Падзеі 16 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
16 студзеня 1919 году праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР тэрыторыя савецкай Беларусі была зьменшаная на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. У склад РСФСР былі забраныя Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні.
Таксама ў гэты дзень
1916 — фэльдмаршал Гіндэнбург выдаў загад пра наданьне беларускай мове раўназначных правоў зь іншымі мовамі, пашыранымі на тэрыторыях, акупаваных войскамі Нямеччыны.
1921 — падпісаная саюзная дамова паміж БССР і РСФСР.
1966 — у Таронта ўтварыўся Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады.
У гэты дзень нарадзіліся
1791 — нарадзіўся Генрык Дэмбінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830-1831 гадоў. У 1831-м кіраваў няўдалай спробаю адбіць у расейцаў Вільню і скончыў жыцьцё ў эміграцыі.
1826 — нарадзіўся Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Быў схоплены і павешаны. У мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне яму пастаўлены помнік.
1905 — нарадзіўся Алесь Пальчэўскі, беларускі пісьменьнік. За сталінскім часам быў двойчы рэпрэсаваны.
1919 — нарадзіўся Ўладзімер Алоўнікаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі. Сярод створаных ім папулярных песьняў — «Радзіма мая дарагая».