Калі ўлады хочуць натхніць яшчэ большую колькасьць маладых людзей эміграваць, дык чарговыя заклікі да стопрацэнтнага разьмеркаваньня і забарона выдаваць свабодны дыплём — гэта выдатны спосаб. Але ж чыноўнікі, здаецца, вераць, што разьмеркаваньне дапамагае добрым спэцыялісткам і спэцыялістам застацца ў краіне.
Намесьнік прэм’ер-міністра Васіль Жарко днямі заявіў, што «сёлета разьмеркаваньне мусіць быць стопрацэнтным». Ня тое, каб я мела вялікія ілюзіі адносна інтэграцыі беларускай сыстэмы адукацыі ў Балёнскі працэс, але спадзявалася, што чынавенства хоць бы зьменіць рыторыку на больш мяккую. Але высокапастаўленыя асобы не саромеюцца казаць пра неабходнасьць разьмяркоўваць маладых спэцыялістаў і спэцыялістак і, мяркуючы па ўсім, нават вераць, што разьмеркаваньне — гэта эфэктыўны спосаб забясьпечыць краіну неабходнымі кадрамі.
Прымусовая праца не дапаможа палюбіць родную краіну.
Яны чамусьці не разумеюць, што, абіраючы адукацыю, чалавек думае перш за ўсё пра ўласныя пэрспэктывы, а не пра тое, ці забясьпечаныя кадрамі школы і амаль збанкрутаваныя заводы ў раённых гарадах. Дзяржава чакае ад нас самаадданасьці і нават спрабуе да яе прымусіць, але прымусовая праца на прадпрыемстве, куды па ўласным жаданьні ніхто не хоча ісьці працаваць, дакладна не дапаможа палюбіць родную краіну.
Я асабіста ня ведаю ніводнага чалавека, задаволенага тым, што яму ці ёй давялося працаваць па разьмеркаваньні. Нават калі праца сама па сабе іх задавальняла. Затое ведаю шмат тых, хто лічыць, што разьмеркаваньне запаволіла іх прафэсійнае і асабістае разьвіцьцё. Зрэшты, я і пра сваю «адпрацоўку» лічу тое самае: скончыўшы беларускую магістратуру, я не магла свабодна паступіць у магістратуру ў іншай краіне альбо паехаць кудысьці на доўгую стажыроўку.
Дзяржава даволі сур’ёзна «падрэзала мне крылы».
Дзяржава даволі сур’ёзна «падрэзала мне крылы», і аматары ды аматаркі ідэі разьмеркаваньня могуць нават сказаць, што яна мела на гэта поўнае права, бо адукацыю я атрымала за кошт бюджэту. Але праблема нават не ў вызначэньні, хто і на што мае правы. Дзіўна выглядае чынавенская ўпэўненасьць у тым, што, пакідаючы маладых спэцыялістак і спэцыялістаў фактычна без выбару, яны могуць разьлічваць на ляяльнасьць з нашага боку.
Для таго, каб мы заставаліся ў краіне і «працавалі на яе карысьць», у нас павінна быць магчымасьць абіраць. Калі ж ёсьць прымус, дык у адказ на яго цалкам лягічна зьяўляецца супраціў.
Сумленна працаваць будуць адзінкі, калі пашанцуе.
Чыноўнікі ня думаюць стратэгічна, а спрабуюць выпрацаваць такую сыстэму, пры якой статыстыка будзе выглядаць прывабна. Ну, запоўняць стратныя прадпрыемствы людзі, якія будуць ненавідзець сваю працу і якія, дарэчы, будуць чакаць, каб месца працы ўсё ж збанкрутавала, у надзеі на тое, што на іншае такое ж прадпрыемства іх ужо не адправяць. Гэта зьменіць статыстыку па забесьпячэньні прадпрыемства кадрамі і дазволіць кіраўніцтву даць «наверх» добрыя справаздачы. Але якая карысьць ад гэтага ўласна прадпрыемству? А маладым спэцыялісткам і спэцыялістам? Сумленна працаваць будуць адзінкі, калі пашанцуе.
Прымусовае разьмеркаваньне ніяк не спрыяе таму, каб маладыя, актыўныя і амбітныя заставаліся ў краіне. Яно выклікае крыўду, злосьць і жаданьне ніколі больш ня мець нічога агульнага з гэтай дзяржавай.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.