Ведамствам вызначаныя чатыры дакумэнты, якія абавязаныя весьці выкладчыкі — клясны журнал, каляндарна-тэматычнае плянаваньне, паўрочнае плянаваньне і дзёньнікі навучэнцаў. Для клясных кіраўнікоў гэты пералік крыху большы, агулам пяць пунктаў — клясны журнал, дзёньнікі, сацыяльна-пэдагагічная характарыстыка клясу, плянаваньне працы на паўгодзьдзе і асабістыя карткі вучняў.
«На практыцы паглядзім, але верыцца вельмі слаба, — пракамэнтавала рашэньне клясная кіраўніца 8-й клясы менскай гімназіі № 4 Алена Пісарчык. — А як жа нашы справаздачы, паперы, якія мы вядзём? Іх у нас, мабыць, ніхто ўжо не адбярэ. Па сутнасьці, мы выконваем працу намесьнікаў дырэктара, і калі ня будзем яе рабіць, нас папросту пачнуць дэпрэміраваць».
Паведамляецца, што пастанова прынятая ў мэтах выкананьня даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі, якія ён даў на рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе ў жніўні 2017 году. Ён тады заявіў, што галоўная задача настаўніка — вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасьцю.
Які аб’ём справаздач ускладаецца на плечы выкладчыкаў?
«Ёсьць дзёньнік кляснага кіраўніка — гэта таўшчэзны талмуд, напалову энцыкляпэдыя, — тлумачыць Алена Пісарчык. — Занатоўваю ўсё: што елі і колькі, куды хадзілі і колькі патрацілі, дзе і ў якіх умовах жывуць, ці ёсьць флікер на куртцы і г.д. Гэта без уліку бясконцых справаздач: колькі чаго правялі, у які музэй схадзілі, што паглядзелі ў тэатры. Ня толькі наведваем, але потым абавязкова справаздачымся, на слова ніхто ня верыць. Ня ведаю, ці гэта трэба дзеля статыстыкі, ці дзеля нейкіх іншых мэтаў — але паперы, паперы, паперы».
У ведамасным дакумэнце адзначаецца, што іншых дакумэнтаў, апроч пералічаных, настаўнікі запаўняць не павінны. Аднак ці будзе гэта рэалізавана на справе, пэдагогі сумняюцца.
«Пакуль сытуацыя такая: недастаткова проста натхняць дзяцей на вучобу, трэба ўсё гэта адлюстраваць на паперы, — працягвае Алена Пісарчык. — Хто на якую адзнаку скончыў у гэтай чвэрці, якія тэндэнцыі ў наступных. Усё трэба прааналізаваць. І папераў становіцца толькі больш — пяць пачкаў за навучальны сэзон расходуецца элемэнтарна. Прыходзіш на працу і кожны дзень чакаеш сюрпрызу — што неабходна да канца дня здаць. Не зрабіў — у чорны сьпіс. Добра, калі ты хоць падрыхтаваны, як было ў выпадку зь пераходам на безнаяўны разьлік за харчаваньне. А калі трэба раптам нешта выдаць, то гэта праблема. Неспрактыкаваным пэдагогам проста не зайздрошчу».
У апошнія гады настаўнікі ня раз наракалі, што надзвычай шмат часу даводзіцца аддаваць няпрофільнай працы — афармленьню шматлікіх справаздач.