Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую царкву ў Лёндане вылучаюць на ўсясьветны конкурс «Будынак году». Як падтрымаць праект


Беларуская царква ў Лёндане. Фота Joakim Boren
Беларуская царква ў Лёндане. Фота Joakim Boren

Найпапулярнейшы ў сьвеце сайт пра архітэктуру ArchDaily.com уключыў беларускую царкву ў Лёндане ў конкурс «Будынак году». Пераможцу вызначыць онлайн-галасаваньне, якое цягнецца ад сёньня да 31 студзеня.

Як сказаў Свабодзе Цзыўай Со, архітэктар беларускай царквы ў Лёндане, у адборы ўдзельнічаюць больш за 3500 будынкаў з усяго сьвету. Летась пераможцамі ў конкурсе ArchDaily сталі ўсясьветна вядомыя архітэктары як Нормэн Фостэр (Norman Foster) і Рычард Роджэрс (Richard Rogers). Найлепшым рэлігійным будынкам была прызнаная капліца Сьвятога Бэрнарда ў Аргентыне. Яе аўтар — Нікаляс Кампаданіка (Nicolás Campodonico).

«Як файна было б, калі б „Будынак году“ быў названы ў гонар Беларусі», — сказаў Цзыўай Свабодзе.

Цзыўай Со
Цзыўай Со

Гэта чарговая прэстыжная намінацыя, на якую вылучаецца беларуская царква ў Лёндане. Яна была асьвечаная ў сьнежні 2016 году. Летась царква трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лёндана па вэрсіі Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў, была ў сьпісе найбольш энэргаэфэктыўных будынкаў Лёндана. Агулам царква выйграла сем архітэктурных прэмій, яшчэ ў тузіне конкурсаў яна трапляла ў шорт-лісты і выходзіла ў фінал.

«Цяпер беларуская царква — найпапулярнейшы будынак у Лёндане, — кажа Цзыўай Со. — Я атрымліваю лісты ад многіх людзей, хто просіць правесьці для іх экскурсію.

Адным з найбольшых дасягненьняў сам архітэктар лічыць перамогу ў конкурсе, які праводзіўся арганізацыяй New London Architecture. Дзякуючы грамадзкай падтрымцы беларуская царква выйграла конкурс «Народны выбар». Да онлайн-галасаваньня тады далучыліся беларускія амбасады па ўсім сьвеце, грамадзкія арганізацыі і многія публічныя асобы.

«Кампанія была вельмі пасьпяховая, таму што беларуская царква выйграла зь вялікай перавагай», — сказаў Цзыўай.

Архітэктар спадзяецца па падтрымку ва ўсясьветным конкурсе ад ArchDaily. Да канца гэтага тыдня праходзіць вылучэньне намінантаў. Каб беларуская царква трапіла ў наступны этап, варта зарэгістравацца на сайце па спасылцы і вылучыць царкву на намінацыю. Калі яна набярэ дастатковую колькасьць галасоў, з 1 па 7 лютага будзе праходзіць непасрэдна галасаваньне.

«Спадзяюся, беларусы могуць дапамагчы нам яшчэ раз, — сказаў Цзыўай. — Мы бы ня выйгралі мінулы конкурс бязь іхнага ўдзелу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG