У больніцы Марына Весялуха вяла дзёньнік, які апублікавала пасьля выпіскі. Запісы разьмясьцілі ў сябе буйныя і дробныя інтэрнэт-выданьні. Цяпер, кажа дзяўчына, да яе ставяцца ледзьве не як да экспэрта ў псыхіятрычных праблемах.
Раскажу, як я трапіла ў больніцу. Усё пачалося на пачатку чэрвеня. Мне даўно сябры казалі, што ты нейкая не такая, у цябе дэпрэсьняк ці нешта падобнае. Cябар параіў псыхатэрапэўта. Хадзіла ў прыватную клініку. Піла антыдэпрэсант, гэта быў стымулюючы інгібітар сэратаніну, які ў выніку пачаў працаваць супраць мяне.
Пад уплывам гэтых таблетак я пачала сябе рэзаць — рукі, ногі. Я люблю прадказальны, зразумелы боль. Прывітаньне маркізу дэ Саду! Калі татуіроўку робіш ці калі ты сама сябе парэзала і баліць менавіта гэты парэз. Ты разумееш, што менавіта баліць і як з гэтым абыходзіцца. Ок, баліць, крута, я жывая, я з гэтым неяк працую — мажу крэмам, спэцыяльнымі гаючымі сродкамі. Я не хачу сябе забіваць, але боль мне патрэбен. Потым я пыталася ў псыхіятраў, ці гэта адхіленьне? Калі любіш боль, жорсткі сэкс? Мне сказалі, што гэта проста адметнасьць характару.
Я пакуль ня ўмею з гэтым жыць, і я сказала, што мне трэба дапамога. Казала: зрабіце што-небудзь з гэтым. Мне было настолькі дрэнна, што я баялася, што я сябе заб’ю — перайду мяжу, калі проста раблю сабе балюча.
Перад самой больніцай я не ўставала, ня ела, ляжала пад коўдрай, не хадзіла ў душ. Пры гэтым ненавідзела сябе за тое, што я вось такая, дзіўная. Так працягвалася тыдні два. У мяне былі панічныя атакі. Ведаеш, што табе трэба штосьці зрабіць, а разумееш, што ня можаш. І цябе трасе. Рэальна ляжыш пад коўдрай, і цябе калоціць.
Бацькі настаялі, што мне патрэбная дапамога. Спачатку завезьлі да іх, а пасьля ў Горадню. Я туды ехала з ноўтам, купай паперак, раздруковак, зьбіралася пісаць, працаваць. Везьлі кшталту «на курорт». А трапіла ў закрытае аддзяленьне, дзе зь мяне зьнялі завушніцы і пастрыглі пазногці. У адкрытае пабаяліся класьці, бо былі парэзаныя рукі, маўляў, суіцыдніца, трэба нагляд. Адабралі ўсё, і я праляжала там тыдзень.
Гэта быў вялікі стрэс. У закрытае аддзяленьне трапляюць і 17-гадовыя суіцыдніцы, якія штосьці сабе парэзалі. І малалетнія дзяўчаты-сіроты, якіх дырэктары інтэрнатаў палічылі ненадзейнымі. І вельмі сур’ёзныя хворыя, зь якімі абсалютна страшна знаходзіцца побач. Табе і так дрэнна, а кожную раніцу ты прачынаесься і бачыш брудныя халаты, ускудлачаных людзей.
Нельга так, каб проста дэпрэсіўныя людзі знаходзіліся побач з тымі, у каго шызафрэнія і біпалярны сындром. У любы момант такі чалавек можа схапіць цябе за валасы і шкамутаць. Гэта страшна насамрэч.
Калі ты трапляеш у такое аддзяленьне, усіх спачатку кладуць у палату назіраньня. Потым мне сказалі, што гэта такая шокавая тэрапія. Калі мяне туды паклалі, я была ў шоку сапраўдным. Баялася там спаць. Там знаходзяцца людзі, за якімі трэба ўвесь час сачыць, каб яны з сабой ці са сваімі суседзямі што-небудзь не зрабілі. Таму ў палатах шкляныя дзьверы, у сьценах вокны, а на вокнах на вуліцу краты. У прыбіральні побач з гэтымі палатамі ў кабінках няма дзьвярэй. У пакоі ляжыць чалавек па дзесяць. Пазьней доктар сказала: мы ўсіх новых пацыентаў туды кладзём, а паколькі я была трохі парэзаная (я заўсёды парэзаная), яны баяліся, што я што-небудзь з сабой зраблю.
Але праз пару гадзін мяне перавялі ў нармальную палату. Да шызафрэнікаў.
Было вельмі цяжка. У мяне абсалютна забралі прыватнасьць. Нават у прыбіральні ты ня можаш замкнуцца. У любы момант да цябе могуць прыйсьці і нешта з табой зрабіць. Я адмаўлялася ад агляду гінэколяга, але мяне прымусілі: абавязковая працэдура. Калі бяруць аналізы, то ня кажуць, навошта. Ты пытаесься, табе не адказваюць. Ставяць кропельніцу, ты пытаесься: што гэта? І табе не адказваюць. Кажуць — доктар раскажа. А дзе знайсьці доктара?
