Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выжывуць беларускамоўныя «Вожык» і «Мастацтва» безь дзяржаўных субсыдый?


Часопіс "Вожык", карыкатура Міколы Гіргеля
Часопіс "Вожык", карыкатура Міколы Гіргеля

Са сьпісу сродкаў масавай інфармацыі, якія ў 2018 годзе атрымаюць дзяржаўную падтрымку, зьніклі два беларускамоўныя выданьні — часопісы «Вожык» і «Мастацтва».

Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў сьпіс паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі. У 2017 годзе ў ім было 26 выданьняў, а ў 2018-м — толькі 23.

«Вожык», які цяпер выходзіць як штомесячны часопіс выдавецкага дому «Звязда», быў утвораны ў 1945 годзе, да таго ад 1941 году выдаваўся як сатырычны плякат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У розныя часы ў «Вожыку» друкаваліся Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў. Часопіс мае вялізны архіў. Сёньня ўваходзіць у склад выдавецкага дома «Звязда».

Часопіс «Мастацтва» выдаецца з 1983 году. Яго заснавальнік — Міністэрства культуры Беларусі. Выдавец — рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва». Яго галоўным рэдактарам быў драматург Аляксей Дудараў.

Ці змогуць выжыць часопісы «Вожык» і «Мастацтва» безь дзяржаўнай падтрымкі?

«Людзі цяпер ня вельмі хочуць выпісваць „Вожык“»

Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара «Вожыка» Аляксандар Каршакевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што наклад «Вожыка» — 850 асобнікаў, а адзін нумар каштуе 4 рублі.

«Усё беларускамоўнае падтрымліваецца дзяржавай у любым выпадку, — кажа Каршакевіч. — І ёсьць розная магчымасьць падтрымліваць. А паколькі тут холдынг і шмат выданьняў, то ўсе дзяржаўныя дапамогі тут выкарыстоўваюцца дыфэрэнцыяльна. То бок падтрымка ёсьць. Справа ў тым, што людзі цяпер ня вельмі хочуць выпісваць „Вожык“. Бо з-за малога накладу даводзіцца падымаць кошт часопіса».

Антыамэрыканская прапаганда ў часопісе «Вожык»
Антыамэрыканская прапаганда ў часопісе «Вожык»

Паводле Каршакевіча, Міністэрства інфармацыі (заснавальнік выданьня) разаслала па арганізацыях ліст, у якім гаворыцца, што «Вожык» адносіцца да пажаданых для падпіскі выданьняў.

«Справа ў тым, што ёсьць абавязковыя. Абавязковыя — значыць пад прымусам. Бо калі іх не зрабіць такімі, ніхто, думаю, ня будзе выпісваць. А мы пажаданыя. Ёсьць такія ўстановы (напрыклад, бібліятэкі), якім пажадана выпісваць нас, а яны чамусьці больш выпісваюць папулярную газэту ці выданьні пра моду і кулінарныя рэцэпты», — кажа рэдактар гумарыстычнага часопіса.

Чаму ж «Вожык выпаў са сьпісу выданьняў, якім будзе аказана дзяржаўная падтрымка ў новым годзе?

«Лічыцца, што мы на самаакупнасьці ўжо з 2009 году. І калі падлічыць, атрымліваецца, што мы сябе самі ўтрымліваем, хоць у нас малы наклад і малая падпіска на нас. Але гэтых сродкаў хапае, каб акупіць і друк часопіса, і заробак тых пары супрацоўнікаў, якія яго ствараюць».

Антыамэрыканская прапаганда ў часопісе "Вожык"
Антыамэрыканская прапаганда ў часопісе "Вожык"

Паводле Аляксандра Каршакевіча, «адказныя асобы» абяцалі часопісу падтрымку.

«Мне сказалі, што дзяржава будзе падтрымліваць хоць самы малы наклад, бо гэта гістарычнае выданьне, якое было створана ў часы вайны. Тады была яшчэ газэта-плякат „Раздавім фашысцкую гадзіну“. Думаю, што празь некаторы час апамятаюцца ці вайсковыя арганізацыі, ці Міністэрства ўнутраных спраў, бо мы даём вельмі павучальныя фэльетоны і матэрыялы», — кажа рэдактар часопіса.

