Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога не засталося — ні людзей, ні дамоў». Шчымлівыя лісты стаўпецкіх габрэяў пра жыцьцё і Галакост


Сям'я Тунік каля свайго дому ў Стоўпцах.
Сям'я Тунік каля свайго дому ў Стоўпцах.

У ізраільскім нацыянальным мэмарыяле Галакосту Яд Вашэм захоўваецца ўнікальная калекцыя лістоў габрэйскай сям’і Тунік. У ёй больш за 80 лістоў, якія сям’я са Стоўбцаў высылала свайму сыну ў Эрэц-Ісроэл (Зямлю Ізраілеву), куды ён эміграваў яшчэ да пачатку вайны. Гэтыя лісты распавядаюць пра жыцьцё габрэяў у Беларусі ў міжваенны час, пад савецкай і нямецкай акупацыямі, і найвялікшую трагедыю габрэйскага народу — Галакост.

Да вайны ў Стоўпцах жыло 2500 габрэяў. У сям’і Тунік была свая мясная крамка. Яны жылі на сёньняшняй вуліцы Пушкіна, непадалёк ад галоўнай плошчы Стоўпцаў. Іх дом стаяў на самым беразе Нёману.

Дом сям'і Тунік у Стоўпцах

Пасьля І сусьветнай вайны многія мясцовыя габрэі зьехалі за мяжу. У 1934 годзе сямейную мару паехаць у Эрэц-Ісроэл споўніў 23-гадовы Іцхак Тунік. Яго сваякі засталіся ў Стоўпцах. Гэта бацькі Зэеў і Броха, а таксама дзевяць ягоных братоў і сясьцёр: Пэйсах, Ноех, Азрыэл, Рувэн, Мэйшэлэ, Янкеў-Шлома, Хава, Нахман і Лэя.

Неўзабаве пасьля прыбыцьця ў Палестыну Іцхак атрымлівае ліст са Стоўбцаў ад свайго брата Рувэна.

8/11/1934

Мой дарагі браце,

Цяпер ноч на суботу. У нас быў вельмі шчасьлівы вечар. Мы ўсе сядзелі вакол стала пасьля блаславеньняў і чакалі пошту, стаіўшы дыханьне, і сапраўды, мы чакалі не дарма. Стук у дзьверы, і вось ён ужо на стале, ліст ад цябе, сапраўды ад цябе. Мы адчуваем, быццам бы ты з намі. Мы засталіся сядзець на сваіх месцах і нецярпліва чыталі твае радкі. Першае, што нас узрадавала, гэта тое, што, дзякуй Б-гу, ты дабраўся да Сьвятой Зямлі, у якую кожны з нас марыць трапіць. Калі мы таксама атрымаем такую магчымасьць? Гэта трэба заслужыць, і ня ўсе на гэта здольныя. Мяне вельмі радуе твой гонар, твая мужнасьць і твае паводзіны, і гэта можа прывесьці чалавека ў «алію».

Рувэн

Нанізе допіс малодшай сястры Лэі.

Дарагі Іцхак!

Учора мы сьвяткавалі мой дзень нараджэньня! Мне ўжо сем гадоў. Я штодня хаджу ў школу Бэйс-Янкеў і ўжо магу добра чытаць і пісаць. Я таксама вучу матэматыку. Я рыхтуюся да сьвяткаваньня Ханукі, і я нават маю там ролю. Прышлі нам навіны з Эрэц-Ісроэл.

Твая сястра,

Лэя Тунік

Цягам сямі гадоў адбывалася інтэнсіўная перапіска паміж Іцхакам у Эрэц-Ісроэл і ягонай сям’ёй у Стоўпцах.

Іцхак і Хава Тунікі, 1933 год

Дзякуючы лістам ягоныя бацькі рабілі ўсё магчымае, каб суправаджаць свайго сына на шляху, які ён сам сабе абраў, у гарачай і невядомай краіне.

6/1/1935

Аўтар: Зэеў (бацька)

Мова: Ідыш

Стоўбцы

Майму дарагому сыну Іцхаку, Учора мы атрымалі ад цябе ліст, зь якога мы даведаліся, што ты «блукаеш па жыцьці». Каб уладкавацца, трэба час, але табе ня варта злавацца, бо за такі кароткі час немагчыма разабрацца з усім. Мне здаецца, што калі ты маеш працу, дык «выдатна», а калі не, дык пакуль хадзі ва ўнівэрсытэт...

Броха і Зэеў Тунікі, 1930-ыя гады.

Аўтар: Броха (маці)

Мова: ідыш

Мой дарагі сыне Іцхаку,

Мы атрымалі твой ліст. Дзякуй Б-гу, што мы даведаліся пра тваё здароўе. Ён нам не дае шмат нагодаў для радасьці. Відавочна, пра што ты хвалюесься, але няма прычыны страчваць надзею. Трэба спадзявацца, што ты ўладкуеш усё ў свой час... Яно заўсёды так, калі ты прыяжджаеш у чужую краіну; трэба час, каб прызвычаіцца да рэчаў і пазнаёміцца зь людзьмі. Я спадзяюся, што твой наступны ліст будзе шчасьлівейшым...

Зычу табе добрых навінаў.

Твая маці, Броха

Дзеці пытаюцца, як ты там, і просяць, каб ты ім таксама пісаў, а яны будуць пісаць табе.

У 1935 годзе брат Нахман піша, што ў Стоўпцах усе заздросьцяць Іцхаку і таксама мараць аб тым, каб эміграваць у Эрэц-Ісроэл. Ён піша, што зь цягам часу ўся сям’я далучыцца да брата. Нахман распавёў, што пачаў хадзіць на курсы па падрыхтоўцы жыцьця ў Эрэц-Ісроэл і спадзяецца далучыцца да брата яшчэ да прызыву ў войска.

Азрыэль, Нахман, Янкеў-Шлома і Пэйсах.

Але Нахману не ўдалося зьдзейсьніць свае пляны. У 1937 годзе яго ўзялі ў войска. Вярнуцца ў Стоўпцы ён меўся праз два гады, але 1 верасьня 1939 году, у першы дзень ІІ сусьветнай вайны, ён загінуў у бітве.

10/4/1935

Аўтар: Броха (маці)

Мова: ідыш

Мой даражэнькі сыне, каб табе жылося доўга і шчасьліва. ...

Ты пытаесься ці я зрабіла віно на Пэйсах, і я магу табе напісаць, што зрабіла віно, і што мы усё маем. Мне шкада, што ты адзін у свой першы Пэйсах. Калі Б-г захоча, мы атрымаем ад цябе лепшыя весткі здалёк. Ты пішаш, што спадзяесься, што мы будзем разам на наступны Пэйсах. Гэта мроі; я ня веру, што нехта яшчэ зможа зьехаць. Калі б мы толькі маглі, Мэйшэлэ паехаў бы сёньня ж. Хоць мы й ня надта радуемся, калі нехта адсюль зьяжджае; часам людзі едуць проста, каб быць ў іншым месцы, бо тут дома ўсё яшчэ горш.

Я сёньня трошкі пішу, бо цяпер мы напярэдадні сьвята. Я спадзяюся, ты разумееш, што трэба шмат працаваць. Будзь здаровы і шчасьлівы, і хай у цябе будзе шчасьлівае сьвята. Я табе гэтага зычу.

Твая маці, Брушка.

Іцхак паступова прызвычаіўся да жыцьця ў Эрэц-Ісроэл, але ягоныя надзеі на злучэньне сям’і ня спраўдзіліся. Толькі адзін брат, Ноех, здолеў прыехаць у Эрэц-Ісроэл да вайны, у лістападзе 1938 году.

Азрыэль на Нёмане.

У верасьні 1939 году ў Заходнюю Беларусь прыйшлі бальшавікі. Малодшы брат Янкеў-Шлома апісвае ў сваім лісьце да братоў у Эрэц-Ісроэл зьмены, што адбыліся ў рэгіёне пасьля савецкай акупацыі і вялікай колькасьці ўцекачоў з Польшчы:

Аўтар: Янкеў-Шлома (брат).