Побытавыя ўмовы жахлівыя. Як на мяне, жахлівыя. Жудасны ложак, ежа... Ёсьць ванна, дзе можна мыцца раз на тыдзень. На ўсё астатняе кажуць — «мыйцеся ў ракавіне». Ёсьць бідэ, але да яго нават дакрануцца страшна. Ты прыходзіш раніцай у прыбіральню, а каля ракавін голыя людзі нешта мыюць. Па першым часе мне было вельмі цяжка нават распрануцца, калі на цябе ўсе глядзяць. А паколькі я ўся ў татуіроўках і ў мяне прыгожае цела, то разглядаюць.
У гэтым аддзяленьні ляжаць усе. І людзі з шызафрэніяй, і проста з дэпрэсіяй, нармальныя, спакойныя. І да ўсіх ставяцца аднолькава.
Я была проста прадметам. Нейкае цела, якое без суправаджэньня нікуды не выходзіць. І ўвогуле нікуды не выходзіць, бо на вуліцу выходзіць нельга. Хаця там у распарадку дня прапісаныя прагулкі, але іх няма. Я тыдзень не выходзіла з бальнічкі. Не магла нават сама адчыніць вакно. Можна папрасіць мэдсястру праветрыць палату. А так — не, усё забаронена.
Некаторыя хадзілі на мяне паглядзець, як на малпачку: «Ой, тут журналістка зь Менску! А што ты тут у нас робіш?!»
У больніцы са мной працавалі псыхоляг, псыхіятар і псыхатэрапэўт. Псыхатэрапэўта я бачыла адзін раз. Насамрэч мне было вельмі дрэнна. Ты разумееш, што ты ў закрытым памяшканьні і незразумела калі выйдзеш. Мяне ратавала кніжка Фаўлза і мой дзёньнічак, які я пісала штодня.
Прыйшла да псыхатэрапэўта, таксама ня ведаючы, хто гэта і куды мяне вядуць. Спрабавала быць вясёленькай і распавяла ў 325-ы раз пра тое, што са мной здарылася. А яна кажа: «А што ты такая вясёлая? А чаму ты не карыстаесься момантам, не ляжыш і ня плачаш? Калі ты яшчэ так зможаш паляжаць і паплакаць?» Я кажу: «Мне і так зараз вельмі кепска ад гэтага ўсяго. Навошта цяпер яшчэ ляжаць і плакаць?» Гэта было за дзень да маёй меркаванай выпіскі.
Псыхоляга бачыла аднойчы, яна правяла са мной звычайнае тэставаньне кшталту таго, як мы ва ўнівэрсытэце на псыхалягічнай дыягностыцы вывучалі. Спыталася пасьля, што я тут раблю.
А псыхіятар працавала са мной увесь час, штодня прыходзіла, назірала за мной. Глядзела, як на мяне ўплываюць таблеткі, якія мне прапісвала. Рэгулявала дозу. Псыхіятар мне патлумачыла, што ў мяне цыклятымія. Гэта не дыягназ, ён на мяжы хваробы і адметнасьцяў характару. Нідзе не рэгіструецца. Сказалі некалькі месяцаў папіць антыдэпрэсанты і хадзіць да псыхатэрапэўта.
Цыклятымія — гэта такі стан, калі чалавек часам вельмі актыўны, а часам вельмі пасіўны. Я, напрыклад, тыдзень магу вельмі актыўнічаць, многа працаваць. За гэты час моцна стамляюся, і мне трэба адпачынак — закрыцца ад людзей і нікога ня бачыць. Таму тыдзень магу проста ляжаць.
Я вучуся з гэтым жыць. Улетку піла адзін антыдэпрэсант. У больніцы мне прапісалі два. Адзін стымулюючы, я піла яго з раніцы, каб магла ўстаць з ложка. А другі ўвечары, каб магла заснуць, бо ў мяне і цяжкасьці са сном. Зараз, празь месяц пасьля больніцы, я іх кінула. З таблеткамі сама сябе не пазнаю. І ніхто мяне не пазнае. Спрабую зноў быць сабой без таблетак. Пайду да псыхааналітыка, калі зразумею, што эфэкт ад таблетак прайшоў. Хачу трапіць да псыхааналітыка сабой.
Бацькам складана штосьці патлумачыць. У стане пасіўнага заляганьня пад коўдрай я абсалютна нікога не магу бачыць, мяне раздражняе любы кантакт зь людзьмі. Я нават па тэлефоне размаўляць не магу. Любы шум, любыя гукі раздражняюць. Мне трэба проста цішыня і ляжаць. Я прашу бацькоў проста пачакаць некалькі дзён і не чапаць мяне. Але яны гэтага не разумеюць. Ім трэба прыйсьці, стаць нада мной, трэсьці мяне і казаць: «Што з табой, Марына? Марына, уставай! Уставай!».
