Алег Дулуб, які апошнім часам працаваў ва ўкраінскай прэм’ер-лізе, падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ.
З траўня 2015 года да кастрычніка 2016-га Дулуб узначальваў менскую прыватную каманду «Крумкачы» і вывеў іх зь першай лігі ў вышэйшую. Пасьля быў галоўным трэнэрам львоўскіх «Карпат», а з верасьня па сьнежань 2017 года — адэскага «Чарнаморца».
Алег Дулуб сказаў у інтэрвію «Прессболу», што дзеля пераходу ў БАТЭ яму давялося выкупіць свой кантракт у «Чарнаморца».
«Для мяне гэта чарговы выклік. Супастаўны з пераездам зь Беларусі ва Украіну, калі першапачаткова ведаў, што будзе вельмі цяжка. Асабліва на першым часе. Гэта своеасаблівая праверка: ці ўсё ты робіш правільна? І са свайго боку ты ставіш на кон сваю дзелавую рэпутацыю», — сказаў Алег Дулуб адносна пераходу на пасаду галоўнага трэнэра БАТЭ.
Старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі сказаў «Прессболу», што ў Алега Дулуба ёсьць напрацоўкі па праграме разьвіцьця клюба ў цэлым.
«Але мы іх адаптуем, бо велізарныя грошы мы закапалі ў дзіцяча-юнацкім футболе. За апошнія чатыры гады на яго выдаткаваная сума каля 2,5 млн даляраў. Гэта, падкрэсьліваю, не ўлічваючы дубля».