26/5/1941 Аўторак, 1-га сівана 5701

... Агулам за апошнія два гады ў горадзе адбыліся вялікія зьмены. Па-першае, у «атмасфэры» — настрой пагоршыўся, няма габрэйскага жыцьця. Тут шмат чужынцаў; сотні ўцекачоў, а таксама тыя, хто прыехаў з усходу. Шмат беспрацоўных. Стары Бэйс-Мэдрэш (дом для навучаньня рэлігіі — РС) ператварылі ў пальчаткавую фабрыку. У новай сынагозе і на старых могілках адчынілі кінатэатар. Рынак стаў паркам, там пасадзілі дрэвы, траву і кветкі, і там стаіць вялікі помнік Леніну. Сапраўдны Эдэмскі сад для праведнікаў. «Засядаюць і цешацца...»

Будзь здаровы і пішы «хутка», бо мы ведаем, што тваё становішча вельмі сур’ёзнае. Усе пытаюцца пра цябе і асабліва пра Ігаля.

Янкеў-Шлома

За два тыдні да нямецкай акупацыі маці Броха выслала сыну ў Эрэц-Ісроэл паштоўку. Яна і не здагадвалася, што іх ліставаньне пасьля гэтай паштоўкі спыніцца.

27 чэрвеня 1941 году немцы ўвайшлі ў Стоўпцы. Праз 2 дні яны забілі каля 200 з 2500 габрэяў гораду. Жонка брата Мэйшэлэ была забітая ў першыя дні акупацыі. Пэйсаха, які ведаў шмат моваў, немцы ўзялі да сябе перакладчыкам. Пра ягоны лёс нічога невядома.

Дом Тунікаў спалілі, яны перайшлі жыць у склеп. Сям’і не было чаго есьці і было вырашана, што 19-гадовая Хава, 17-гадовы Янкеў-Шлома і 14-гадовая Лэя пераедуць жыць да старэйшага брата Рувэна ў Гарадзішча. Янкева-Шлому забілі падчас разьні габрэяў у Гарадзішчы. Хаве і Лэі ўдалося ўцячы з Рувэнам ў Стоўпцы, да бацькоў.

Габрэйскія могілкі ў Стоўпцах. Мясцовыя актывісты некалькі разоў на год праводзяць тут талокі.
Габрэйскія могілкі ў Стоўпцах. Мясцовыя актывісты некалькі разоў на год праводзяць тут талокі.

У 1942 годзе стаўпецкіх габрэяў загналі ў гета. У ліпені літоўскія калябаранты ўварваліся да сям’і Тунік і забілі бацьку Зэева. Братоў Мэйшэлэ і Рувэна разам зь іншымі мужчынамі забралі на прымусовыя працы ў Менск і там забілі.

Гета ў Стоўпцах было ліквідаванае ў верасьні 1942 году. У вялікай апэрацыі, якая адбылася на працягу тыдня сьвята Ём Кіпэр, 5703 габрэяў былі вывезеныя ў лес і расстраляныя. Сярод іх была маці Броха, яе дочкі Хава і Лэя, а таксама ўнучка Мірыям (дачка Мэйшэлэ і Рыўкі).

Мэйшэле, Рыўка, іх дачка Мірыям і сястра Мэйшэле Лея (усе загінулі).

Але толькі Хаве ўдалося ўратавацца. Уначы дзяўчына ўбачыла групу мужчын, якія рыхтаваліся да ўцёкаў, і далучылася да іх. Разам яны ўступілі ў габрэйскі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Шолэма Халяўскага.

Азрыэл уратаваўся, паколькі працаваў па-за гетам. Але ягоная жонка і чатырохгадовы сын былі забітыя. Азрыэла хаваў сябра Ян, які зь ім працаваў. Яна і ягоную маці, у доме якіх Азрыэл хаваўся да 1944 году, Яд Вашэм прызнаў Праведнікамі народаў сьвету. Пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў, Азрыэл вярнуўся ў Стоўпцы, дзе сустрэў сваю сястру, якая вярнулася зь лесу.

Хава Тунік

28 жніўня 1944 году Азрыэл напісаў да братоў Ноеха і Іцхака ў Эрэц-Ісроэл.

