Упершыню ў гісторыі тэатру замест генэральнага прагону спэктакля за дзень да прэм’еры зладзілі закрыты перадпаказ — запрасілі партнэраў, журналістаў, дзеячаў культуры, крытыкаў.
У тэатральнай залі былі заўважаны і высокапастаўленыя чыноўнікі, і творцы: старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга, літаратары Ўладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Уладзімер Сьцяпан, музыка Алесь Камоцкі.
Лідзія Ярмошына, якая не прапускае ніводнай прэм’еры ў Купалаўскім, пасьля спэктакля падзялілася ўражаньнямі з калегамі: «Глядзела на адным дыханьні. Сьмяялася ад душы».
«З каго сьмеяцеся? Зь сябе сьмеяцеся!» Дагэтуль усё актуальна...
Чаму ў 2018 годзе ў рэпэртуары беларускага тэатру зьяўляецца твор клясыка расейскай літаратуры, сатырычны анэкдот Гогаля «Рэвізор», створаны ў 1835 годзе?
Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру, пастаноўшчык «Рэвізора» Мікалай Пінігін патлумачыў, што ў яго ёсьць вучань, цяпер ужо рэжысэр тэатру Дзьмітры Цішко, які некалі рабіў курсавую працу па «Рэвізору». Настаўнік Пінігін яму шмат дапамагаў, а спэктакль нават паказвалі на камэрнай сцэне Купалаўскага. Пінігін падумаў, што гэты спэктакль можа быць пастаўлены і на галоўнай сцэне. Бо дагэтуль усё актуальна.
«З каго сьмеяцеся? Зь сябе сьмеяцеся!» Як вядома, імпэратар Мікалай І быў цэнзарам. І ён цэнзураваў «Рэвізора», але дазволіў п’есу да пастаноўкі. А калі прыйшоў на прэм’еру, прамовіў: «Усім дасталася, а мне — больш за ўсіх». З гумарам быў Мікалай І, да таго ж і вельмі адукаваны.
А клясыкай творы называюцца не таму, што так школьныя настаўнікі літаратуры вырашылі. Клясыка — гэта літаратура, правераная часам. Гэта значыць, што аўтар зачапіў рэчы, якія не зьмяняюцца з часам", — перакананы Мікалай Пінігін.
На ўдакладняльнае пытаньне, чаму п’еса актуальная і цікавая сучаснаму беларускаму гледачу, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру і пастаноўшчык «Рэвізора» адказаў так:
«Там размова ідзе пра чыноўнікаў. Аляксандар Рыгоравіч на кожнай нарадзе кажа: „Хлопцы, ня крадзьце: сядзеце!“ Крадуць! Як Карамзін прыехаў у Парыж, памятаеце? Два эмігранты пытаюцца: „Як там у Расеі? Адкажыце двума словамі“. „Крадуць“, — адказвае Карамзін.
Тут усё празрыста. Проста ў спэктаклі ёсьць этычная рэч, а таксама і эстэтычная. Гучыць фраза: „Тры гады скачы, ні да якай дзяржавы не даскачаш“. Гэта расейская п’еса. У нас іншая сытуацыя. Але падобная з пункту гледжаньня той цывілізацыі, якую стварылі чыноўнікі».
«Чыноўнік часоў Гогаля нічым не адрозьніваецца ад сучаснага чыноўніка. Нічым!»
Дарэчы, «Рэвізор» не ўпершыню ставіцца ў Купалаўскім тэатры. У савецкі час бліскуча выканаў ролю Гараднічага народны артыст беларус Віктар Тарасаў. Мікалай Пінігін прызнаецца, што бачыў пастаноўкі п’есы і ў расейскім Малым тэатры, і ў МХАТе, і ў іншых тэатрах.
«Я шмат бачыў „Рэвізораў“. Але павінен быў забыцца, бо інакш ты будзеш красьці ў іншых рэжысэраў! Тут якасьць літаратуры цудоўная. У Набокава ёсьць такая праца: „Мікалай Гогаль“. Ён кажа, што фэномэн вялікага пісьменьніка — гэта не ідэя, гэта мова.
А чыноўнік часоў Гогаля нічым не адрозьніваецца ад сучаснага чыноўніка! Нічым!»
Вядома, што сапраўднае прозьвішча Мікалая Гогаля — Яноўскі, ён быў украінскім шляхцічам. Калі прыехаў у Пецярбург, здарылася польска-беларуска-літоўскае паўстаньне, і мець такое прозьвішча было непажадана. І ён зьмяніў Яноўскага на Гогаля.
«Увогуле, п’еса „Рэвізор“ напісаная, скажам так, трошкі замежным пісьменьнікам. Ён прыехаў у Пецярбург з Украіны і звонку паглядзеў на сытуацыю. Таму, запрашаючы мастака Марыюса Яцоўскіса зь Літвы, я падумаў, што літовец павінен паглядзець на нашу сытуацыю. Таму што мы прызвычайваемся да нейкіх рэчаў, а ёсьць і сьвежы погляд», — кажа Пінігін.
У спэктаклі «Рэвізор» заняты амаль увесь мужчынскі акторскі склад Купалаўскага тэатру, бо пэрсанажаў шмат. Што тычыцца галоўных роляў, тут усё было зразумела для Пінігіна:
«Я адразу ж убачыў, што Павал Харланчук і Аляксандар Казела — гэта Хлестакоў. А Гараднічы — народны артыст Віктар Манаеў. Праўда, на гэтую ролю ёсьць і яшчэ адзін актор — Віталь Макарэвіч, які зноў вярнуўся ў наш тэатар, ён крыху маладзейшы».
«Мастак ніколі не бывае задаволены сабой. Мы прадаём квіткі, а ў мяне дрыжыкі...»
З прычыны восеньскіх гастроляў тэатру ў Кітаі над «Рэвізорам» удалося папрацаваць толькі месяц і 10 дзён. Гэта вельмі і вельмі мала, прызнаецца мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру.
«Наагул, мастак, творца ніколі не бывае задаволены сабой. Калі спэктакль выходзіць, ён яшчэ не гатовы. П’есу трэба адыграць 15 разоў, калі яна стане спэктаклем. Гэтага часьцяком не разумеюць крытыкі, якія прыходзяць на першы прагляд і пішуць разгромныя рэцэнзіі, выносяць вэрдыкт. А дзіця яшчэ не нарадзілася... Мы прадаём квіткі, а ў мяне дрыжыкі», — уздыхае Мікалай Пінігін.
У «Рэвізоры» ўсе чыноўнікі размаўляюць на «трасянцы»
Некалі былі пераклады гогалеўскага «Рэвізора» на беларускую мову Кандрата Крапівы, Антона Адамовіча, але тыя пераклады ўжо не прыдатныя для сучаснага гледача, бо пастаянна зьяўляюцца новыя словы, новыя паняцьці, цяпер іншы тэмп, рытм жыцьця — мова ж жывая. На думку Мікалая Пінігіна, Марыя Пушкіна зрабіла філялягічны подзьвіг у перакладзе — яна ўжыла трасянку.
«Пераклад на трасянку, а не на літаратурную мову, зроблены таму, што гэта ўезны горад, так бы мовіць, раённы цэнтар. Так людзі размаўляюць, да прыкладу, у маіх любімых Ушачах. На вуліцы людзі размаўляюць альбо па-расейску, альбо на трасянцы. А нейкая там „ноль дзясятая“ працэнта размаўляе на чыстай беларускай мове.
У спэктаклі „Рэвізор“ на выбітнай, выключнай, літаратурнай (беларускай) мове размаўляе толькі Хлестакоў, бо ён са сталіцы — зь Пецярбургу. Ён у трэндзе».
Марыя Пушкіна: «У кожнага пакаленьня свой культурны код. Для мяне гэта Сірожа Пістончык з «Сашы і Сірожы»
Марыя Пушкіна, якая адважылася перакласьці расейскага клясыка Мікалая Гогаля на беларускую трасянку, кажа, што рабіць ёй гэта было зусім ня страшна.
«У мяне тата — Аляксандар Пушкін, таму мне праўда ня страшна. А калі сур’ёзна — у кожнай эпохі свой Гогаль. Вельмі дзіўна было б, каб мы паставілі ўсё так, як было ў ХІХ стагодзьдзі. Тады гэта быў выклік, гэта было так сьмела! І можна было трапіць у Сыбір. Мне падаецца, калі быў такі эстэтычны ўзровень сьмеласьці ў ХІХ стагодзьдзі, то варта падтрымліваць такі ж узровень сьмеласьці і цяпер. Ну, гэта было б адпаведна задуме аўтара».
Перакладчыца Марыя Пушкіна выказала меркаваньне, што цяпер у тэатры наўрад ці можна карыстацца, да прыкладу, перакладам Шэксьпіра ад Лазінскага. У польскай літаратуры перакладаў «Гамлета» — каля 20, і кожны выбірае сабе адпаведны. На беларускую мову той жа «Рэвізор» перакладалі і Кандрат Крапіва, і Антон Адамовіч, але ў яе былі зусім іншыя мэты.
«Мой асабісты кумір — Сірожка Пістончык, які эстэтычна выплывае з «Сашы і Сірожы». Гэта такі «хуліганскі» тандэм, ад якога, дарэчы, мы ўпершыню пачулі фразу: «Гаспада! Я сабраў вас, каб саабшчыць прынепрыятнае ізьвесьціе: к нам едзьзе «N. R. M.» Гэта міні-п’еса «Дом культуры». У кожнага пакаленьня ёсьць свой культурны код. Для мяне — гэта тое, што мы чулі гадоў 13–14 таму, «Саша і Сірожа».
На пытаньне, ці апасаецца перакладчыца, што за «трасянку» яе так раскрытыкуюць пурысты, што мала ёй не падасца, Марыя адказала, што ў яе ўся надзея на Мікалая Пінігіна і Дзіму Цішко. Маўляў, яны прыдумалі гэтую ідэю, і калі паляцяць камяні, Марыя схаваецца за іхнімі мужнымі сьпінамі.
А сваё асабістае стаўленьне да трасянкі Марыя Пушкіна акрэсьліла так:
«Ой, я лічу, што гэта восьмае вызваленае мастацтва. Гэта страшна філязофская зьява. Гэта разрыў паміж жаданьнямі чалавека і яго магчымасьцямі. Імкненьнем яго наверх і ягонымі каранямі. Гэта так крута! Я не люблю, калі людзі выбачаюцца, маўляў, «я буду казаць на „трасянцы“, выпраўляйце мяне». Ну, «зачэм жа выбачацца, калі ў жызьні можна так разгаварываць?»