Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу незалежнага прафсаюзу зноў працягнуць, — Фядыніч


Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

2 лютага заканчваецца тэрмін, да якога Сьледчы камітэт Беларусі працягнуў крымінальную справу прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Але, як лічыць лідэр РЭП Генадзь Фядыніч, сьледчыя працягнулі справу, сказаў ён «Свабодзе».

«Афіцыйнага ліста зь Сьледчага камітэту мы не атрымалі. Але ў РЭП тэлефанавалі некаторыя нашы шараговыя чальцы і казалі, што яны атрымалі позвы на размову са сьледчымі ў якасьці сьведак на 6 і 8 лютага. З гэтага мы робім выснову, што справа ўжо працягнутая альбо будзе працягнутая літаральна сёньня-заўтра», — кажа Фядыніч.

У РЭПе кажуць, што па «справе прафсаюзаў» ужо дапыталі больш за 150 чалавек. На допыты выклікаюць масава і бяз бачных падстаў.

«У нас узьнікла пытаньне, ці не парушаюць супрацоўнікі рэгіянальных аддзяленьняў Сьледчага камітэту закон аб сьведках. Ёсьць крымінальная справа пра нібыта нясплачаныя падаткі. Але пры чым тут да гэтага звычайныя чальцы прафсаюзу?! Гэта ж стрэс для людзей. Тэлефануюць хворым, якія маюць групу інваліднасьці, якія знаходзяцца цяпер за мяжой, жанчынам, якія павыходзілі замуж і зьмянілі прозьвішчы. З гэтай нагоды мы вымушаныя былі зьвярнуцца ў пракуратуру», — кажа Генадзь Фядыніч.

Дагэтуль прафсаюзам не вярнулі ні кампутары, ні мабільныя тэлефоны, ні дакумэнты, забраныя падчас ператрусу.

«І гэта, безумоўна, перашкаджае нам працаваць», — кажа лідэр прафсаюзу РЭП.

Як пачыналася «справа РЭП»

2 жніўня 2017 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю правёў ператрусы ў офісе РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка. Затым было абвешчана, што ў дачыненьні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч цяпер пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не зьбіраюцца. Сьледчы камітэт працягнуў справу прафсаюзных лідэраў да 2 лютага 2018 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG