Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўца Авяр’янава затрымалі ў Бэрліне. У Беларусі чакаюць яго экстрадыцыі


На днях у Нямеччыне затрымалі беларускага бізнэсоўца Юрыя Авярʼянава, які быў абвешчаны сілавікамі ў міжнародны вышук. Гэтую інфармацыю парталу TUT.BY пацьвердзілі ў Генпракуратуры Беларусі.

Юры Авяр’янаў — адзін зь першых беларускіх бізнэсоўцаў і даляравых мільянэраў. Яго асноўныя актывы — кампаніі «Інтэкс», «Ростэм» і «Гандлёвы сьвет — «Кальцо».

«У кастрычніку 2017 году ў Нямеччыну быў накіраваны пакет дакумэнтаў на выдачу гэтага грамадзяніна. 18 студзеня ён быў затрыманы, а 21 студзеня адзін з раённых судоў Бэрліна ўхваліў узяцьце пад варту з мэтай выдачы», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў.

Паводле Брылёва, такім чынам пачата працэдура экстрадыцыі, зробленыя захады, каб бізнэсовец не схаваўся ад праваахоўных органаў.

Калі Юрыя Авярʼянава выдадуць Беларусі, у беларускай Генпракуратуры не паведамілі.

На Авяр'янава працуюць два адвакаты, і працэс экстрадыцыі можа быць ня хуткім.

Бізнэсовец лічыць абвінавачаньні неабгрунтаванымі

Увосень Сьледчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу супраць Юрыя Авярʼянава, а таксама шэрагу кіраўнікоў камэрцыйных структур у сувязі з ухіленьнем ад выплаты падаткаў субʼектамі гаспадараньня. Неўзабаве сілавікі затрымалі шэсьць топ-мэнэджараў Авяр’янава. А самога бізнэсоўца беларускія сілавікі абвясьцілі ў міжнародны вышук.

У перапісцы з інтэрнэт-газэтай БелаПАН Naviny.by у канцы верасьня мінулага году бізнэсовец заявіў, што лічыць абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў неабгрунтаванымі, а саму праблему прыцягнутай за вушы.

Паводле Авяр’янава, невялікія сумы яму можна было б прад’явіць без затрыманьняў.

«Так рэкамэндуе прэзыдэнт. А гэта спэцапэрацыя па захопе і дыскрэдытацыі кампаній», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG