У 2018 годзе ў беларускую армію прадоўжаць паступаць новыя ўзоры ўзбраеньня, паведаміў міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў у праграме «Галоўны навагодні эфір» тэлеканалу «Беларусь 1» увечары 31 снежня, піша БелаПАН.
Якія канкрэтна ўзоры, кіраўнік абароннага ведамства не сказаў. Пры гэтым адзначыў, што прыярытэты, якія вызначаны ў Пляне будаўніцтва і разьвіцьця Узброеных сілаў, — радыёлякацыя (пераўзбраеньне радыётэхнічных войскаў), радыёэлектронная выведка, радыёэлектронная барацьба, аўтаматызацыя працэсаў кіраваньня, бесьпілётныя лятальныя апараты, бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы, «таму што гэта дваццаць першае стагодзьдзе, гэта пэрспэктыва, гэта, па вялікім рахунку, перамога ў баі».
«У 2018 годзе беларускую армію чакае цяжкая, карпатлівая праца па выкананьні Пляну будаўніцтва і разьвіцьця Узброеных сілаў, які зацьверджаны нашым прэзыдэнтам. Яна выконваецца да коскі, таму што кіраўніком дзяржавы прыняты ўсе рашэньні адносна выкананьня гэтага пляну. І мы імкнемся іх без усялякіх заганаў выконваць. Усім неабходным для выкананьня гэтага пляну мы забясьпечаныя», — заявіў міністар абароны.