Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Івацэвічаў ухвалілі помнік Касьцюшку ў Мерачоўшчыне


Праект помніка Касьцюшку (аўтар Гэнік Лойка)
Праект помніка Касьцюшку (аўтар Гэнік Лойка)

Івацэвіцкі раённы выканаўчы камітэт даў згоду на ўстаноўку помніка Тадэвушу Касьцюшку ва ўрочышчы Мерачоўшчыне. Гэта вынікае з рашэньня, якое атрымаў Глеб Лабадзенка — адзін з ініцыятараў мэмарыялізацыі памяці выбітнага грамадзкага і ваеннага дзеяча свайго часу.

«У адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў «Аб некаторых пытаньнях стварэньня і прыёмкі твораў манумэнтальнага мастацтва і на падставе заключэньня Міністэрства культуры, узгодненага зь Берасьцейскім аблвыканкамам, Івацэвіцкі райвыканкам вырашыў:

Праект помніку
Праект помніку
  1. Дазволіць Лабадзенку Глебу Паўлавічу стварэньне і ўстаноўку помніка Тадэвушу Касьцюшку ва ўрочышчы Мерачоўшчыне на тэрыторыі мэмарыяльнага музэю-сядзібы.
  2. Аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Івацэвіцкага райвыканкаму прыняць на балянс помнік.
  3. Кантроль за выкананьнем рашэньня ўскласьці на намесьніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандра Велікасельца», — гаворыцца ў афіцыйным лісьце з подпісам старшыні райвыканкаму Аляксандра Грыцука.

Летась на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» быў ажыцьцёўлены збор сродкаў на помнік Тадэвушу Касьцюшку. За кароткі час сабралі суму, неабходную для выкананьня скульптуры і пастамэнта — больш за 22 тысячы рублёў.

У апісаньні ініцыятары акцэнтавалі ўвагу, што ў Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка, калі не лічыць бюсты на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба.

Тым часам скульптура Касьцюшкі на 200-я ўгодкі ягонай сьмерці летась адкрытая ў швайцарскім Залатурне, дзе ён памёр. Вакол гэтай падзеі нават узьнік скандал: польская амбасада ў Швайцарыі дабілася, каб на пастамэнце не было залішніх згадак пра Беларусь.

Помнік Касьцюшку ў Залятурне
Помнік Касьцюшку ў Залятурне

За аснову беларускага праекту ўзятая праца вядомага менскага скульптара Гэніка Лойкі. Устанавіць плянавалася да 4 лютага, у дзень нараджэньня Касьцюшкі. Але ня выключана, што цырымонія будзе перанесена на тыдзень або на два.

Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Нарадзіўся 4 лютага 1746 году, памёр 15 кастрычніка 1817 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў. Помнікі яму стаяць у Варшаве, Кракаве, Лодзі, Бостане, Вашынгтоне, Дэтройце. Разам па ўсім сьвеце — болей за 200 вялікіх і малых формаў.

У ягоны гонар названыя самая высокая гара ў Аўстраліі, востраў на Алясцы, акруга ў штаце Індыяна, політэхнічны ўнівэрсытэт у Кракаве, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы, паркі розных краінаў сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG