Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і міністар замежных спраў Зыгмар Габрыель дамовіліся, што рашэньне аб пастаўкі ўзбраеньняў будзе прынятае толькі пасьля фармаваньня новай урадавай кааліцыі ў краіне.
Нямеччына займае трэцяе месца ў сьвеце па продажах зброі, аднак гэтая тэма зьяўляецца спрэчнай для насельніцтва краіны. У прыватнасьці, спрэчкі выклікала выкарыстаньне нямецкіх танкаў «Леапард 2» у ходзе ваеннай апэрацыі Турэччыны ў Сырыі.
20 студзеня прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган аб’явіў пра пачатак наступу на пазыцыі сырыйскіх курдаў у раёне Афрын. Анкара абвінавачвае ўзброеныя фармаваньні курдаў у дапамозе «тэрарызму». Пры гэтым частка курдаў супрацоўнічае са Злучанымі Штатамі ў барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава». Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў Эрдагана, што апэрацыі Турэччыны ў Сырыі пагражаюць перарасьці ў сутыкненьні паміж турэцкімі і амэрыканскімі войскамі.