У нашай краіне вельмі складана знайсьці псыхалягічную дапамогу. Я і цяпер сама ня ведаю, куды зьвяртацца. Першы раз пайшла, бо мне сябар сказаў, запісаў, заплаціў. Проста сказаў: дайдзі. І я дайшла. У нас няма культуры зьвяртацца да псыхолягаў псыхатэрапэўтаў, няма даступных зьвестак пра такую дапамогу. Калі ў цябе панічная атака, то ты ня будзеш гугліць, што з гэтым рабіць, ты гэтага проста не кантралюеш. А калі ходзіш да псыхатэрапэўта, то ў грамадзтве ўжо лічыцца, што з табой нешта ня так.
А наша журналісцкая прафэсія абсалютна вымагае такой дапамогі. Можа, нават і кожнаму журналісту свайго псыхоляга завесьці. Мы ўвесь час працуем, мазгі ніколі не выключаюцца. Дахаты прыходзіш — чытаеш па працы, глядзіш нешта па працы. Куды ні пайшоў — усё прадумваеш праз працу, аналізуеш, як гэта расказаць, напісаць, выкарыстаць. Ад гэтага трэба адпачываць. А ў нас праца — гэта жыцьцё.
На працы ставяцца добра. Мой «псыхушачны» дзёньнічак сабраў усе рэйтынгі, усе пачыталі, усе перадрукавалі. Хаця мяне абвінавачвалі нават у тым, што я спэцыяльна зымітавала псыхалягічную хваробу, каб трапіць у псыхушачку і зрабіць сабе імя як журналістка. Многія просяць пракамэнціць усё, што зьвязана з псыхалягічным здароўем. Напісаць пра фільмы пра псыхушачку, пра кніжку.
Што мяне прывяло да больніцы? Шмат працы штодзень. Я ня ўмею адпачываць.
Тое, што адбылося, мяне моцна паламала.
Калі я падпісвала згоду на шпіталізацыю, проста ня ведала, куды іду. Цяпер аніколі ў жыцьці не пайду туды і не падпішу аніякіх папер.
Тут павінна быць нейкая выснова: свайго доктара — псыхоляга, псыхіятра, тэрапэўта, аналітыка знайсьці вельмі складана. Але калі адчуваеце, што вам патрэбная дапамога, то прасіце. Можна мне пісаць у сацыяльных сетках, я параю, куды зьвярнуцца.
Камэнтар псыхоляга, гештальт-тэрапэўта Марыны Качановіч:
— Трэба дбаць пра сваё псыхалягічнае здароўе. Часта даводзіцца чуць такія побытавыя меркаваньні: «Калі я сам не змагу разабрацца, пайду да спэцыяліста», «Лепш паразмаўляю зь сябрам», «Я ж не вар’ят, каб ісьці да псыхоляга». Але мы ж самі сабе ня лечым зубы і не стрыжом валасы. Мы ўсе носьбіты псыхікі, як і носьбіты мовы. Але прафэсійны псыхоляг ці прафэсійны філёляг валодаюць адмысловымі ведамі, пра якія звычайны чалавек можа ня мець нават уяўленьня.
Самыя падставовыя правілы — гэта клопат пра сябе. Сон, добрая ежа, спорт, камфортнае месца жыхарства і працы. Варта час ад часу задаваць сабе пытаньне: як я сябе адчуваю, ці задаволены я сваім жыцьцём, сваімі адносінамі. І галоўнае — верыць самому сабе. Не казаць: «Ай, гэта проста цяпер такі пэрыяд, усё будзе добра». Само ня будзе, трэба прыкласьці намаганьні, клапаціцца пра сябе кожны дзень.
Зьвярнуцца да спэцыяліста можна ў любы момант, ня трэба чакаць моцнага крызісу ці цяжкіх сымптомаў. Па-першае, можна схадзіць пазнаёміцца, параспытваць, з чаго складаецца праца, што параіць рабіць спэцыяліст. Можна схадзіць да некалькіх, пазнаёміцца, прыслухацца да сябе — як вам з гэтым чалавекам. Выбраць свайго. Можна пахадзіць нейкі час, зрабіць перапынак. Можна скончыць тэрапію і пачаць нанова. Гэта ж не такое рашэньне, што на ўсё жыцьцё. Можна прасьцей да гэтага ставіцца.
У Беларусі не існуе добрага кантролю якасьці працы ў прафэсіях, якія дапамагаюць. Лепш за ўсё ісьці па рэкамэндацыі. Калі выбіраеце праз інтэрнэт, зьвярніце ўвагу на адукацыю — вышэйшая псыхалягічная, плюс праграма падрыхтоўкі псыхатэрапэўта на некалькі год, дадатковыя спэцыялізацыі, гадзіны асабістай тэрапіі, праца пад супэрвізіяй. Гэта такія рацыянальныя рэчы.
Таксама вельмі важна, каб вам спадабаўся чалавек. Глядзіце фатаздымкі, прачытайце яго тэксты, і тут ужо прыслухайцеся сэрцам. Тэрапэўтычныя адносіны — гэта праца, але гэта ў першую чаргу сустрэча двух людзей.