Аляксандар Каршакевіч упэўнены, што беларускі «Вожык» будзе выходзіць. А пра тое, што яго ня будуць падтрымліваць субсыдыямі, рэдакцыя ведала раней і падрыхтавалася.

Ніводная былая рэспубліка Савецкага Саюзу не ўтрымала сатырычныя часопісы

«Ніводная былая рэспубліка Савецкага Саюзу не ўтрымала сатырычныя часопісы. А ў нас часопіс „Вожык“ канструктыўна крытыкуе тое, што трэба зьмяніць. У нас вельмі разумны часопіс, ён займаецца выхаваньнем людзей».

«Такая вось дзіўная савецкая сыстэма​»

У бліжэйшым шапіку «Белсаюздруку» ў Менску карэспандэнту Свабоды сказалі, што туды не паступае для продажу ні «Вожык», ні «Мастацтва». У рэдакцыі «Мастацтва» сказалі, што ў Менску ў продаж паступае толькі 30 асобнікаў. Часопіс мае наклад каля 900. Кошт падпіскі на адзін месяц на 2018 год — 7,50 рубля (для прадпрыемстваў і арганізацый — 15 рублёў).

Намесьнік галоўнага рэдактара «Мастацтва» Зьміцер Падбярэскі сказаў карэспандэнту Свабоды, што сытуацыя пасьля выключэньня выданьня са сьпісу дзяржаўнай падтрымкі няпэўная.

Зьміцер Падбярэскі – журналіст, музычны крытык, пісьменьнік, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва»
Зьміцер Падбярэскі – журналіст, музычны крытык, пісьменьнік, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва»

«Летась было 26 выданьняў, і зь іх тры былі прыбытковыя, як казала яшчэ Лілія Ананіч. Цяпер ані „Вожыка“, ані „Здравоохранения“, ані „Мастацтва“ няма. Што гэта, у нас пакуль што ніхто ня ведае. Я гэтай сытуацыі не разумею. У нас жа сумеснае прадпрыемства з газэтай „Культура“. Па выніках 2016 году „Культура“ была ў плюсе, як „Вожык“ і „Здравоохранение“, а мы былі ў мінусе. „Культура“ засталася ў сьпісе, нас няма. Чаму?» — пытаецца Падбярэскі.

Але, як пазьней сказалі ў рэдакцыі "Мастацтва", грошай ад Міністэрства інфармацыі, якое разьмяркоўвае дзяржаўныя субсыдыі, яны ніколі не атрымлівалі, а існавалі за кошт прыбытку газэты "Культура".

Кніга міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча на паліцы крамы
Кніга міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча на паліцы крамы

Як адаб’ецца на рэдакцыі адсутнасьць дзяржаўных субсыдый, ці прывядзе гэта да скарачэньня?

Тут такая вось дзіўная савецкая сыстэма

«Я ня ведаю, бо скарачаць у нас і так няма каго. Ведамасны наклад, ад якога мы найбольш залежым, з кожным годам зьмяншаецца. Індывідуальная падпіска амаль у два разы таньнейшая за сабекошт часопіса. Таму ў індывідуальнай падпісцы мы не зацікаўленыя, бо чым яна большая, тым большыя выдаткі для нас. А з-за таго што скарачаецца колькасьць бібліятэк, дзіцячых мастацкіх установаў, зьмяншаецца іх бюджэт, то і ведамасная падпіска таксама падае. Тут такая вось дзіўная савецкая сыстэма», — кажа намесьнік галоўнага рэдактара «Мастацтва».

Цяпер рэдакцыя рыхтуе да выхаду новы нумар і спадзяецца, што сытуацыя стане больш зразумелай на пачатку новага году.

Напрыканцы верасьня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новым міністрам інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, а міністрам культуры — Юрыя Бондара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG