Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства падаткаў і збораў разьлічвае атрымаць у 2018 годзе 4 млн даляраў ад «падатку на Google»


Міністэрства падаткаў зборах (МПЗ) чакае, што у 2018 годзе бюджэт атрымае 4 млн даляраў ад увядзеньня падатку для замежных кампаніяў, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі мабільныя праграмы, музыку, электронныя фільмы і гульні (так званага «падатку на Google»).

Такая ацэнка прыводзіцца ў артыкуле прадстаўніцы МПЗ, апублікаваным у апошнім нумары часопіса «Фінансы, улік, аўдыт», які выдае Міністэрства фінансаў, паведамляе БелаПАН.

«Прагназаваць, колькі сродкаў дадаткова атрымае бюджэт ад „падатку на Google“, пакуль рана. Усё залежыць ад колькасьці замежных арганізацыяў і паслуг, якія яны аказваюць. Паводле ацэнак, колькасьць такіх кампаніяў складзе каля сотні, а аб’ём паступленьняў — каля 4 млн даляраў», — адзначыла ў артыкуле намесьнік начальніка аддзелу міжнародных адносінаў упраўленьня міжнароднага падатковага супрацоўніцтва МПЗ Сьвятлана Высоцкая.

На яе думку, больш яснай карціна з паступленьнем бюджэту ад «падатку на Google» стане ў красавіку 2018 году, пасьля здачы дэклярацый па выплаце ПДВ за першы квартал замежнымі арганізацыямі, якія аказваюць паслугі на тэрыторыі Беларусі.

Паводле Высоцкай, ажыцьцяўляць функцыі адміністраваньня будзе толькі адна інспэкцыя — Інспэкцыя МПЗ па Менску. Прадстаўляць дэклярацыю па ПДВ, як і выплачваць падатак, неабходна будзе штоквартальна. Стаўка падатку ўстаноўленая ў памеры 20%, што адпавядае агульнай стаўцы, якая ўжываецца ў Беларусі. Выплата падатку на паслугі, якія прадстаўляюцца ў электроннай форме замежнымі кампаніямі, будзе ажыццьяўляцца праз асабісты кабінэт на сайце Міністэрства па падатках і зборах.

Зь 1 студзеня замежныя арганізацыі, якія аказваюць электронныя паслугі фізычным асобам у Беларусі, павінны выплачваць у беларускі бюджэт падатак на даданую вартасьць. Пад электронныя паслугі, пры рэалізацыі якіх павінен выплачвацца ПДВ, падпадаюць паслугі, зьвязаныя з продажам праз інтэрнэт кампутарных праграм, гульняў, музыкі, фільмаў, электронных кніг і іншага лічбавага кантэнту. Адной з найбуйнейшых пляцовак, на якой аказваюцца такія паслугі, выступае маркетплэйс Google, таму спагнаньне ПДВ з аказаных там паслуг у народзе назвалі называць «падаткам на Google».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG