Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская пракуратура: «чарнобыльскія» грошы выкарыстоўваюцца нядбайна, грыбы правяраюцца рэдка


Гомельская абласная пракуратура
Гомельская абласная пракуратура

У Гомельскай вобласьці неэфэктыўна выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі, прызначаныя на пераадоленьне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Такую выснову зрабілі Гомельская абласная пракуратура і рэгіянальны Камітэт дзяржкантролю.

На сумеснай калегіі яны падсумавалі вынікі праверак выкананьня Дзяржаўнай чарнобыльскай праграмы на 2011–2015 гады і на пэрыяд да 2020 году.

Праверкай выяўлены шэраг нерэалізаваных профільных праектаў. Прыкладам, у Веткаўскім раёне ня зроблена рэканструкцыя станцыі абезжалезьваньня пітной вады, не пабудаваныя каналізацыя і ачышчальныя прыстасаваньні.

У Чачэрскім раёне зацягваюць рэканструкцыю інавацыйнай фэрмы для вырошчваньня племяннога пагалоўя сьвіней з цэхам перапрацоўкі.

Органы пракуратуры, адзначана ў паведамленьні, узбудзілі некалькі крымінальных спраў, якія зьвязаныя зь нямэтавым выкарыстаньнем сродкаў пры закупе абсталяваньня для харчовых прадпрыемстваў.

У Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Гомельскім раёнах мелі месца выпадкі вырошчваньня сельгаспрадукцыі на заражаных радыянуклідамі землях без адпаведнага дазымэтрычнага кантролю.

Выяўлены неабгрунтаваныя выплаты дапамогі асобным катэгорыям працаўнікоў, якія накіроўваліся ў чарнобыльскія раёны. Ёсьць факты і несвоечасовых выплатаў такой дапамогі.

Аналіз зьвестак, пададзеных у пракуратуру Гомельскім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, паказаў, што ў заражаных радыяцыяй раёнах грыбы й ягады, якія зьбірае насельніцтва, правяраюцца надзвычай рэдка. Таму ня выключана, што ў ежу трапляюць «дзікаросы», у якіх утрыманьне радыянуклідаў вышэйшае за дапушчальны ўзровень.

«Радыяцыя нікуды не сышла»

Намесьніца галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Гомельскай вобласьці па пытаньнях гігіены Сьвятлана Саварына кажа, што ўсе раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі бясплатна правяраюць грыбы й ягады для насельніцтва на наяўнасьць радыянуклідаў цэзію-137, а занальныя цэнтры ў Мазыры й Рэчыцы — яшчэ й на стронцый-90.

«Бяда ў тым, што многія людзі, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях, звыкліся з радыяцыяй, ня думаюць пра сваё здароўе і здароўе родных, хоць цэнтры гігіены разам з выканкамамі тлумачаць, папярэджваюць, што грыбы й ягады, а таксама вылаўленую рыбу трэба абавязкова правяраць. Яны па-ранейшаму могуць утрымліваць значна больш радыянуклідаў, чым прадугледжана санітарнымі ўзроўнямі», — кажа Сьвятлана Саварына.

Паводле намесьніцы галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Гомельшчыны, радыяцыя «нікуды не сышла, не распалася канчаткова». «Нават на адносна „чыстых“ тэрыторыях могуць быць вельмі „брудныя“ плямы», — кажа яна.

Што да суб’ектаў гаспадараньня, то, па словах спэцыялісткі, кожнае прадпрыемства, якое выпускае харчовую прадукцыю альбо сыравіну для яе, абавязана паводле заканадаўства праводзіць радыялягічныя замеры.

«Карысных радыянуклідаў не бывае». Навукоўцы пра рутэній-106, воблака зь якім прайшло над Беларусьсю

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG