Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакутую — значыць існую»: «Лялька» Баляслава Пруса


Марына Казлоўская
Марына Казлоўская

Баляслаў Прус, «Лялька»; Менск 2017; «Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў»; пераклад з польскай Галіны Жарко і Міколы Хаўстовіча.

Адной з самых плённых стратэгій, распаўсюджаных сярод беларускіх перакладчыкаў пры выбары мастацкіх тэкстаў, зьяўляецца зварот да сусьветнай клясыкі, безь якой аніводная нацыянальная культура ня можа пачувацца паўнавартаснай. Кнігі, што выйшлі за апошнія гады («Калевала» і «Рыгведа», «Калядны харал» Ч. Дыкенса і тры зборнікі пра прыгоды Шэрлака Холмса, дзясяткі томікаў, якія за апошнія паўтара гады надрукаваў Зьміцер Колас у сэрыі «Паэты плянэты» і, на шчасьце, многія-многія іншыя), − добрае таму пацьверджаньне.

Культавая «Лялька» Баляслава Пруса (1847–1912), грунтоўна перакладзеная з польскай мовы Міколам Хаўстовічам і Галінай Жарко і выдадзеная летась Уладзімірам Сіўчыкавам, − адзін з удалых прыкладаў рэалізацыі гэтай стратэгіі, спроба дапоўніць беларускую культуру клясычным раманам, які ў 1870-я празь вядомыя гістарычныя абставіны проста ня мог паўстаць па-беларуску.

«Лялька» Баляслава Пруса, безумоўна, раман для людзей, якія навучыліся чытаць у датвітарную эпоху і якіх не паралізуе выгляд колькісотстаронкавай кнігі.

Гэта твор пра самае банальнае і самае неабходнае чалавеку

Гэта твор для аматараў сэрыялаў пра самае банальнае і самае неабходнае чалавеку — пра каханьне. Зрэшты, сам раман у яго першапачатковым выглядзе задумваўся як своеасаблівы сэрыял узору ХІХ стагоддзя: разьдзелы твору з 1887 па 1889 гады друкаваліся ў варшаўскай газэце Kurier codzienny, што, пагадзіцеся, было пэўным выпрабаваньнем чытацкага цярпеньня (да гісторыі першавыданьня твору акурат і адсылае адмысловае афармленьне беларускага перакладу).

Нягледзячы на дастаткова зьбітую тэму, чытач мае справу са складаным творам, у якім пакручаста перапляліся асноўныя мастацкія трэнды ХІХ стагодзьдзя (рамантызм, рэалізм, натуралізм, пазытывізм), што робіць твор цікавым і для чытача, добра абазнанага ў гісторыі эўрапейскай літаратуры.

Асноўнае дзеяньне раману ахоплівае даволі кароткі прамежак часу — 1878–1879 гады, але яно пашыраецца, адкрываючы перад чытачом мінулае герояў, дзякуючы «Дзёньніку старога крамніка» Жэцкага, што разбаўляе традыцыйную аднастайнасьць аповеду ад трэцяй асобы, робячы вобраз галоўнага героя часам нават вельмі суб’ектыўным.

Той, хто працуе, − галадае, каб карміць дармаедаў

Такім чынам, перад чытачом паўстае Варшава (якая часам зьмяняецца польскай правінцыяй, а зрэдчас — цэнтрам Сусьвету — Парыжам) канца 1870-х гадоў. Баляслаў Прус у лепшых традыцыях літаратуры свайго часу малюе панарамную карціну польскага соцыюму другой паловы пазамінулага стагодзьдзя (ад прастытуткі на барона), не баючыся дыягназаваць «поўную разбэшчанасьць і выраджэньне»: «Адны гінуць ад галечы, іншыя — ад распусты. Той, хто працуе, − галадае, каб карміць дармаедаў. Міласэрнасьць гадуе нахабных лайдакоў, а ўбоства, якое ня ў стане абзавесьціся хоць нейкім майном, плодзіць вечна галодных дзяцей, адзіная станоўчая якасьць якіх — раньняя сьмерць. Тут не дасьць рады нехта адзін з ініцыятываю, бо ўсё тут у змове, каб яго аблытаць па руках і нагах, зьнясіліць пустою і бессэнсоўнаю барацьбою».

Фактычна Баляслаў Прус паказвае дэградацыю традыцыйнага грамадзтва, падрабязна выпісваючы заняпад яго эліты — арыстакратыі. Цікава, што ў беларускай літаратуры таксама ёсьць тэкст, дзеяньне якога адбываецца ў той самы час, прысьвечаны той самай праблеме — выміраньню ранейшай (родавая шляхта) і паступоваму нараджэньню новай (інтэлігенцыя) эліты. Я маю на ўвазе знакамітую аповесьць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляваньне караля Стаха».

Галоўным героем «Лялькі» акурат і зьяўляецца прадстаўнік новай эліты, вобраз, што зьвязвае прастытутку і барона — 45-гадовы купец Станіслаў Вакульскі, чалавек з багатым жыцьцёвым досьведам: хлопчык на пасылках, студэнт і навуковец, паўстаўнец 1863 году, высланы ў Сыбір за свае погляды, муж па разьліку і, нарэшце, пасьпяховы бізнэсовец, які зарабіў сабе імя і капіталы на вайсковых пастаўках і мае ўсе шанцы неўзабаве стаць мільянэрам.

