Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга, якая ўзрушыла Белы дом


Дональд Трамп, 31 сьнежня 2017
Дональд Трамп, 31 сьнежня 2017

Кніга амэрыканскага журналіста Майкла Ўолфа «Агонь і лютасьць: Белы дом Трампа знутры», якая яшчэ не зьявілася ў продажы, стала галоўнай палітычнай падзеяй новага году ў Вашынгтоне.

Кніга апавядае аб першых месяцах прэзыдэнцтва Дональда Трампа, галоўным чынам, на аснове інтэрвію з людзьмі зь яго атачэньня. Сэнсацыйныя цытаты з кнігі ўжо разышліся па загалоўках шматлікіх артыкулаў.

Крытыкі Трампа настойваюць: гэтая кніга даказвае іх сьцьвярджэньні аб тым, што прэзыдэнт не адпавядае пасадзе, якую заняў. Прыхільнікі Трампа кажуць, што ў гэтай кнізе няма нічога, акрамя чутак і здагадак, а адвакат кіраўніка амэрыканскай дзяржавы патрабуе ад выдавецтва затрымаць выхад у сьвет гэтай кнігі, пагражаючы судовым перасьледам.

Калі верыць самому Майклу Ўолфу, кніга стала вынікам яго шматмесячнага назіраньня за дзейнасьцю прэзыдэнцкай адміністрацыі. Ён атрымаў амаль неабмежаваны доступ у Белы дом, санкцыянаваны нібыта самім прэзыдэнтам, і правёў больш чым дзьве сотні інтэрвію з людзьмі з атачэньня Дональда Трампа. Хто з бліжэйшага атачэньня прэзыдэнта супрацоўнічаў з Ўолфам, незразумела. Відавочна толькі, што большая частка сэнсацыйных цытат належыць былому галоўнаму стратэгу адміністрацыі Трампа Стывэну Бэнану, які сышоў з Белага дома некалькі месяцаў таму. Ён не адмаўляецца ад аўтарства прыпісваных яму словаў. Сам Дональд Трамп называе кнігу фальшывай, кажучы пра тое, што не даваў яе аўтару доступу ў Белы дом.

Цікава, што сам Ўолф робіць важную агаворку. Ён прызнае, што нярэдка яго крыніцы давалі супярэчлівую інфармацыю і яму даводзілася нешта дадумваць. І атрымаўся партрэт прэзыдэнта, які ў сапраўднасьці не разьлічваў на перамогу на выбарах і прыйшоў у Белы дом непадрыхтаваным да ролі кіраўніка дзяржаўнай машыны, партрэт чалавека, асабістыя якасьці якога ашаламляльна адрозьніваюцца ад яго папярэднікаў на пасадзе прэзыдэнта ЗША.

Сам Дональд Трамп, сьцьвярджае Ўолф, ня верыў у перамогу, а зыходзіў з таго, што не зусім разгромнае паражэньне на прэзыдэнцкіх выбарах прынясе яму вядомасьць, якая шмат чаго вартая і якую можна манэтызаваць. Розныя суразмоўцы аўтара кнігі шмат гавораць пра невуцкія рэплікі Трампа, нелюбоў да чытаньня і любоў да ток-шоў на кабэльных тэлеканалах. Свая ўласная інаўгурацыя нібыта ўвяла прэзыдэнта ў дэпрэсіўны стан, таму што на ёй не было зорак поп-культуры першай велічыні. Яго дачка Іванка, паводле Ўола і яго крыніц, выношвае ідэю барацьбы за прэзыдэнцтва, лічачы, што ў яе ёсьць шанцы стаць першай жанчынай-прэзыдэнтам.

Самую сур’ёзную ўвагу на гэтым цалкам скандальным фоне прыцягнула рэпліка Стывэна Бэнана, дакладней, яго ацэнка паводзін сына прэзыдэнта, Дональда Трампа-малодшага, які падчас перадвыбарчай кампаніі вырашыў сустрэцца з расейскім адвакатам Натальляй Весяльніцкай, якая абяцала яму нейкія дакумэнты з кампраматам на Гілары Клінтан. Бэнан назваў гэтую сустрэчу, у якой таксама ўдзельнічалі тагачасны кіраўнік перадвыбарчага штабу Трампа Пол Манафорт і зяць Трампа Джарэд Кушнэр, «здрадніцкай» і «непатрыятычнай». Такая прапанова Весяльніцкай, паводле яго словаў, павінна было справакаваць званок у ФБР.

Апанэнты Дональда Трампа ўжо ўхапіліся за гэтыя словы Бэнана як за пацьверджаньне падазрэньняў аб змове людзей Трампа і прадстаўнікоў Крамля. Сам прэзыдэнт Трамп адгукнуўся на гэтую фразу рэплікай пра тое, што пасьля таго, як Бэнан пакінуў Белы дом, Бэнана пакінуў розум.

Як лічыць амэрыканскі публіцыст, аўтар некалькіх кнігаў Дэйвід Сатэр, гэтая кніга заслугоўвае крытычнага стаўленьня:

«Я прачытаў вытрымкі з гэтай кнігі, паколькі кніга яшчэ не апублікаваная, і ў мяне склалася моцнае ўражаньне, што насуперак сьцьвярджэньням самога аўтара, ён атрымаў інфармацыю з другіх і трэціх рук. Сам аўтар ня быў удзельнікам падзей, якія ён апісвае. І калі нават многія з гэтых зьвестак адпавядаюць рэчаіснасьці, што не зьяўляецца відавочным, некаторыя людзі адпрэчваюць прыпісаныя ім фразы. Мы ня можам быць упэўненыя, што ён дакладна адлюстраваў атмасфэру гэтых падзей, што ведаў пра важныя дэталі. Напрыклад, калі ён кажа пра тое, што Трамп быў зьдзіўлены сваёй перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах, гэта не азначае, што Трамп пачаў кампанію з разьлікам на паразу. А гэта адно з самых сэнсацыйных, наколькі я разумею, адкрыцьцяў гэтай кнігі. Я б сказаў, што гэты твор, хутчэй, не заслугоўвае даверу.»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG