Валавы ўнутраны прадукт у 2017 годзе вырас на 2,4%. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў на паседжаньні Прэзыдыюму Савету Міністраў, перадае БЕЛТА.
Прагноз росту на 2017 быў меншым — усяго 1,7%. У 2016 годзе ВУП зьнізіўся на 2,6%.
Прэмʼер-міністар таксама пералічыў галоўныя задачы для збалянсаванага росту эканомікі ў 2018 годзе:
- нарошчваньне і дывэрсыфікацыя экспарту,
- прыцягненьне інвэстыцый,
- стварэньне новых працоўных месцаў (у першую чаргу ў сэктары малога і сярэдняга бізнэсу).
Прычым, паводле Кабякова, людзям трэба даходліва расказаць пра новыя магчымасьці для вядзеньня бізнэсу, якія зьявіліся пасьля прыняцьця пакета дакумэнтаў па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Для гэтага трэба ладзіць выязныя сустрэчы і аднавіць працу саветаў па разьвіцьці прадпрымальніцтва.