Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзікуноў» ня пусьцяць: вызначаны парадак «бязьвізавага» уезду на Берасьцейшчыну і Гарадзеншчыну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі зацьвердзіў парадак бязьвізавага ўезду ў турыстычныя зоны «Берасьце» і «Аўгустоўскі канал» — раней 10-дзённы «бязьвіз» для грамадзянаў 77 краінаў увялі для Берасьця, Горадні і асобных раёнаў вакол іх.

Паводле палажэньня, замежным турыстам трэба мець пры сабе пашпарт або дакумэнт, што яго замяняе, а таксама дакумэнт на права наведваньня «бязьвізавых» зонаў. Для атрыманьня такога дакумэнту неабходна замовіць тур ад апэратара, сэртыфікаванага ў Беларусі — значыць, турыстаў-«дзікуноў» не прапусьцяць.

У дакумэнце на права наведваньня агаворваецца дакладны тэрмін знаходжаньня турыста ў Беларусі, але ў турапэратара можна дакупіць турыстычныя паслугі на «дадатковыя» дні (сумарна ня больш за 10 дзён).

Калі турыст затрымаецца праз надзвычайныя абставіны (кшталту хваробы ці аварыі), ён ці яго прадстаўнік мусіць зьвярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў і папрасіць працягнуць тэрмін перабываньня. Калі турыст згубіць дакумэнт, то можа зьвярнуцца да турапэратара па копію.

Раней турысты мусілі так жа замаўляць туры ў турапэратараў для «бязьвізу» ў Горадні і ў зоне «Аўгустоўскі канал», але маглі ехаць у Белавескую пушчу без пасярэднікаў, замовіўшы паслугі наўпрост у адміністрацыі Нацыянальнага парку. Праз Нацыянальны аэрапорт «Менск» на 5-дзённы «бязьвіз» па-ранейшаму можна прылятаць «дзікуном» — без замаўленьня турыстычных паслугаў.

Падтрымліваюць беларускіх турапэратараў?

Як кажа Свабодзе галоўная рэдактарка парталу «Турызм і адпачынак» Лілія Кобзік, прынамсі ў Горадні турыстычныя паслугі трэба было замаўляць менавіта ў беларускіх, але не замежных апэратараў, сплаціўшы невялікія сумы кшталту 5-10 даляраў.

Лілія Кобзік, архіўнае фота
Лілія Кобзік, архіўнае фота

«Магчыма, дзяржава намагаецца рэгуляваць турыстычныя патокі, даючы нацыянальнаму турбізнэсу нейкі заробак, — разважае яна. — Магчыма, ідзе аналіз: што мы маем з гэтага бязьвізу? Ад грошаў зь візаў мы адмовіліся, якія грошы ўяжджаюць?

Магчыма, гэта робіцца, каб даць нейкую капейчыну турфірмам, якія цяпер знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане: увесь уязны турызм схіляецца да таго, каб ня мець такі канал як турфірмы, чалавек сам браніруе гатэль ці кватэру, групы едуць са сваімі гідамі і транспартам, ня вельмі харчуюцца ў нашых рэстарацыях...»

Яна мяркуе, што намаганьні дзяржавы кіраваць турыстычнымі плынямі — гэта правільна, але дапускае, што захады могуць быць і памылковымі: «гэта пытаньне практыкі, тут можна і памыліцца, патрэбная аналітыка».

«Бязьвізавыя» лічбы

Намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партны апублікаваў на Facebook сьвежыя лічбы пра «бязьвіз»:

  • Праз нацыянальны аэрапорт «Менск» бязь візы ў Беларусь трапілі больш за 77 тысяч чалавек з 67 краінаў.
  • У зону «Аўгустоўскі канал» і Горадню за год прыехалі 55 тысяч «бязьвізавых» турыстаў — у 10 раў больш, чым было да «бязьвізу».
  • Гарадзенскі рэгіён зарабіў на «бязьвізавых» турыстах каля 12 мільёнаў эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG