Прадстаўнікі аргкамітэту ў справе падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам на шэсьце і мітынг 25 сакавіка.
Імпрэза заяўленая ад імя шэрагу палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. У іх ліку Партыя БНФ, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, АГП, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Станіслава Шушкевіча, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Ірыны Вештард, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Міколы Статкевіча, незалежны прафсаюз РЭП, «Беларускі рух», арганізацыя «Дзея», «Эўрапейская Беларусь».
Як паведаміў Свабодзе сустаршыня БХД Павал Севярынец, збор удзельнікаў заплянаваны 25 сакавіка а 14-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа. Ад 14.45 да 16.00 арганізатары хочуць наладзіць шэсьце па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці, а да 18.00 — мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.
Паводле нормаў беларускага заканадаўства, адказ мусяць даць не пазьней, чым за 5 дзён да пачатку акцыі. Летась менскія ўлады парушылі гэтую працэдуру, зацягнуўшы з агучваньнем рашэньня да апошняга моманту. У выніку няпэўнасьці зь месцам збору і маршрутам адзначэньне Дня Волі суправаджалася масавымі арыштамі і зьбіваньнем удзельнікаў.
Сёлета заяўка пададзеная за два месяцы да юбілейнай даты — 100-годзьдзя БНР.