліканская пракуратура падтрымала, — кажа былая судзьдзя. — Я памятаю яго... Сапраўды, апраўдальныя прысуды выносяцца нячаста, для мяне гэта быў першы апраўдальны прысуд па гэтым артыкуле. Я працавала якасна, таму прысуды заставаліся ў сіле».

Таксама судзьдзя сказала, што «загадзя рабіць высновы, даваць камэнтары — гэта няправільна». І калі новыя акалічнасьці, якія адкрыліся, «дапамогуць знайсьці злачынцу і асудзіць — гэта будзе правільна».

Восем гадоў таму сваякі пацярпелай былі ня згодныя з апраўдальным прысудам і абскардзілі яго ў Вярхоўным судзе, які пакінуў прысуд у сіле. Пасьля таго як справай зацікавіўся Лукашэнка, у 2017 годзе ў сувязі з новаадкрытымі акалічнасьцямі была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.2 п. 6 арт.139 КК «Забойства з асаблівай жорсткасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG