Старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк сказаў Свабодзе, што ў МЗС Беларусі абмеркавалі праблемы пошукаў беларускай часткі Катынскага сьпісу.
Дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы 29 студзеня мела сустрэчу ў МЗС Беларусі, сказаў Свабодзе яе старшыня Яраслаў Шарэк:
«Сёньня мы атрымалі інфармацыю, якая пацьвярджае ранейшыя высновы, што Беларускага катынскага сьпісу ў беларускіх архівах няма. Пра гэта нам сказалі ў МЗС Беларусі, хоць гэта і не было асноўнай тэмай перамоў у рамках нашага візыту».
Усяго паводле рашэньня Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 году было расстраляна 21 657 палонных і арыштаваных польскіх вайскоўцаў і цывільных грамадзян, пераважна ў Катыні, што пад Смаленскам, Асташкаве (Калінінская вобласьць) і Старабельску (Харкаўская вобласьць). 7305 зь іх былі расстраляныя ў турмах і лягерах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.
Беларускі катынскі сьпіс (у ім, як лічаць дасьледчыкі, імёны 3870 ахвяраў) дагэтуль ня знойдзены.
Дэлегацыя Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы сёньня наведала Курапаты, дзе ўшанавала беларускіх і польскіх ахвяр камунізму, правяла сустрэчы з гісторыкамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і БДУ, выступіла перад грамадзкасьцю Менску зь лекцыяй да 100-годзьдзя адраджэньня незалежнасьці Польшчы.
30 студзеня дэлегацыя накіруецца ў Бабруйск, дзе правядзе перамовы з уладамі аб усталяваньні помніка салдатам Польскага корпусу Доўбар-Мусьніцкага. У 1918 годзе гэты корпус выступіў супраць савецкай улады.