Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі хімік-уцякач: Пуцін ведаў пра маніпуляцыі з допінгам на Алімпіядзе ў Сочы


У Нямеччыне выйшаў новы, ужо пяты па ліку дакумэнтальны фільм-расьсьледаваньне пра допінг у спорце — у прыватнасьці, ў расейскім. Яго аўтары — група нямецкіх журналістаў на чале з Хая Зэпэльтам.

Фільм пад назвай «Допінг — сакрэтная справа. Алімпійскага змова» выпусьціла нямецкае грамадзкае тэлебачаньне ARD.

ФСБ мяняе бутэлечкі з мачой

Галоўная тэма першай часткі фільму — злачынства і пакараньне расейскага спорту за тое, што здарылася на Алімпіядзе ў Сочы, дзе «дапамога» расейскім алімпійцам была справай дзяржаўнай і дзяржаўнай жа таямніцай. Супрацоўнікі ФСБ ажыцьцяўлялі спэцапэрацыю па замене бутэлечак з мачой напампаваных допінгам расейскіх спартоўцаў на бутэлечкі з мачой без прыкмет ужываньня допінгу.

Гэтая таемная апэрацыя стала вядомай ва ўсім сьвеце пасьля таго, як пра яе распавёў уцякач з Расеі — адзін галоўных спэцыялістаў па допінгу, хімік-аналітык Рыгор Родчанкаў. Ён удзельнічае ў гэтым фільме, адказваючы на пытаньні Хаі Зэпэльта.

Рыгор Родчанкаў у пэрыяд працы ў Антыдопінгавым цэнтры ў Маскве
Рыгор Родчанкаў у пэрыяд працы ў Антыдопінгавым цэнтры ў Маскве

Родчанкаў: Пуцін усё ведаў

Уладзімір Пуцін, паводле сьцьвярджэньняў Родчанкава, ведаў усе дэталі апэрацыі і кантраляваў ход яе выкананьня. Удзел супрацоўнікаў ФСБ у такой справе быў бы немагчымы без санкцыі кіраўніка расейскай дзяржавы, заяўляе ў фільме Рыгор Родчанкаў.

Роля Томаса Баха

Галоўнай мішэньню для аўтараў фільму ў першай яго частцы становіцца Томас Бах, цяперашні (з 2013 году) прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту і сам у мінулым алімпійскі чэмпіён (1976, фэхтаваньне). Менавіта адносна яго назва фільму гучыць як абвінавачваньне ў змове або змове з Уладзімірам Пуцінам.

Томас Бах прадстаўлены ў фільме двухаблічным. З аднаго боку, ён карае расейскі спорт за сыстэму допінгу, а зь іншага — прыадчыняе для яго патаемныя дзьверы, прыкметна зьмякчаючы пакараньне.

Перасьлед «грэшнікаў допінгу», паводле прадстаўленых у фільме дакумэнтаў, адбываецца часьцей за ўсё на словах. А насамрэч у дадзеных аб праверцы спартоўцаў на допінг зеўраюць вялікія дзіркі. Далёка ня ўсе падазроныя выпадкі забясьпечаныя вынікамі праверак, і падобна, што вельмі часта такія праверкі і не ажыцьцяўляліся зусім...

Томас Бах і Ўладзімер Пуцін на адкрыцьці Алімпіяды ў Сочы
Томас Бах і Ўладзімер Пуцін на адкрыцьці Алімпіяды ў Сочы

Расейскія пляны перамог

У фільме падаюцца дакумэнты — пляны дасягненьня перамог расейскімі атлетамі, неабходныя для ўзьняцьця духу насельніцтва. Гэтыя дакумэнты вывез Рыгор Родчанкаў — у 2006-2015 гадах дырэктар антыдопінгавага цэнтру ў Маскве. Зараз менавіта яго ў Расеі абвінавачваюць у арганізацыі незаконнага ўжываньня допінгу спартоўцамі.

Хая Зэпэльт кажа ў фільме:

— Родчанкава я ведаю ўжо шмат гадоў. Ён доўга быў маёй інсайдэрскай крыніцай, і пададзеная ім інфармацыя заўсёды пацьвярджалася. Але потым, калі на Захадзе стала больш зразумелай яго асабістая ўцягнутасьць у злачынныя працэсы, Родчанкаў перапыніў са мной кантакты. Далей нечакана памерлі два яго калегі, і ён зьбег у ЗША. Там ён выклаў усё, што ведаў, ФБР і жыве цяпер у ЗША ў рамках праграмы па абароне сьведак. Несумненна, яму пагражае небясьпека помсты з Расеі.

