Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бяляўскі ў судзе, 11 студзеня 2018 году
Андрэй Бяляўскі ў судзе, 11 студзеня 2018 году

Абвешчаны вырак фігуранту «Справы патрыётаў» Бяляўскаму за патрон — 1 год «хатняй хіміі»

Суд Ленінскага раёну Менску 12 студзеня абвесьў вырак па крымінальнай справе менскага мастака-дызайнэра Андрэя Бяляўскага.

Андрэя Бяляўскага судзяць за захоўваньне аднаго патрона ад аўтамата Калашнікава, які быў знойдзены сярод рэчаў Бяляўскага падчас ператрусу пасьля ягонага затрыманьня ў сакавіку 2017 году ў так званай «справе патрыётаў». Бяляўскі паведаміў, што захоўваў патрон у якасьці сувэніру і прызнаў сваю віну ў захоўваньні патрону.

Пракурор запатрабаваў для падсуднага пакараньне ў выглядзе 1 году «хатняй хіміі».

Першы дзень суду над Бяляўскім

12 сьнежня Сьледчы камітэт прад’явіў абвінавачаньне Бяляўскаму паводле ч. 1 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Незаконныя выраб, набыцьцё, перадача ў валоданьне, збыт, захоўваньне, перавозка, перасылка або нашэньне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў».

10:45 12.1.2018

Адвакат: Пакараньне Бяляўскаму за адзін патрон — вельмі жорсткае і неадэкватнае

Абаронца Андрэя Бяляўскага адвакат Вадзім Мушынскі падтрымлівае меркаваньне свайго падабароннага аб неабходнасьці абскарджваць прысуд, які вынесла судзьдзя Марына Запасьнік. Вадзім Мушынскі лічыць, што пакараньне, прызначае Бяляўскаму судом, вельмі жорсткае і неадэкватнае ягонаму ўчынку.

«Правільна, што Андрэй мае намер абскардзіць прысуд, мы падамо на яго апэляцыйную скаргу. Год абмежаваньня свабоды за адзін патрон, пры прызнаньні віны і пры раскайваньні, пры ўсіх абставінах, якія зьмякчаюць віну, — гэта занадта».

Вадзім Мушынскі ў спрэчках з пракурорам прасіў суд абмежавацца для Бяляўскага грашовым штрафам. Адвакат мяркуе, што такая магчымасьць была, але чаму яе ня выкарыстала судзьдзя, камэнтаваць не бярэцца. Ці можна параўнаць справу Андрэя Бяляўскага са справай грамадзяніна Францыі, якога ў сьнежні суд у Гомелі вызваліў ад адказнасьці за правоз такога самага баявога патрона?

«Канешне, той апраўдальны прысуд напрошваецца як прыклад, што справу можна вырашыць і гэтак, але, дакладна ня ведаючы абставінаў, устрымаюся ад аналёгій. Там яшчэ было тое, што француз сам выдаў той патрон, гэта спрацавала, у тым ліку ўлічылі, што ён грамадзянін іншай краіны. А тут іншыя абставіны. Але ў любым выпадку — усяго адзін патрон, няма намеру на злачынства, няма зброі — караць абмежаваньнем волі за гэта яўна зашмат», — мяркуе адвакат Вадзім Мушынскі.

10:17 12.1.2018

Бяляўскі: Прысуд перадузяты, буду абскарджваць

Адзін зь фігурантаў справы «Белага легіёну» Андрэй Бяляўскі лічыць рашэньне суду ў адносінах да яго «перадузятым».

Судзьдзя Марына Запасьнік сёньня агучыла вырак — 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, без канфіскацыі маёмасьці.

«Прысуд перадузяты, пакараньне неадэкватнае, — сказаў Андрэй Бяляўскі ў камэнтары для Радыё Свабода. — Натуральна, буду абскарджваць. За адзін патрон такое пакараньне — гэта занадта. Наогул зьдзіўлены, што для такой дробязі запусьцілі цэлую судовую машыну. Думаю, захацелі неяк пакараць на фоне папярэдняй справы».

Андрэя Бяляўскага судзілі за захоўваньне патрону ад аўтамату Калашнікава. Ён быў знойдзены сярод асабістых рэчаў падчас ператрусу пасьля ягонага затрыманьня ў сакавіку 2017 году. Бяляўскі сказаў, што захоўваў патрон у якасьці сувэніру.

Падчас працэсу 11 студзеня пракурор запатрабаваў для падсуднага пакараньне ў выглядзе 1 году «хатняй хіміі».

«У глыбіні душы быў гатовы, што пакараюць, — прызнаўся Андрэй Бяляўскі. — Аднак спадзяваўся, што ўсё ж улічаць 2,5 месяцы пакараньня, якія я адбыў ў ізалятарах МУС і КДБ. Суд палічыў інакш...».

Андрэй Бяляўскі адзначыў, што ўжо бліжэйшымі днямі разам са сваім абаронцам Вадзімам Мушынскім яны падрыхтуюць скаргу на вырак суду Ленінскага раёну Менску.

Колішні фігурант «справы патрыётаў» спадзяецца, што прысуд не адаб’ецца на ягоным жыцьці і прафэсійнай дзейнасьці. Як і да свайго леташняга затрыманьня, ён па-ранейшаму займаецца кампутарнай графікай, працуе аддалена.

09:40 12.1.2018

Судзьдзя Марына Запасьнік агучыла вырак Андрэю Бяляўскаму — 1 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — так званай «хатняй хіміі», які і прасіў пракурор Аляксей Кісьляк, але без канфіскацыі маёмасьці.

09:21 12.1.2018

XS
SM
MD
LG