Кампанія Surf Horizon Limited са штаб-кватэрай на Кіпры падала судовы пазоў супраць былога кіраўніка выбарчага штабу цяперашняга прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Пола Манафорта і яго бізнэс-партнэра Рычарда Гейтса, абвінаваціўшы іх у незаконным прысваеньні значнай сумы грошай.
У пазове, пададзеным у Вярхоўны суд штату Нью-Ёрк, сьцьвярджаецца, што Манафорт і Гейтс неналежным чынам распарадзіліся амаль 19 мільёнамі даляраў, якія былі ім у 2008 годзе перададзены для куплі актываў групы ўкраінскіх тэлекамунікацыйных кампаній Black Sea Cable. Сьцьвярджаецца, што прынамсі 900 тысяч даляраў Манафорт і Гейтс прысвоілі сабе.
Летась Манафорта і Гейтса абвінавацілі ў працы на тэрыторыі ЗША ў якасьці незарэгістраваных агентаў уплыву замежнай дзяржавы, лябіяваньні інтарэсаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і яго «Партыі рэгіёнаў», а таксама ў незаконных фінансавых апэрацыях з замежнымі рахункамі.
Манафорт і Гейтс сваю віну не прызнаюць. Судовы працэс над імі пачнецца ў траўні 2018 году.
У лістападзе 2017 году Манафорта зьмясьцілі пад хатні арышт пад заклад 10 мільёнаў даляраў. Бізнэсовец знаходзіўся пад кругласутачным назіраньнем у сваім доме ў Вірджыніі і мог пакідаць яго толькі, каб прыйсьці ў суд. У сьнежні Манафорта вызвалілі з-пад хатняга арышту. Суд пагадзіўся зьмяніць умовы ўтрыманьня, але яго абавязалі насіць электронны бранзалет.
Абвінавачаньні, прад’яўленыя Манафорту, сталі першымі ў расьсьледаваньні расейскага ўмяшаньня ў леташнія выбары прэзыдэнта ЗША.
У ЗША вядзецца расьсьледаваньне верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. У пачатку жніўня спэцпрокурор ЗША Робэрт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў леташніх выбарах. Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніка Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква сваё дачыненьне да выбараў у іншых дзяржавах катэгарычна адмаўляе.