Апублікаваны поўны тэкст абвінавачаньня «ў справе аўтараў REGNUM». Раздрукоўка аўдыёзапісу зробленая валянтэрамі праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Рэгнумцам» Сяргею Шыптэнку, Дзьмітрыю Алімкіну і Юрыю Паўлаўцу інкрымінуюць «узбуджэньне ў іншых асоб нацыянальнай варажнечы па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасьці», 130 артыкул Крымінальнага кодэксу РБ, частка 3.
На мой погляд, самая галоўная прэтэнзія ўладаў да фігурантаў справы наступная: ацэньвалі «палітыку Рэспублікі Беларусь як антырасейскую». І як вынік: «Выклікалі ў насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі і расейскамоўнага насельніцтва Беларусі пачуцьцё абурэньня ў дачыненьні да ўладаў Рэспублікі Беларусь і ладжанай імі палітыкі».
У дакумэнце дзясяткі спасылак на тэксты, дзе, на думку пракурора, улады РБ пазначаюцца як нацыяналістычныя і антырасейскія. У беларускім кантэксьце паняцьце «ўлады» ёсьць тоесным паняцьцю «Лукашэнка».
Мне могуць сказаць, што ўлады РБ больш за 20 гадоў нішчылі нацыянальнае. А пасьля, каб абараніць не нацыянальнае само па сабе, а абараніць сябе, пачалі выкарыстоўваць нацыянальную тэму. Маўляў, гэта ўсё чарговае пустаслоўе, якое ня будзе мець уплыву на стан рэчаў у Беларусі.
Але.
Беларуская дзяржаўная сыстэма ад 1994 году стала вельмі моцнай бюракратыяй. А гэта значыць, што абвінавачаньне «рэгнумцам» робіцца дакумэнтам, на які па завяршэньні працэсу можна будзе спасылацца ў спрэчных сытуацыях «грамадзянін — чыноўнік» у тэме беларускай мовы і беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Вось толькі некаторыя цытаты з фармулёўкамі віны «рэгнумцаў»:
«Дэманструецца нэгатыўнае, зьедлівае, зьдзекліва-зьневажальнае стаўленьне да беларусаў, беларускай гісторыі і мовы»;
«Адмаўленьне гістарычнага мінулага беларусаў, зьвязанага з ВКЛ»;
«Прыніжэньне беларускай мовы як сродку камунікацыі ў сучасным беларускім грамадзтве»;
«Сьцьвярджаецца, што беларуская мова, як і ўкраінская, выміраючая»;
«Выказваецца нэгатыўнае стаўленьне да «беларусізацыі»;
«Фармуецца выснова пра нэгатыўныя наступствы беларусізацыі і аддзяленьня Беларусі ад Расеі»;
«Што беларуская нацыя была штучна сфармаваная ў канцы ХІХ ст.»;
«Што беларусы адно прамежкавы праект, каб расчляніць расейскі народ»;
«Што беларусаў як нацыянальнай групы не існуе»;
«Выказваецца нэгатыўнае, пагардлівае стаўленьне да пісьменьнікаў ды іншых культурных дзеячоў Беларусі»;
«Цьвердзіцца, што Беларусь частка расейскай тэрыторыі».
Прыведзеныя вышэй цытаты — толькі прыклады тэзісаў, якія вар’ююцца ў розных фармулёўках.
Што будзе азначаць зацьвярджэньне прыведзенага дакумэнту для краіны-бюракраткі — РБ?
Можна паўжартам сказаць, што выходзіць практычны дапаможнік для Ігара Случака ды іншых грамадзкіх актывістаў, якія бароняць беларускую мову ад зьнявагаў.
Але дэ-факта абвінавачаньне «рэгнумцам» — гэта сыгнал для чыноўнікаў усіх сфэр і найперш вышэйшай адукацыі, дзе нямала «заходне-русістаў», якія распавядаюць студэнтам пра «адзін народ» і «супольную гістарычную спадчыну з Расеяй», нівэлюючы тым самым беларускую нацыянальную самасьвядомасьць. Сыгнал пра тое, што трэба спыняць антыбеларускую прапаганду.
Адна справа, калі малаадукаваны юзэр штосьці плявузгне пра беларускую мову ў сацсетцы ці нявыхаваны работнік запраўкі агрэсіўна паставіцца да беларускамоўнага кліента. Іншая справа, калі беларусафобствуе службовец ў дзяржаўнай сыстэме.
Так, мы жывем у аўтарытарнай краіне без дэмакратычных свабодаў, але маем што маем і працаваць трэба ў тых умовах, якія ёсьць. Нават калі ўлада дбае не пра разьвіцьцё нацыянальнага, а пра абарону сябе ад расейскага інфармацыйнага ўплыву, але адначасова ня хоча з Расеяй сварыцца.
Стаўленьне да беларускай мовы ў грамадзтве вынікае са стаўленьня да Беларусі як такой.
За 26 гадоў незалежнасьці вырасла новая генэрацыя, у тым ліку ў дзяржаўнай сыстэме, якая ўжо далёкая ад савецка-імпэрскага ўяўленьня Беларусі як правінцыі Крамля.
Можа сапраўды тэма нацыянальнай самаідэнтыфікацыі хвалюе колькасную меншасьць грамадзян, якія актыўнічаюць у сацсетках і на форумах інтэрнэт-СМІ. Але гэтая меншасьць мае права на абарону сябе ад абразаў нацыянальных гонару і годнасьці.
Людзьмі кіруюць ня толькі халадзільнікі. Вайны-голаду-дэфіцыту даўно няма. Сучасны чалавек дбае пра поўны камфорт у грамадзкім жыцьці. А гэта і пачуцьцё справядлівасьці, павагі да цябе, рэалізацыі свайго «я» ва ўсіх грамадзкіх сфэрах.
Пытаньне павагі да беларускай мовы, і шырэй — да беларускай ідэі — толькі адзін з прыкладаў камфорту жыцьця ў грамадзтве.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.