Вобраз Стаха Вакульскага вельмі прывабных для тых, хто ў нашым плыткім ХХІ стагодзьдзі пасьпеў засумаваць па Чалавеку, у якога ёсьць «адзін тытул — праца, другі — сумленнасьць, трэці — здольнасьці, чацьвёрты — энэргія…».

Вакульскі — тыпаж, добра вядомы беларускаму чытачу з урокаў клясычнай рускай літаратуры. Ён традыцыйны рамантычны герой, тытанічная асоба, што становіцца «лішнім чалавекам» у сьвеце нездаровага прагматызму, дзе людзі бессаромна гандлююць сабой.

Вакульскі – спроба рэабілітаваць чалавека, які зрабіў сябе сам

Станіслаў Вакульскі — спроба рэабілітаваць чалавека, які зрабіў сябе сам, ведае цану грошам, не саромеецца гэтага, але і ня робіць з памнажэньня капіталу самамэты, бо мэтай у чалавечым жыцьці можа быць толькі каханьне: «Ён адчуваў толькі, што яна стала нейкім містычным цэнтрам, у якім сыходзяцца ўсе ягоныя ўспаміны, жаданьні і надзеі, тым сьветачам, безь якога жыцьцё ня мела гармоніі і нават сэнсу. Бакалейная крама, унівэрсытэт, Сыбір, жаніцьба з удавой Мінцля і нарэшце выпадковае наведваньне тэатру, куды ісьці зусім не хацелася, − усё гэта былі сьцежкі і этапы, па якіх лёс вёў яго, каб ён убачыў панну Ізабэлу».

Ідэальнае каханьне Вакульскага, аздобленае рамантычнымі вершамі Адама Міцкевіча, робіць яго спагадлівым чалавекам, здольным дапамагчы бліжняму: «Нішто яго раней не ўражвала. І толькі калі моцны асабісты боль пераараў і пераскародзіў яго душу, у ёй, палітай уласнай крывёю і нябачнымі сьвету сьлязьмі, вырасла небывалая расьліна — усёабдымная спагада да людзей, да жывёл, нават да прадметаў, якія называюць нежывымі».

Зь іншага боку, абагаўленьне каханай ператварае чалавека ў ляльку, у марыянэтку ў руках нявартай яго жанчыны: «Толькі цяпер яна зразумела, як горача любіць тую сваю духоўную айчыну, дзе крыштальныя жырандолі замяняюць сонца, дываны — зямлю, статуі і калёны — дрэвы. Тую другую айчыну, што аб’ядноўвае арыстакратыю ўсіх народаў, раскошу ўсіх эпох і самыя лепшыя дасягненьні цывілізацыі».

Паводле задумы Баляслава Пруса, раман мусіў мець назву «Тры пакаленьні» і раскрыць перад чытачамі лёс трох генэрацый польскіх ідэалістаў (старога крамніка Жэцкага, купца Вакульскага і маладога вынаходніка Ахоцкага), якія на сабе зазналі, што такое страчаныя ілюзіі.

Апрача вечнай тэмы каханьня, выпрабаваньня пачуцьцяў, у рамане многа матываў, за разьвіцьцём якіх надзвычай цікава сачыць з пазыцыі ХХІ стагодзьдзя.

Кабета – яшчэ горшая муха, бо пазбаўленая лап і крылаў

Вось, да прыкладу, цікавыя і надзвычай непаліткарэктныя ў наш час развагі пра прызначэньне жанчыны: «Калі мужчына з духоўнага пункту гледжаньня зьяўляецца мухай, дык кабета — яшчэ горшая муха, бо пазбаўленая лап і крылаў. Выхаваньне, традыцыі, можа, нават спадчыннасьць, якія нібы робяць зь яе істоту вышэйшую, робяць зь яе істоту пачварную. І гэты нікчэмны вырадак — са скрыўленымі ступакамі, зь пераціснутым тулавам, з неразьвітымі мазгамі — мае абавязак выхоўваць будучыя пакаленьні чалавецтва! Што ён ім прышчэпіць?… Наша мяккасьць у жыцьці, наша непрактычнасьць, гультайства, дагодлівасьць і тая жахлівая бязмозгасьць, якая вякамі гняце чалавецтва, − гэта вынік пэдагогікі, створанай кабетамі. Зноў жа, нашы кабеты — гэта плод клерыкальна-фэадальна-паэтычнай тэорыі, зьнявага гігіены і здаровага сэнсу».

А вось сымптом зьяўленьня ў грамадзтве вобразу чужога (маладога купца Генрыка Шлянгбаўма), супраць якога можна аб’яднацца, каб скіраваць на яго сваю агрэсію і абвінаваціць яго ў сьмяротных грахах, што, як мы ведаем, празь некалькі дзесяцігодзьдзяў выльецца ў Катастрофу: «На жыдоў касавурацца ўсё больш і больш. Дайшло ўжо да чутак, што жыды хапаюць хрысьціянскіх дзяцей і забіваюць іх на мацу».

Такім чынам, раман «Лялька» Баляслава Пруса здольны ўпрыгожыць доўгія зімовыя вечары вельмі рознага кола чытачоў і стаць добрай глебай для роздуму над разнастайнымі праблемамі ХХІ стагодзьдзя.

Марына Казлоўская

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG