Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне выйшла кніга беларускага габрэйскага пісьменьніка, закатаванага НКВД у 1937-м


Майсей Кульбак
Майсей Кульбак

Раман «Зельманцы» Майсея Кульбака выйшаў у новым нямецкім перакладзе.

Гэтаму твору ды яго аўтару была прысьвечана праграма на нямецкім радыё Deutschlandfunk.

Майсей Кульбак (20 сакавіка 1896, Смаргонь — 29 кастрычніка 1937, турма НКВД, Менск), падае аўтар перадачы Карстэн Гюк (Carsten Hueck), быў паэтам , празаікам і драматургам і лічыўся «зоркай літаратуры ідыш». Гэтая мова ў 1920-30-х гадах была адной з чатырох афіцыйных моваў БССР. Раман «Зельманцы» выйшаў у Менску дзьвюма кнігамі — у 1931 і 1935 гадах. Гэты твор быў перакладзены на розныя мовы, у тым ліку беларускую, расейскую, ангельскую ды нямецкую.

Героямі раману, які чыталі ў розных краінах, сталі некалькі пакаленьняў вялікай сям'і старога рэбэ Зельмеле, «чорнавалосыя, касьцістыя, з шырокім ілбом, мясістым носам, ямачкамі на шчоках» рамесьнікі, якія жылі ў адным з раёнаў цяперашняга Менску (вуліцы Аранская і Кастрычніцкая, там дзе фабрыка «Камунарка» ды сучасныя арт-пляцоўкі). Цяпер гэты квартал захаваўся выключна геаграфічна. Сто гадоў таму, у часы Кульбака, тут, як і ў астатніх гарадах БССР, шмат дзе гучаў ідыш, да дзьвярэй дамоў былі прымацаваныя мэзузы — скруткі пэргамэнту са скуры рытуальнай кашэрнай жывёлы, дзе зьмяшчалася цытата з габрэйскай малітвы. Гарадзкія двары былі невялікія, зь няхітрым побытам, у іх пастаянна гучалі габрэйскія песенькі.

Майсей Кульбак, адзначае Карстэн Гюк, апісвае ўсю гэтую сацыяльную рэальнасьць з гумарам, цеплынёй і алюзіямі на Гайнэ, Шэкспіра, Чэхава і Бабеля. Само стварэньне раману прыпала на час, калі ішло змаганьне Сталіна за ўладу ўнутры Палітбюро, і нарэшце ў 1929 годзе ён выйграў гэтую барацьбу. Пад пагрозай апынуліся і габрэі, хоць на той час іх традыцыі, мова і ідэнтычнасьць ўсё яшчэ працягваліся. Але ўжо у 1930 годзе Беларуская акадэмія навук на 120 старонках патлумачыла, што менавіта гэтыя традыцыі і ідэнтычнасьць контрарэвалюцыйныя і рэакцыйныя.

На той час творы Майсея Кульбака, які ў 1928 годзе пераехаў зь Вільні ў Менск, усё яшчэ выходзілі. У 1934 годзе адбыўся першы зьезд Саюзу пісьменьнікаў СССР, які абвясьціў сацыялістычны рэалізм у якасьці дактрыны. У яе раман «Зельманцы» ня ўпісваўся. У ім не было сацыялістычных герояў. Да таго ж аўтар ніяк не ўхваляў пачатак зьнікненьня традыцыйнага для Беларусі габрэйскага культурніцкага пласту, якое ён апісваў у сваім творы.

Майсей Кульбак з жонкаю і сынам
Майсей Кульбак з жонкаю і сынам

Майсей Кульбак быў арыштаваны ў верасьні 1937-га ў Менску. Яго асудзілі як чальца контрарэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай групоўкі да найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу.

Сёньня, адзначае Карстэн Гюк, мы чытаем раман як гістарычнае сьведчаньне і як магутнае, паэтычнае разьвітаньне зь сьветам, які існаваў яшчэ параўнальна нядаўна і гібель якога вельмі балюча ўсьвядоміў ягоны аўтар.

Новае выданьне «Зельманцаў» — гэта ўжо другі пераклад раману на нямецкую мову. Першы выйшаў у 1973 годзе ў бэрлінскім выдавецтве Volk und Welt.

Летась у нямецкім выдавецтве fotoTAPETA выйшаў іншы раман Кульбака - «Панядзелак», які ўпершыню быў выдадзены ў 1926 годзе ў Варшаве. Сёлета рыхтуецца выданьне гэтага раману на беларускую мову.

Расстраляныя літаратары. Мойша Кульбак, вытанчаны паэт з «трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG