«Любіце ўкраінскую мову? Яна родная для вас і вы хочаце, каб дзеці таксама размаўлялі, чыталі па-ўкраінску і глядзелі ўкраінскія мультфільмы? Або вашы малыя ўсё гэта ўмеюць і хочуць сябраваць зь іншымі ўкраінскамоўнымі дзеткамі? Тады чакаем на дзіцячых курсах у Менску!», — заклікаюць ініцыятары.
Як адзначыла Свабодзе адна з арганізатарак, кіраўніца Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў Наталка Бабіна, сёньня працуюць групы ўкраінскай мовы для дарослых у Менску і Гомлі. Дзіцячых набораў дагэтуль не было.
Паводле яе, гэта цалкам плён дзейнасьці ўкраінскай дыяспары. Актывісты дамовіліся з кіраўніцтвам Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур, знайшлі паразуменьне і прытулак для рэалізацыі сваёй ідэі.
«На першым этапе дзеткі будуць займацца да канца гэтага навучальнага году, гэта значыць да канца траўня, — дадае Наталка Бабіна. — І калі ўсё будзе нармальна, калі будзе дастатковая колькасьць ахвотнікаў, праца будзе працягнутая і на наступны навучальны пэрыяд».
Запіс на курсы ўкраінскай мовы яшчэ працягваецца. Наталка Бабіна разьлічвае, што першая дзіцячая група будзе цалкам укамплектаваная.