Мае дарагія, любімыя Іцхак, Маня і Ігалька,

Пасьля чатырох гадоў, калі мы ня чулі адно пра аднаго, я ўпершыню маю няпростую магчымасьць напісаць вам, мае родныя.

Пасьля вялікіх пакутаў і бедаў, і пасьля жахлівых цяжкасьцяў і зьверстваў, раней невядомых у чалавечай гісторыі, я сёньня пішу вам гэты ліст, дарагія. Я вагаўся, што вам напісаць. Я вырашыў пісаць праўду, якой бы жахлівай і горкай яна ні была. Я думаю, што вы чулі і чыталі ўсё, што было вызначана, праз што мы меліся прайсьці. Усё, што вы чулі, гэта толькі вяршыня айсбэрга. Цяпер я ня ў стане напісаць усё падрабязнасьці, можа ў наступным лісьце.

З нашай прыгожай, добрай сям’і засталіся толькі я — ваш брат Азрыэл — і наша дарагая сястра Хава. Гэта вялікі смутак, але гэта праўда. З трох тысяч габрэяў у Стоўпцах засталося толькі каля сотні душаў. Ёсьць сем’і, якія былі цалкам вынішчаныя. Вы бачыце самі, даражэнькія, што з усёй сям’і Тунікаў ў Стоўпцах засталіся толькі Хавалэ і я. Я ўсё яшчэ маю надзею наконт нашага брата Пэйсаха. Яго захапілі немцы, і ён для іх перакладаў. У чэрвені 1942 году мы яшчэ мелі зь ім кантакт.

Мае дарагія і любімыя, прашу вас адказаць мне неадкладна. Я дасылаю гэта на стары адрас Мані які я памятаю. Празь некалькі дзён я буду ў Маскве. Я таксама пашлю вам тэлеграму. Цяпер я коратка напішу пра сябе і пра Хаву. Хава была партызанкай два гады. Я два гады нічога ня ведаў, што зь ёй адбываецца. У мяне адбылася вялікая трагедыя. Я спрабаваў уратаваць сваіх любімых, але ў мяне не атрымалася. Хава зьнікла зь іншай групай у дзень пагрому, і мы страцілі сувязь. Пасьля вызваленьня я знайшоў яе дзякуючы Чырвонай Арміі. Мы абое прыехалі ў Стоўпцы.

Ад Стоўпцаў нічога не засталося — ні людзей, ні дамоў. Цяпер мы маем толькі адну мэту, помсту. Больш нас нічога не цікавіць. Мы ўжо не нармальныя людзі. Немагчыма захоўваць людзкасьць пасьля столькіх трагедыяў. Я прашу вас, мае дарагія, пра адну рэч, будзьце моцнымі і не ламайцеся. На вас уся нашая надзея, і ... акрамя вас, мы нікога ня маем.

Напішыце нам пра сябе, дзе вы цяпер і як вам жывецца? Я абяцаю, што ў маім наступным лісьце будзе больш падрабязнасьцяў. Мая дарагая Маня, я ўпэўнены, што ты хочаш пачуць пра сваіх блізкіх, ... зноўку ж, я вагаўся, але вырашыў напісаць праўду. Ніхто зь іх не застаўся ў жывых. Будзь моцнай, мая дарагая. Я магу ўявіць, які шок выкліча мой ліст, але нашае становішча яшчэ горшае, мы самі гэта перажылі і пабачылі гэта на ўласныя вочы... Цяпер я ня ў стане пісаць больш.

Будзьце моцныя і здаровыя і памятайце пра нас. Дашліце ліст на мой адрас ў Стоўпцах.

Найлепшыя зычэньні вам ад Хавалэ, яна ў Стоўпцах, і я вяртаюся да яе празь некалькі дзён.

Хава прыехала ў Эрэц-Ісроэл у 1946 годзе, Азрыэл годам пазьней. Абое яны стварылі ў Ізраілі сем’і. У 1982–1987 гадах Іцхак Тунік працаваў дзяржаўным кантралёрам. Дочкі Ноеха і Іцхака перадалі сямейныя лісты ў Яд Вашэм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG