Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцяблянку, раней асуджаную за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў, апраўдалі


Вольга Сmцяпанава, архіўнае фота
Вольга Сmцяпанава, архіўнае фота

У Віцебскім абласным судзе завяршыўся паўторны разгляд крымінальнай справы Вольгі Сьцяпанавай, раней асуджанай за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме.

Судзьдзя абласнога суду Галіна Бондал абвясьціла вырак публічна, у прысутнасьці журналістаў і адваката Вольгі Сьцяпанавай. Віцяблянку прызналі невінаватай у сувязі з адсутнасьцю злачынства.

Сама Вольга на паўторны разгляд справы не зьявілася.

7-га верасьня 2017 году Чыгуначны райсуд Віцебску прызнаў Вольгу Сьцяпанаву вінаватай у сьмерці нованароджанай дачкі. Жанчына нарадзіла дома, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу Вольгу Сьцяпанаву абвінавацілі ў прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці.

Ёй было прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах калёніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджаньне прысуду і падала апэляцыйную скаргу.

Скарга была задаволеная, і справу накіравалі на паўторны разгляд. Гэтым разам у акалічнасьцях сьмерці нованароджанага дзіцяці разьбіраўся абласны суд. Працэс у Віцебскім абласным судзе распачаўся 9 студзеня, прайшло сем пасяджэньняў, на якіх сама Вольга Сьцяпанава не прысутнічала. Яе інтарэсы абараняла адвакатка Надзея Бірукова. Яна сказала, што Вольга Сьцяпанава не прызнавала сваёй віны ад самага пачатку. Пра гэта яна казала і журналістам, і ў адмысловым відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе прасіла спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу.

Апраўданая за сьмерць дзіцяці ў хатніх родах Вольга Сьцяпанава зьбіраецца патрабаваць кампэнсацыі за арышт

Жанчына тлумачыла, што мае досьвед хатніх родаў — першую дачку яна нарадзіла менавіта дома, але ў Санкт-Пецярбургу, дзе жыве ўжо некалькі гадоў. Другое дзіця яна хацела нарадзіць у Віцебску, дзе жыве яе маці, бо спадзявалася на дапамогу ў доглядзе дзяцей. Знарок прыехала сюды ў сярэдзіне цяжарнасьці са старэйшай дачкой. Празь некалькі месяцаў, 19-га лютага 2017 году, яна нарадзіла малодшае дзіця, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што нованароджаная дзяўчынка ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і немаўля ўратаваць не змаглі.

Пэўную надзею на тое, што крымінальную справу супраць Вольгі Сьцяпанавай урэшце скасуюць, спарадзілі словы міністра аховы здароўя. Выступаючы перад зьездам акушэраў-гінэколягаў і нэанатолягаў Беларусі, міністар аховы здароўя Валеры Малашка адзначыў, што ня лічыць вінаватымі ў сьмерці немаўляці ні хатнюю парадзіху, ні лекараў. Хоць адзначыў, што ў беларускіх радзільнях створаны добрыя ўмовы і ён не прыхільнік таго, каб выбіраць у якасьці альтэрнатывы хатнія роды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG