1 лютага ад штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэту ў Менску праводзілі спартоўцаў і трэнэраў, якія возьмуць удзел у XXIII зімовай Алімпіядзе. Яшчэ адна група ад’ехала ў аэрапорт з Раўбічаў, дзе месьціцца Цэнтар падрыхтоўкі па зімовых дысцыплінах.
Першыя зь беларускіх удзельнікаў — біятляністы — адляцелі ў Паўднёвую Карэю напярэдадні, адразу са збораў у Аўстрыі (мужчыны) і Італіі (жанчыны). У іх ліку сямейная пара — беларуска Дар’я Домрачава і нарвэжац Уле-Эйнар Б’ёрндален. Легенда сусьветнага біятлёну аказаўся па-за бортам нарвэскай каманды, але атрымаў дазвол ад Міжнароднага алімпійскага камітэту заняць трэнэрскую ваканскію ў зборнай Беларусі.
Узьнёслы настрой быў азмрочаны навіной, якая прыйшла са швайцарскай Лязаны. Лыжнік Сяргей Далідовіч не атрымае бронзавы мэдаль Сочы-2014 у маратоне на 50 кілямэтраў. 1 лютага Спартыўны арбітражны суд задаволіў апэляцыі 28 расейскіх спартоўцаў, ануляваўшы рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту аб іх пажыцьцёвай дыскваліфікацыі.
Расейскія лыжнікі Максім Вылягжанін і Андрэй Лягкоў рашэньнем камісіі МАК пад кіраўніцтвам Дэніса Освальда былі прызнаныя вінаватымі ў парушэньні антыдопінгавых правілаў. Іх вынікі былі ануляваныя, золата аўтаматычна мусіла пенрайсьці да расейца Ільлі Чарнавусава, срэбра — да нарвежца Марціна Ёнсруда, бронза — да беларуса Сяргея Далідовіча.
Аднак суд апраўдаў Вылягжаніна і Лягкова, Далідовіч зноў адсунуўся на першапачатковую пятую пазыцыю.
Для Сяргея Далідовіча, для якога гэта будзе рэкордная — сёмая па ліку — Алімпіяда, сюрпрыз быў з шэрагу малапрыемных...
Хто прадставіць Беларусь на Алімпіядзе
Такім чынам, сёньня ў Пхёнчхан выправіліся прадстаўнікі камандаў па лыжных гонках, канькабежным спорце, шорт-трэку, гарналыжнікі, а таксама адміністрацыйная і мэдычная групы. Апошнімі ў Пхёнчхан адляцяць фрыстайлісты, іх выступы звычайна закрываюць алімпійскія спаборніцтвы.
Біятлён. Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, Дынара Алімбекава; Уладзімер Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі. Трэнэры: Юры Альберс, Фёдар Свабода, Альфрэд Эдэр.
Гарналыжны спорт. Юры Данілачкін, Марыя Шканава. Трэнэр: Ежы Малуш.
Канькабежны спорт. Марына Зуева, Тацяна Міхайлава, Ксенія Садоўская; Ігнат Галавацюк, Віталь Міхайлаў. Трэнэр: Сяргей Мінін.
Лыжныя гонкі. Сяргей Далідовіч, Юры Астапенка, Міхаіл Сямёнаў, Аляксандар Воранаў; Юлія Ціханава, Паліна Сераносава, Анастасія Кірылава, Валянціна Камінская. Трэнэры: Іван Лістапад, Віктар Камоцкі, Аляксандар Лазуткін.
Фрыстайл-лыжная акрабатыка. Антон Кушнір, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусьцік, Ала Цупер; Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская. Трэнэры: Мікалай Казека, Аляксандар Пенігін, Міхаіл Курловіч, Мікіта Пермякоў.
Шорт-трэк. Максім Сяргееў. Трэнер: Людміла Сяргеева.
Урачыстая цырымонія адкрыцьця Гульняў-2018 пройдзе 9 лютага, сёньня афіцыйна запрацавала Алімпійская вёска.
Агулам у заяўцы беларускай каманды 32 атлеты — па 16 мужчын і жанчын, якія выступяць у шасьці відах спорту. Першапачаткова агучвалася, што будзе 28 спартоўцаў, аднак у апошні момант дадатковыя ліцэнзіі атрымалі канькабежцы і лыжнікі.