Майк Пампэа заявіў, выступаючы па амэрыканскім канале CBS, што расейскае ўмяшаньне носіць доўгатэрміновы характар і працягваецца. Калі Пампэа спыталі, ці робіць Масква спробы падрыву выбараў у ЗША ў цяперашні час, ён адказаў:
«Так, гэта працягваецца дзесяцігодзьдзямі. Мяне гэта па-ранейшаму турбуе, прычым намаганьні ня толькі расейцаў, але і іншых, — сказаў ён, не ўдаючыся ў дэталі. — У нас ёсьць мноства ворагаў, якія хочуць падарваць заходнюю дэмакратыю».
Раней спэцслужбы ЗША прыйшлі да высновы, што Расея ўмешвалася ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе, каб дапамагчы прэзыдэнту Дональду Трампу перамагчы. Умяшаньне, у прыватнасьці, заключалася ва ўзломе і публікацыі электроннай перапіскі, якая паставіла кандыдата ад дэмакратаў Гілары Клінтан у няёмкае становішча, а таксама ў прапагандзе ў сацыяльных сетках.
Масква адмаўляе якое-кольвек умяшальніцтва ў амэрыканскія выбары 2016 году з мэтай дапамагчы перамозе рэспубліканца Трампа. Спэцпракурор Робэрт Мюлер імкнецца высьветліць, ці былі пры гэтым зьдзейсьненыя злачынствы.
Два былыя паплечнікі Трампа, былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы Майкл Флін і супрацоўнік перадвыбарчага штабу Джордж Пападопулас, прызналі сябе вінаватымі ў паведамленьні непраўдзівых зьвестак ФБР у сувязі з расьсьледаваньнем расейскага ўмяшаньня. Трамп адмаўляе якую-кольвек змову свайго перадвыбарчага штабу з Расеяй.
Наступныя буйныя выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе 2018 году, калі рэспубліканцы ў Кангрэсе паспрабуюць захаваць сваю вырашальную перавагу над дэмакратамі, піша «Голас Амэрыкі».