Сур’ёзнасьць такой небясьпекі пацьверджана ў фільме словамі высокапастаўленага спартыўнага функцыянэра, ганаровага прэзыдэнт Расейскага алімпійскага камітэту Леаніда Цягачова: «А Родчанкава за няпраўду трэба проста расстраляць, як зрабіў бы Сталін».

Як Родчанкаў даваў інтэрвію Зэпэльту

Родчанкаў пагадзіўся на размову з Зэпэльтам, але толькі пры ўмове, што той прыляціць у Нью-Ёрк. Адвакат Родчанкава распавёў, што яго кліент жыве пад моцнай аховай, у яго няма магчымасьці карыстацца мабільнай сувязьзю і інтэрнэтам — зь меркаваньняў бясьпекі.

Гутарка Родчанкава з Зэпэльтам, мяркуючы па ўсім, ішла па нейкай закадаванай аудыёсвязі. На пытаньне, ці адчувае ён сябе ў бясьпецы, Рыгор Родчанкаў адказаў:

— Я атрымліваю асалоду ад кожнага новага дня. Ад таго, што я жывы. Я займаюся любімай справай. Як я магу зразумець, ці я ў бясьпецы, калі вакол столькі прафэсійных забойцаў? Гэта немагчыма ацаніць.

Сыстэма падману існавала і да Сочы

У руках у Зэпэльта былі дакумэнты, якія ўказвалі на тое, што сыстэма арганізаванага дзяржавай прымяненьня допінгу расейскімі спартоўцамі існавала задоўга да Сочы. Родчанкаў пацьвердзіў сапраўднасьць дакумэнтаў — у прыватнасьці аднаго, названага «2008. Пэкінскі плян і сыстэма допінгу». Распрацоўшчыкам падобных плянаў паводле заданьня «зьверху» быў і сам Родчанкаў.

На Алімпіядзе ў Пекіне (2008), як і пазьней у Лёндане (2012), ужо дзейнічала сыстэма падмены аналізаў, у якой у рамках кругавой парукі удзельнічалі іншыя, «чыстыя» спартоўцы і трэнэры, падаючы ўласную мачу на алтар перамогі для радзімы.

У фільме прыводзіцца шмат падрабязнасьцяў пляну, дэталі прымяненьня допінгу і ўтойваньне гэтага. Так, спартоўцы былі абавязаныя заўсёды мець нарыхтаваную загадзя ўласную мачу, узятую ў пэрыяд, калі яны не прымалі допінг.

Першымі былі лёгкаатлеты

Паводле Родчанкава, сыстэма спачатку была разьлічана толькі на лёгкаатлетаў, але паступова яе распаўсюдзілі на іншыя віды спорту. Родчанкаў прызнаецца, што нават ганарыўся тым, што ўдзельнічаў у падмане ўсяго сьвету:

— Да Пэкіну ўсё было проста, усе рабілі ўсё, што хацелі. І ўся расейская лёгкаатлетычная каманда была на допінгу. Паміж гульнямі ў Пэкіне ў 2008 і ў Лёндане ў 2012 годзе мы памянялі стратэгію утойваньня допінгу. Мы кантралявалі ўсё.

У новым фільме Родчанкаў гаворыць і пра тое, пра што многія здагадваліся, але агучвае гэта ўпершыню:

— Вядома, распараджэньні прыходзілі з самага верху, ад прэзыдэнта, паколькі толькі прэзыдэнт мог прыцягнуць ФСБ да выкананьня такой спэцыфічнай задачы. Мне вядома, што Пуцін ведаў усю інфармацыю ва ўсіх дэталях ад Мутко. Мутко сказаў мне, што Пуцін ведае і памятае маё імя. І яшчэ раз — Пуцін ведаў усё, таму што гэта быў вельмі просты ланцужок. Я дакладваў Нагорнамук (былы намесьнік міністра спорту Расеі — РС), Нагорных дакладваў Мутко, Мутко дакладваў Пуціну. Пуцін хацеў ведаць усе дэталі. Падыход Пуціна быў такі: не хавайце сваіх праблем, паведамляйце пра ўсе праблемы і пагрозы, і мы дапаможам іх вырашыць.

Рэакцыя Крамля і МАКу

Тэлекампанія ARD запытвала Крэмль з нагоды расказанага расейскім уцекачом, але адказу не было.

А вось Міжнародны алімпійскі камітэт адказаў афіцыйна:

«Спэцыяльная камісія МАК дасьледавала пытаньне і не знайшла ніякіх сьлядоў таго, што Пуцін ведаў аб маніпуляцыях ў Сочы».

Цалкам пераказ зьместу новага фільму нямецкага грамадзкага тэлебачаньня ARD чытайце ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG