Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна забараніла ўезд амаль 1500 іншаземцам праз наведаньне Крыму


Праверка дакумэнтаў на расейска-украінскай мяжы
Праверка дакумэнтаў на расейска-украінскай мяжы

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны забараніла ўезд у краіну каля 1500 іншаземцам праз тое, што яны, як паведамляецца, наведвалі анэксаваны Крым з парушэньнем закону Ўкраіны. Сярод іх больш як сто артыстаў і дзеячаў культуры.

«На працягу 2017 году было складзена амаль 2300 адміністрацыйных пратаколаў за парушэньне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны ці выезду зь яе», — гаворыцца ў паведамленьні памежнай службы.

Ад пачатку 2018 году было выяўлена 30 аналягічных правапарушэньняў.

Сьпісу тых, каму забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны, памежная служба не падае. У чэрвені летась украінскія памежнікі заяўлялі, што маюць даручэньне не ўпускаць у краіну 341 грамадзяніна Беларусі, аднак інфармацыю пра іх таксама адмаўляліся паведамляць, бо гэта «закранае прыватнае жыцьцё асобы, а яго абарону ад неналежнага распаўсюджаньня забясьпечвае Канстытуцыя Ўкраіны».

Згодна з украінскім законам, уяжджаць у анэксаваны Крым дазволена толькі з мацерыковай Украіны.

5 кастрычніка летась Вярхоўная Рада Ўкраіны таксама прыняла зьмены ў закон «Аб гастрольных захадах ва Ўкраіне». Ён рэгулюе арганізацыю і правядзеньне выступаў артыстаў з Расеі. Напрыклад, арганізатары падобных захадаў павінны ня менш чым за 30 дзён зьвярнуцца ў Службу бясьпекі Ўкраіны па інфармацыю аб тым, ці ёсьць падставы не пускаць удзельнікаў на тэрыторыю краіны.

7 лістапада прэзыдэнт Украіны падпісаў закон, і ён уступіў у сілу.

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».


Ва Ўкраіну забаронены ўезд для 341 грамадзяніна Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG