Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушанавальніка ахвяраў віцебскіх Курапат аштрафавалі за незаконнае пахаваньне парэшткаў

абноўлена

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Судзьдзя суду Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прызнаў сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава вінаватым паводле артыкула 23.43 КаАП РБ («Парушэньне заканадаўства аб пахаваньні») і пастанавіў пакараць штрафам памерам 5 базавых велічынь (115 рублёў).

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні складала кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага райвыканкаму Кацярына Воінава паводле заявы старшыні Мазалаўскага сельскага выканкаму Леаніда Дубіны.

Старшыні сельвыканкаму ўжо даўно вядома, што на падведамаснай яму тэрыторыі — у лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле — з 2014 году знаходзяць чалавечыя парэшткі.

Ужо двойчы ў гэтых мясьцінах працаваў адмысловы 52-гі пошукавы батальён, які зьбіраў парэшткі і артэфакты, каб высьветліць, да якога часу належыць невядомае пахаваньне.

Паводле сьведчаньняў мясцовых старажылаў, у 1937–38 гадах якраз у гэтым лесе адбываліся сталінскія расстрэлы, аднак улады адмаўляюцца гэта прызнаваць.

Прадстаўнік мясцовай адміністрацыі Леанід Дубіна засьведчыў у судзе, што натрапіў у інтэрнэце на публікацыю пра пахаваньне чалавечых парэшткаў, ініцыяванае спадаром Дзяржаўцавым. Старшыня сельвыканкаму кажа, што выехаў на месца і ўбачыў сымбалічныя магілы. Таксама да матэрыялаў справы быў далучаны відэаролік, дзе відаць, што чалавечыя парэшткі складаюць у труну ды закопваюць.

На думку спадара Дубіны, стваральнік ініцыятывы па ўшанаваньні памяці віцебскіх ахвяраў сталінізму парушыў заканадаўства аб пахаваньні, бо пахаваў парэшткі ў неналежным месцы.

Адкрывальнікам віцебскіх Курапатаў адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятывы

Дзяржаўцаў: «Вырашылі пахаваць, каб было па-людзку»

Ян Дзяржаўцаў перакананы ў адваротным. Ён лічыць, што зрабіў справядлівую і годную справу.

«Мы зь сябрамі падбіралі па лесе чалавечыя косткі ўжо пасьля таго, як адтуль зьехалі пошукавікі. Яны працавалі неахайна, сабралі ня ўсё, парэшткі дагэтуль можна знайсьці літаральна пад нагамі. І мы вырашылі пахаваць усе знойдзеныя косткі ў труне, каб было па-людзку», — кажа заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты».

Тое, што парэшткі пахавалі ў лесе, дзе гэтыя людзі загінулі, спадар Дзяржаўцаў таксама лічыць адзіна правільным выбарам.

Актывіст ужо некалькі разоў прапаноўваў надаць гэтай тэрыторыі статус мэмарыяльнай і належным чынам ушанаваць памяць ахвяраў. Але ідэя не знаходзіць падтрымкі ва ўладаў.

Спадар Дзяржаўцаў зьбіраецца абскардзіць судовае рашэньне.

На ягоную думку, суд некалькі разоў парушыў ягоныя правы, у тым ліку права карыстацца паслугамі перакладчыка і адваката. Ян Дзяржаўцаў заключыў дамову зь менскай адвакаткай Галінай Пархімчык, але яна хадайнічала аб пераносе працэсу на іншы дзень, бо была занятая. Суд Віцебскага раёну праігнараваў гэтую акалічнасьць, і Ян Дзяржаўцаў быў вымушаны бараніцца самастойна.

15 фактаў пра «віцебскія Курапаты», адкрытыя 3 гады таму

Чахольскі: Нельга судзіць чалавека за тое, што ён упарадкаваў парэшткі нявінных ахвяраў

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты, адзін зь кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі зьвяртае ўвагу на тое, што суд над Янам Дзяржаўцавым адбыўся ў так званы Дзень чэкіста:

«Вераб’іны лес каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну — месца расстрэлаў грамадзянаў Беларусі расейскім НКВД у 30-40-х гадах. З 2014 году, калі былі знойдзеныя парэшткі расстраляных людзей, сябрамі КХП БНФ была створаная ініцыятыва „Хайсы“, якая занялася добраўпарадкаваньнем гэтага месца і яго юрыдычным прызнаньнем праз звароты ў розныя органы. Сустракалі толькі перашкоды, супраціў і перасьлед. Кіраўнік ініцыятывы „Хайсы“ Ян Дзяржаўцаў сваю душу, свае сродкі, свой час уклаў у сьвятую справу адраджэньня памяці пра забітых продкаў.

Хачу, каб на гэтае дзікунства зьвярнулі ўвагу амбасадары эўрапейскіх краінаў і ЗША.

Вёў працэс судзьдзя Міхаіл Зубеня. Ян Дзяржаўцаў замовіў адваката, склаў зь ім дамову, аплаціў паслугі, але ў дзень суду адвакат удзельнічаў у іншым працэсе. Дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэта, копія дамовы і заява адваката аб пераносе паседжаньня былі прадстаўленыя. Яну Дзяржаўцаву было адмоўлена ў пераносе паседжаньня, і ён быў пазбаўлены права на абаронцу. Вось такі „суд“. Далей сьведчыў Леанід Дубіна, старшыня сельскага выканкаму. Суд працягваўся да 20 гадзінаў вечара. Вынік вядомы — штраф 115 рублёў.

Цікава было б паглядзець, каб гэтыя Дубіна ці Зубеня прыйшлі на магілы сваіх бацькоў ці дзядоў і ўбачылі, што магілы разрытыя, чарапы і косьці іх родных валяюцца на паверхні, каб яны пісалі чатыры гады скаргі па міліцыях, пракуратурах, сьледчых камітэтах, выканкамах, а за гэты час парэшткі іх блізкіх людзей расьцягнулі бы сабакі. Але прыйдзе час, і яны будуць стаяць на каленях перад расстрэльнымі ямамі ў Хайсах і Курапатах і прасіць прабачэньня ў тых, хто ляжыць у гэтых ямінах. Хачу, каб на гэтае дзікунства зьвярнулі ўвагу амбасадары эўрапейскіх краінаў і ЗША, бо нельга судзіць чалавека за тое, што ён упарадкаваў парэшткі нявінных ахвяраў, зрабіў хрысьціянскую, годную, маральную справу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG